Вы тут

Беларускія лётчыкі ўпершыню пасадзілі Су-25 на аўтатрасу ноччу


Што рабіць, калі падчас узброенага канфлікту праціўніку ўдалося часова вывесці са строю асноўны і запасны аэрадромы, а дапамога авіяцыі патрэбная, як ніколі? На такі выпадак у якасці ўзлётна-пасадачнай паласы могуць выкарыстоўвацца ўчасткі аўтамабільных дарог. Менавіта такі сцэнарый на трасе Мінск — Магілёў непадалёк ад Чэрвеня адпрацоўвалі беларускія ваенныя: на аэрадромны ўчастак трасы селі лёгкія вучэбна-баявыя штурмавікі Як-130, знішчальнікі МіГ-29 і штурмавік Су-25.


— Вядома, на звычайнае палатно самалёт сесці не можа, — гаворыць намеснік камандзіра 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага палка — галоўны інжынер Аляксандр ТАЛЕРЧЫК. — Пры будаўніцтве дарожных сетак у асобныя ўчасткі закладваюцца спецыяльныя характарыстыкі, якія дазваляюць саджаць на іх ваенную авіяцыю. Для падрыхтоўкі адрэзка для пасадкі мы задзейнічалі цэлы комплекс сродкаў наземнага і радыётэхнічнага забеспячэння. Сёння будзем адточваць і навыкі начной пасадкі, таму важным элементам становіцца светлавое абсталяванне, у тым ліку пасадачныя агні. У любым выпадку, прызямленне на дарогу — гэта найвышэйшы пілатаж. Дастаткова хаця б сказаць, што на звычайным аэрадроме 1-га класа ўзлётна-пасадачная паласа ў два разы шырэйшая.

...На вялікім экране адлюстравана паветраная прастора над усёй краінай. Вось з аднаго з ваенных аэрадромаў уздымаюцца самалёты, якія ўжо праз лічаныя хвіліны прадэманструюць найвышэйшы пілатаж. Цікава, што з шасці пілотаў пяцёра будуць садзіцца на аўтадарогу ўпершыню... Нарэшце з-за гарызонту з'яўляюцца ледзь заўважныя сілуэты. Колькі імгненняў — і Як-130 ужо праносяцца над нашымі галовамі. Першы заход — азнаямляльны, пілоты быццам прымяраюцца да нязвыклай пляцоўкі. Самалёты робяць невялікі круг і па чарзе садзяцца. Праз некаторы час аналагічны манеўр паўтараюць два МіГ-29.

Як расказаў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Алег ДВІГАЛЕЎ, раніцай гэтыя самалёты ўжо паўдзельнічалі ў вучэннях на палігоне пад Ружанамі. Лётчыкі «працавалі» па наземных цэлях і займаліся перахопам паветраных. Дарэчы, адстраляліся на «выдатна». Пасадка на аўтадарогу — гэта толькі заключнае мерапрыемства вялікай вайсковай трэніроўкі.

Пасля надыходу цемры пачынаецца самае цікавае. Спачатку нядаўняя пасадачная паласа становіцца ўзлётнай, і ў паветра адзін за адным уздымаюцца дазапраўленыя Які і МіГі. Праз колькі хвілін удалечыні з'яўляюцца агні — на пасадку заходзіць Су-25. У цемры сілуэт самалёта амаль нябачны, і немагчыма зразумець, па якой траекторыі ён рухаецца. Цяжка нават уявіць, наколькі складана ў такіх умовах пілотам: намесніку камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальніку авіяцыі Аляксандру КАРАВУ і камандзіру 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы Андрэю РАЧКОВУ. Першым разам машына праходзіць над дарогай на мінімальнай вышыні, шасі ледзь не дакранаецца да асфальту, але пасадкі няма — гэта зноў «прыкідка». Яшчэ адзін круг — і штурмавік ужо ўключае тармажэнне на імправізаванай паласе.

— Пасадка ноччу на аэрадромны ўчастак дарогі — задача няпростая, але пры добрай натрэніраванасці выканальная, — сказаў пасля Аляксандр Караў. — Такая практыка дазволіць нашай авіяцыі базіравацца фактычна ў любой кропцы Беларусі, як днём, так і ноччу.

— Заход на пасадку выконваецца на высокай хуткасці — прыкладна 300 кіламетраў у гадзіну. Асфальт цёмнага колеру таксама ўскладняе задачу, — дапоўніў свайго калегу Андрэй Рачкоў. — Тым не менш я ўпэўнены, што нашы лётчыкі гатовы да выканання такіх манеўраў.

Вынікі вучэнняў падводзіў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ:

— Падобныя пасадкі мы традыцыйна праводзім штогод. Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства было тое, што выкарыстоўваліся прынятыя нядаўна на ўзбраенне самалёты Як-130, якія паказалі сябе з найлепшага боку. Акрамя таго, упершыню на постсавецкай прасторы, а, магчыма, і ў свеце, на аэрадромны ўчастак дарогі ў начных умовах сеў штурмавік Су-25. Развіццё авіяцыі і тая абстаноўка, якая складваецца цяпер, прымушаюць лётчыкаў рызыкаваць і выконваць самыя складаныя манеўры, часам незапланаваныя. Але мы і надалей будзем рабіць усё, што неабходна для абароны нашай краіны. Якую выніковую адзнаку я магу паставіць? Найвышэйшую!

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Дарога ў неба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.