Вы тут

Нуль выкідаў CO2 як турыстычная «разынка»


Браслаўскі раён можа стаць першым кліматычна нейтральным муніцыпалітэтам Беларусі.


Сёлета ў красавіку наша краіна падпісала Парыжскае пагадненне па клімаце. Згодна з ім узяла на сябе абавязацельства зменшыць колькасць выкідаў парніковых газаў на 28% у параўнанні з паказчыкамі 1990 года. Адказнасць за гэтыя лічбы кладзецца на плечы кожнага горада краіны. Паступова яны далучаюцца да «пакта мэраў» — добраахвотнай ініцыятывы Еўрапейскага саюза, згодна з якой гарады бяруць на сябе абавязацельствы па ўстойлівым развіцці энергетычнага сектара ў сваім муніцыпалітэце і скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу не менш, чым на 20% да 2020 года.

Браслаў падпісаў «пакт мэраў» у канцы 2014 года. Гораду пашанцавала: падаўшы заяўку на ўдзел у праекце Еўрасаюза, ён атрымаў фінансавыя сродкі для правядзення дэманстрацыйных энергаэфектыўных мерапрыемстваў. У рамках праекта эксперты правялі аналіз спажывання энергіі Браслаўскім раёнам, зладзілі дэманстрацыйныя энергаэфектыўныя мерапрыемствы. Ініцыятыва аказалася настолькі ўдалай, што ў рамках іншага праекта было вырашана зрабіць Браслаўскі раён першым беларускім кліматычна нейтральным муніцыпалітэтам: гэта значыць, з дапамогай кампенсацыйных мер выкіды вуглякіслага газу будуць зведзены да нуля. Новы праект рэалізуецца да верасня 2018 года.

— Браслаўскі раён выдатна падыходзіць для такога праекта, — адзначыў намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Міхаіл ПЛІСКО. — У раёне няма буйной прамысловасці, пераважаюць сельскагаспадарчая вытворчасць і сфера паслуг. «Разынкай» Браслаўшчыны з'яўляецца турызм. Тут ёсць усе перадумовы для падрыхтоўкі і рэалізацыі праграмы па істотным скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу.

Браслаўшчына можа дасягнуць кліматычнай нейтральнасці дзякуючы лясам, якія, як вядома, паглынаюць шмат CO2. На кацельнях можна адмовіцца ад торфу і выкарыстоўваць мясцовыя віды экалагічнага паліва: дранку, салому. Аднак гэта толькі прыкладныя стратэгічныя кірункі.

— Цяпер трэба прыдумаць, што неабходна зрабіць для таго, каб раён стаў кліматычна нейтральным да 2030 года. Для гэтага мы распрацуем доўгатэрміновы план дзеянняў і пачнём яго рэалізацыю, — расказаў кіраўнік праекта «Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі» Дзмітрый БУРОНКІН.

Стратэгічны план развіцця раёна будзе распрацаваны з улікам прапаноў насельніцтва і грамадскіх арганізацый. Яго падмуркам стане базавае экспертнае даследаванне выкідаў і спажывання вуглякіслага газу ў раёне. Ва ўдзельнікаў праекта будзе магчымасць пераняць лепшыя практыкі ў азнаямляльных турах па еўрапейскіх гарадах, якія ўжо працуюць у галіне кліматычнай нейтральнасці.

Дарэчы, кліматычная нейтральнасць можа стаць прывабнай турыстычнай «разынкай» раёна. Для турыстаў плануецца стварыць маршрут па мясцінах, дзе праведзены кліматычна нейтральныя мерапрыемствы. Браслаўшчыне прапануюць зменшыць транспартную нагрузку, выкарыстоўваючы дружалюбны да прыроды транспарт — веласіпеды. У Браслаўскім музеі з'явіцца выстаўка па энергаэфектыўнасці «Браслаў 2030 года», якая пакажа экалагічную будучыню раёна. Не абыдуць бокам і саміх гараджан: для розных мэтавых аўдыторый прэзентуюць практычныя рэкамендацыі па энергазберажэнні ў побыце. У горадзе з'явіцца грамадскі інфармацыйны цэнтр па энергаэфектыўнасці.

Ужо сёлета ў Браславе збіраюцца замяніць участак цеплатрасы і паставіць лямпачкі святлодыёднага асвятлення ў горадзе (мяркуецца замяніць 5% гарадскога асвятлення). У дзіцячым садку будзе ўстаноўлены сонечны калектар, а ў шматпавярховым доме — цеплаабменнікі. Грамадскія месцы будуць абсталяваны аднаўляльнымі крыніцамі энергіі. Кожнае мерапрыемства скарачае спажыванне энергіі канкрэтнага аб'екта на 20-30%. Агулам кіраўнікі праекта ставяць перад сабой мэту знізіць энергаспажыванне ўсяго раёна на 1-2%, што дазволіць сэканоміць вялікія энергетычныя і грашовыя рэсурсы.

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.