Вы тут

Героі канапавага спорту


На мінулым тыдні ў Расіі адбылася без сумнення эпахальная падзея — Міністэрства спорту суседняй дзяржавы афіцыйна прызнала камп'ютарныя гульні спартыўнай дысцыплінай. Насамрэч упершыню гэта адбылося яшчэ 15 гадоў таму, але ў 2006-м кіберспорт страціў свой высокі статус. А вось цяпер вярнуў. Зараз расійскія аматары відэагульняў могуць станавіцца так званымі КМС-мі і МС-мі, а спаборніцтвы па «танчыках», DotA 2 і іншаму — праводзіцца пад эгідай Мінспорту.


Я вельмі люблю спорт. І амаль гэтак жа моцна люблю камп'ютарныя гульні. Разам з сябрамі мы можам правесці суботу з мячом на рэальным стадыёне, а нядзелю — на віртуальным, гуляючы дзень напралёт у FІFA 16 на прыстаўцы.

Але я катэгарычна супраць таго, каб аматараў праводзіць вечар з мышкай ці джойсцікам у руцэ лічылі спартсменамі. Бо такі лад жыцця дыскрэдытуе само слова «спорт».

Адразу пасля з'яўлення навіны ў медыяпрасторы інтэрнэт адрэагаваў шквалам жартаў на гэту тэму. Скажам, распаўсюджаныя ў матывацыйных пабліках карцінкі, на якіх знаходзяцца выявы мускулістых мужчын з подпісамі кшталту «спартыўныя хлопцы-прыгажуны», перарабілі, замяніўшы іх на фота «не самых падцягнутых» геймераў з тым жа тэкстам. Ну і пра «кандыдатаў у майстры «Доты» нажартаваліся напоўніцу.

Але ў гэтых жартах ёсць рацыянальнае зерне — геймерства, асабліва ў «прафесійным» яго выглядзе, ну ніяк не цягне на гучнае званне «спорт». Адзін мой знаёмы, які зарабляў сабе на жыццё развіццём і продажам герояў у ролевай анлайн-гульні, аднойчы не выходзіў з кватэры... два месяцы. Самай вялікай фізічнай актыўнасцю для яго ў гэты час былі падарожжы на кухню і ў прыбіральню. Калі вы лічыце, што цяперашнія кіберспартсмены ў перапынках паміж трэніровачнымі бойкамі за камп'ютарам выходзяць на прабежкі, то таксама памыляецеся.

Пра ўплыў камп'ютара на арганізм расказваць лішні раз, я думаю, не трэба. Акрамя псавання зроку і паставы, ёсць цэлы шэраг прычын рэкамендаваць знаходзіцца за маніторам як мага менш часу. Згодны, прафесійны спорт — траўманебяспечны. Але калі, скажам, прафесійны футбол папулярызуе аматарскі (які звычайна гульцу нічым не пагражае), то кіберспорт, што прафесійны, што не, здароўя яшчэ нікому не дабавіў.

Многія абураюцца: «Дык і шахматы, і кёрлінг, і дартс, і шмат чаго яшчэ спортам лічацца ўжо многія гады, чым горшы кіберспорт?» Так, але, на мой погляд, названыя вышэй віды трэба хутчэй выкрасліць са спартыўных класіфікатараў, а не дадаваць да іх яшчэ адзін. Пры ўсёй несумненнай вартасці шахмат фізічнаму развіццю чалавека яны спрыяюць мала. А спорт, пры ўсіх акалічнасцях і інтэрпрэтацыях слова, — гэта ў першую чаргу культ чалавечага цела і яго магчымасцяў. Вельмі не хочацца, каб здарылася сітуацыя, якую некалі абыгрывала каманда КВЗ БДУ — матч чэмпіянату свету па картачнай гульні ў «дурня» за званне дурня свету.

Паверце, мне вельмі балюча, калі я праязджаю побач са школай, у якой вучыўся — на стадыёне, дзе калісьці стаялі чэргі з хлопаў, якія хацелі пагуляць у футбол, цяпер пуста.

Аднойчы ўзрадаваўся, убачыўшы рознакаляровыя футболкі, прыгледзеўся — а ў пары гульцоў зусім не дзіцячыя бароды. Здаецца, надышоў той час, калі хлопчык у бутсах выклікае павагу сам па сабе. Нядаўна размаўляў з былым настаўнікам па фізкультуры — той шчыра здзіўлены, што многія яго вучні не могуць злавіць кінуты мяч, бо амаль не трымалі гэты прадмет у руках і маторыка ў іх зусім не развітая. Затое, упэўнены, з камп'ютарнай мышшу яны спраўляюцца значна лепш.

Вяртаючыся да тэмы кіберспорту, скажу толькі вось што. Здаецца, што прызнанне камп'ютарных гульняў відам спорту ў шэрагу краін — гэта ўсяго толькі вынік кручэння велізарных грошай у гэтай сферы. Чэмпіёны па DotA 2 атрымліваюць ганарары, якія нават не сніліся многім лёгкаатлетам. Каментатары чэмпіянатаў па World of Tanks у сацсетках абыходзяць па папулярнасці сваіх тэлевізійных калег. Камп'ютарныя турніры збіраюць аўдыторыю, нашмат большую за спаборніцтвы ў самых папулярных відах атлетыкі. Так, геймерства займела ўсе атрыбуты сапраўднага спорту, але ці стала праз гэта спортам? Не думаю.

lyskavets@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.