Вы тут

Не спыняцца на дасягнутым


У Мінску сустракалі палярнікаў.


 

— Сёлета мы выконвалі чатыры з пяці навуковых заданняў, уключаных у апошнюю пяцігадовую дзяржпраграму даследаванняў у Антарктыцы, — расказаў начальнік 8-й беларускай антарктычнай экспедыцыі, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Аляксей ГАЙДАШОЎ. — Гэта даследаванні па фізіцы атмасферы, азонавым слоі, геафізіцы, а таксама біялогіі і мікрабіялогіі. Адбор проб, праца з прыборамі (дарэчы, пераважная іх частка распрацавана айчыннымі спецыялістамі) — нягледзячы на сур'ёзныя маштабы работ, у тым ліку па мантажы новай станцыі, навуковая праграма была рэалізавана ў поўнай меры.

Па словах начальніка экспедыцыі, новыя модулі беларускай антарктычнай станцыі ў палявых умовах паказалі сябе выдатна. "Гэта той выпадак, калі без перабольшвання можна ганарыцца, гаворачы "зроблена беларусамі" і "зроблена ў Беларусі" — адзначыў ён. Канструктыўная канцэпцыя (станцыя складаецца з асобных модуляў, сабраных на Вялікай зямлі) цалкам сябе апраўдала. Мантаж адбываўся без выкарыстання спецтэхнікі (за выключэннем верталётаў, якія даставіла модулі з карабля на мацярык), звычайнымі інструментамі.

Дарэчы, расійскія калегі, якія дапамагалі нашым у дастаўцы станцыі ў Антарктыду, засталіся пад уражаннем ад беларускай распрацоўкі. Айчынная канцэпцыя будаўніцтва ў палярных умовах зацікавіла расіян сваёй зручнасцю, хуткасцю мантажу і эканамічнасцю, бо цяпер у асваенні Антарктыкі звычайна выкарыстоўваецца працаёмкі і дарагі спосаб капітальнага будаўніцтва. Магчыма, ужо ў найбліжэйшы час зацікаўленасць перарасце ў рэальныя фінансавыя дамоўленасці па набыцці аналагічных модуляў для расійскіх станцый.

— Я хачу падкрэсліць, што тое, што было зроблена падчас гэтай экспедыцыі, — толькі першая "цагліна" ў комплексе будучай беларускай антарктычнай станцыі, — зазначыў Аляксей Гайдашоў. — Мы не маем права спыняцца на ўжо дасягнутым. Колькі мы цяпер бачым прыкладаў, калі гучная праекты спыніліся якраз на гэтай стадыі, а пасля параслі бур'яном. Нашу задуму па амбіцыёзнасці без перабольшвання можна параўнаць з планамі па асваенні касмічнай прасторы. І мы абавязаны давесці гэты значны нацыянальны праект да лагічнага завяршэння. Канструктыўны падыход з боку Нацыянальнай акадэміі навук дазваляе не проста спадзявацца, але і быць упэўненымі ў тым, што Беларусь у Антарктыду прыйшла надоўга.

Наступны аб'ект, які плануецца ўзвесці ў раёне Гары Вячэрняй, — васьмісекцыйны. У яго складзе будуць санітарна-гігіенічны (з лазняй і пральняй), медыцынскі, лабараторны і жылы модулі. Ужо сёлета плануецца ўсталяваць для іх агульную платформу, а таксама зманціраваць дзве ці тры секцыі з усяго "камплекта". Пры гэтым функцыянал асобных модуляў будзе даступны ад моманту устаноўкі. Перамовы па лагістыцы з расійскім калегамі ўжо ідуць.

— Галоўнае, што экспедыцыя вярнулася, усе жывыя-здаровыя, — сказаў падчас сустрэчы старшыня прэзідыума НАН Уладзімір ГУСАКОЎ. — Матэрыялы, якіх сабрана нямала, будуць прадстаўлены спецыяльнай камісіі. Думаю, працы хопіць на год — да вяртання наступнай экспедыцыі. Работа была зроблена вельмі маштабная, таму, думаю, нашых палярнікаў без перабольшвання можна назваць героямі. Вельмі важна, што Беларусь з'яўляецца паўнавартаснай удзельніцай даследаванняў у Антарктыдзе. Галоўная наша мэта цяпер — атрымаць статус кансультатыўнага боку ў Дагаворы па Антарктыцы.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Эканоміка

У сельскай гаспадарцы трэба кардынальна мяняць павышэнне кваліфікацыі

У сельскай гаспадарцы трэба кардынальна мяняць павышэнне кваліфікацыі

«МС» пагутарыла з вядомым у Беларусі вучоным-аграрыем.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.