Вы тут

«Манеты — найбольш сапраўдныя з усіх грошай...»


Упершыню за найноўшы перыяд гісторыі Беларусі краіна атрымала ўласныя манеты. Аднак насамрэч усё наша мінулае было прасякнута выкарыстаннем менавіта гэтага сродку аплаты... Пра тое, як змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу амаль дзвюх тысяч гадоў, можна даведацца на выставе «Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля», якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Гісторыя грашовага абарачэння, прадстаўленая тут, адлюстроўвае гісторыю краіны, змены дзяржаўных утварэнняў і палітычнага ладу на беларускіх землях.

Пра асаблівасці сучасных грошай, якія працягнулі беларускую манетна-банкнотную традыцыю, на адкрыцці выставы расказаў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацыянальнага банка Беларусі Віктар САСНОЎСКІ:

— У абарачэнне выйшлі грошы 2009 года. На пытанне, чаму менавіта гэтага часу, я адкажу, што падрыхтоўка да дэнамінацыі Нацыянальным банкам вялася ўжо даўно. Заказ на выраб новых грошай мы размясцілі яшчэ ў 2008 годзе. Меркавалася, што 1 студзеня 2009 года яны выйдуць у абарачэнне. Таму і на банкнотах стаіць 2009 год. Аднак тады здарыўся сусветны фінансавы крызіс, што не дазволіла нам увесці гэтыя грошы. Макраэканамічная сітуацыя ў краіне стабілізавалася, ідзе трэнд на зніжэнне ўзроўню інфляцыі, таму цяпер запушчаны новыя грошы. У гісторыі суверэннай Беларусі ўведзены першыя манеты. Апошнія, што былі на тэрыторыі краіны, — савецкія. У нас вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, якія не памятаюць і не ведаюць увогуле, што такое манеты. Таму ў насельніцтва была пэўная насцярожанасць з-за ўводу манет. Але я вас запэўніваю, што мы хутка адаптуемся і прывыкнем літаральна за тыдзень. Пры распрацоўцы канцэпцыі дызайну банкнотаў і манет мы кіраваліся тым, што трэба выпусціць 7 новых наміналаў. Акурат кожнай вобласці і гораду Мінску дастаўся асобны грашовы знак са сваім помнікам архітэктуры, што ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

На выставе можна ўбачыць манетныя скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі нашай краіны. Дзве мастацкія інсталяцыі ўвасабляюць розныя сітуацыі, звязаныя з грашовым абарачэннем. «Знаходка скарбу» паказвае момант раскрыцця каштоўнасці, а «Кабінет нумізмата» рэканструюе працоўнае месца калекцыянера ХІХ стагоддзя. Інтэрактыўны элемент гэтага праекта — дэтэктар банкнотаў, на якім кожны ахвотны можа спраўдзіць аўтэнтычнасць сваіх папяровых грашовых знакаў.

Карэспандэнт «Звязды» задала некалькі пытанняў кансультанту выставы, загадчыку вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ Віталю СІДАРОВІЧУ, каб лепш зразумець, якое месца манеты займаюць у беларускай гісторыі:

— Віталь Міхайлавіч, наколькі актыўна нашы продкі карысталіся манетамі?

— Гэтай выставай мы імкнуліся паказаць, што на працягу ўсёй беларускай гісторыі выкарыстоўваліся манеты. Яны не дзіва дзіўнае, як думаюць многія маладыя людзі, што досыць насцярожана ўспрымаюць увядзенне манет. Гэта наша гісторыя: многія пакаленні продкаў карысталіся манетамі, і для іх гэта было абсалютна нармальна. На выставе можна прасачыць гісторыю манет: ад іх з'яўлення яшчэ ў ІІ стагоддзі да савецкага перыяду.

— Ці ёсць нейкая перавага ў карыстанні манетамі?

— Безумоўна. Гэта выстава паказвае, якімі грошы павінны быць насамрэч. Справа ў тым, што манета звычайна цанілася не па тым, што на ёй напісана, а па сваім сабекошце. Сучасныя папяровыя грошы разлічаны фактычна на наш давер свайму ўраду — мы проста прымаем тое, якая сума на іх напісана, і згаджаемся. Аднак насамрэч гэта толькі папера і фарба. А вось сярэбраная ці залатая манета — сама па сабе каштоўная рэч. Натуральна, на ёй ёсць пэўны надпіс. Але вартасць забяспечваецца ёй самой. Да грошай у іх сучасным разуменні (папяровых) людзі больш-менш прызвычаіліся толькі ў XІX стагоддзі. А дагэтуль карысталіся выключна манетамі.

— Манеты, якія з'явіліся ў нас, адпавядаюць гэтаму крытэрыю ўласнай каштоўнасці?

— Крыху не, бо не ходзяць па сабекошце. Аднак у карыстанні манетамі ўжо некалькі стагоддзяў не прытрымліваюцца гэтага правіла. Збольшага, яны выконваюць тую ж функцыю, што і папяровыя грошы. Адзінае, яны будуць больш даўгавечнымі, — гэта асноўны плюс іх увядзення. Будзем спадзявацца, што інфляцыя не зробіць беларускія манеты музейнымі экспанатамі.

— Напэўна тое, што грошы робяцца з некаштоўных металаў, дапамагае істотна эканоміць?

— Так, да гэтага прыйшлі ўсе краіны. Сучаснай эканоміцы больш зручна, што не грошы самі забяспечваюць свой кошт, але ён гарантуецца пэўным запасам. Гэта дапамагае пазбегнуць адтоку грошай з адной краіны ў іншую. Гэта больш адпавядае нашаму часу. Я ні ў якім разе не заклікаю вяртацца да карыстання срэбрам ці золатам. Аднак у даўнія часы, на маю думку, грошы былі больш сапраўднымі...

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.