Вы тут

Чаму людзі трапляюць у рабства?


Здавалася б, жывём у час, калі кожны ўсё ведае пра асабістую бяспеку, а інфармацыя пра яе гучыць з кожнай радыёкропкі, прапісана на тысячах сайтаў. Аднак людзі працягваюць рабіць памылкі, трапляюць у пасткі і ператвараюцца ў рабоў без грамадзянскіх правоў, дакументаў. Паводле інфармацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 2012 годзе ахвярамі гандлю людзьмі сталі выхадцы з 154 краін. На жаль, і Беларусь не з'яўляецца выключэннем з правілаў...


«Гандаль людзьмі існуе па ўсім свеце»

— Гандаль людзьмі — гэта з'ява, якая існуе ў кожнай краіне, — падчас адмысловай прэс-канферэнцыі заўважыў Зэйнал Гаджыеў, кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі. — Па ацэнках экспертаў сёння ў свеце налічваецца 21 мільён яго ахвяр. І не выпадкова барацьба з гэтай з'явай адлюстравана ў некалькіх дакументах ААН па ўстойлівым развіцці да 2030 года.

— 21 мільён — гэта крыху меней, чым насельніцтва ўсяго аўстралійскага кантынента, гэта ў два разы больш насельніцтва Беларусі, — дадае Кацярына Паніклава, намеснік пастаяннага прадстаўніка праграмы развіцця ААН у Беларусі. — Вось з такімі маштабамі мы сёння маем справу. Самы распаўсюджаны спосаб трафікінга — сексуальнае рабства. Ахвярамі становяцца пераважна жанчыны і дзяўчынкі. Другой па значнасці формай рабства з'яўляецца прымусовая праца, адна з самых згубных з'яў для чалавека. Гэта від дзейнасці, што цалкам знішчае свабоду выбару, жыцця і перамяшчэння.

За апошнія сямнаццаць гадоў беларускія праваахоўныя органы дасягнулі пазітыўнай дынамікі ў гэтым пытанні. Як падкрэсліў Андрэй Саладоўнікаў, выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі, міліцыя стараецца працаваць на папярэджанне злачынстваў, звязаных з эксплуатацыяй чалавека, педафіліяй, распаўсюджваннем парнаграфіі. Калі верыць статыстыцы, найбольшую колькасць здарэнняў па артыкуле «Гандаль людзьмі» выявілі ў 2005 годзе — 159 фактаў. За апошнія пяць гадоў штогод выяўляюцца не больш 10 падобных злачынстваў. Нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна трапляюць у пастку сучасных гандляроў «жывым таварам». Беларусы сярод такіх няшчасных не рэдкасць. З 2002 года з 5298 ахвяр гандлю людзьмі сексуальнай эксплуатацыі падвергліся 4693 чалавекі.

Сумная геаграфія

Наша краіна найчасцей з'яўляецца радзімай такіх ахвяр. Некаторых жанчын адразу падманваюць, прапануючы добрыя ўмовы працы, а іншыя загадзя ведаюць, чым будуць займацца. Толькі яны не вераць у тое, што застануцца за мяжой без аніякіх правоў. Як лічыць Уладзімір Емяльянаў, намеснік начальніка другога ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС, афіцыянтка, пакаёўка, прыбіральшчыца — гэта часцяком не патэнцыйная прафесія, а прыхаваны метад вярбоўкі ахвяры.

— Трафікёры на месцы не сядзяць, — кажа суразмоўца. — І калі раней было запатрабавана знаходзіць ахвяр падманам, цяпер дзейнічаюць інакш. Яны загадзя знаходзяць патрэбных ім жанчын і наўпрост кажуць, што яна будзе працаваць прастытуткай. Ёй абяцаюць добры заробак, але калі дзяўчына прыязджае на месца «працы», усведамляе, што ўсё зусім не так, як ёй абяцалі. Яна трапляе ў краіну з іншай культурай, незнаёмай мовай і становіцца залежнай ад свайго вярбоўшчыка, выконвае яго волю.

Для сексуальнай працы трафікёры найчасцей перапраўляюць беларусак у Турцыю, Расію, краіны Еўрасаюза. За першае паўгоддзе МУС перакрыла 12 каналаў вывазу людзей у 5 краін свету: у Расію — 5,  Турцыю — 4, Аўстралію, Кіпр, Кітай — па адным.

Што цікава, Беларусь таксама выкарыстоўваюць як пункт дастаўкі «жывога тавару». З 2006 года да нас для рабскай працы накіроўвалі грамадзян В'етнама, Расіі, Украіны і Малдовы.

Каб пазбегнуць адказнасці, самі трафікёры стараюцца не прыязджаць да нас, шукаюць людзей праз інтэрнэт, сустракаюць іх ужо ў краіне прызначэння. Хоць самыя адважныя рабілі інакш, на чым і пагарэлі. У МУС расказалі, што асобныя замежнікі выкарыстоўваюць беларускія крымінальныя сувязі, каб наладзіць вярбоўку жанчын для прастытуцыі. Пры такіх сітуацыях міліцыя стараецца прадухіліць выезд жанчын за мяжу. Толькі за гэты год праведзена чатыры аперацыі па затрыманні трафікёраў, арыштавалі восем чалавек. Чатыры аказаліся жыхарамі Расіі, адзін — грамадзянін Германіі. Беларусаў у гэтай невясёлай кампаніі — трое. Адзін з трафікёраў — жанчына, якая стварыла нават спецыяльны сайт і падбірала прастытутак у Беларусі для далейшай работы ў Турцыі. Жахлівы бізнес аказаўся для яе даволі прыбытковым. Пра ўсё скажуць лічбы. Пры вышуку праваахоўнікі выявілі ў яе больш за 360 тысяч долараў...

Секс-турызм — новыя выклікі для міліцыі

Калі бачыш па тэлебачанні сюжэт пра інтымны турызм, адразу прыгадваеш экзатычныя краіны, куды дзеля яго адпраўляюцца натоўпы заклапочаных турыстаў. Беларусь — краіна не экзатычная, аднак і гэты від адпачынку дабраўся да нашых ваколіц. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Уладзімір Емяльянаў сказаў, што падобныя выпадкі хоць і нешматлікія, але ўсё роўна фіксуюцца на працягу апошняга дзесяцігоддзя.

— Такая з'ява характэрна пераважна для сталіцы, — кажа суразмоўца. — Усё ж такі гэта абумоўлена тым, што ў Мінску шмат казіно, начных клубаў, другіх забаўляльных устаноў... Адзін грамадзянін Турцыі арганізаваў цэлую сетку здымных кватэр, у якіх нашы дзяўчаты працавалі прастытуткамі. Мэтай прыезду туркаў, якіх ён запрашаў, значылася азнаямленне з выдатнымі мясцінамі Беларусі. Праўда, цікавілі іх выключна інтымныя ўцехі. Праз некаторы час на гэтым папаўся яшчэ адзін турак. Наша заканадаўства дазваляе плённа працаваць у гэтым кірунку і прыцягваць вінаватых да адказнасці. Спадзяёмся, тыя людзі, якія патрапілі пад яе, здолеюць данесці сваім суайчыннікам, што такім бізнесам займацца ў нашай краіне не трэба.

Тарас ШЧЫРЫ

Загаловак у газеце: Забі ў сабе раба

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.