Вы тут

Як адзначылі 140-гадовы юбілей чыгуначных войскаў у Слуцку


Нядаўна ў Слуцку было на што паглядзець аматарам ваеннай тэхнікі — над горадам праносіліся баявыя самалёты, у паветры гучала страляніна, раздаваліся выбухі... Так на базе 30-й асобнай Чырванасцяжнай чыгуначнай брыгады адзначаўся 140-гадовы юбілей чыгуначных войскаў. На ўрачыстых мерапрыемствах пабывалі і карэспандэнты «Звязды».


Галоўнымі героямі свята ў Слуцку сталі ветэраны: дзясяткі былых вайскоўцаў усіх узростаў сустракаліся на ўездзе на тэрыторыю брыгады. Моцныя поціскі рук, радасныя абдымкі — многія сустрэчы былі вельмі эмацыянальнымі. Частка гасцей адразу ж адпраўлялася на ўрачысты малебен аб воінах-чыгуначніках, што праходзіў у храме Благавернага князя Аляксандра Неўскага пры вайсковай часці.

— Заўжды з вялікім задавальненнем прыязджаю на такія святочныя мерапрыемствы, — кажа ветэран чыгуначных войскаў, дырэктар Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў ДТСААФ, генерал-маёр у адстаўцы Анатоль СЦЯПУК. — Асабіста я аддаў чыгуначным войскам 44 гады свайго жыцця, таму для мяне яны значаць вельмі шмат. Калі цяпер прыходзіць маладое папаўненне, я магу гадзінамі распавядаць навабранцам пра гісторыю, знакамітыя будоўлі, у якіх браў удзел. У маю бытнасць камандзірам брыгады мы паднялі цэлы гістарычны пласт, каб даведацца больш пра мінулае чыгуначных войскаў у краіне і знайшлі шмат цікавага. Скажам, падчас аперацыі «Баграціён» у вызваленні Беларусі ўдзельнічала 14 чыгуначных брыгад: яны забяспечвалі падвоз матэрыяльнага забеспячэння для трох франтоў, а кіраваў працэсам асабіста Сталін. А ці ведалі вы, што ў чыгуначных войсках служыў Янка Купала? Аказваецца, ён працаваў у будаўнічым дарожным батальёне на нарыхтоўцы драўляных шпал, таму паэт, лічыце, таксама наш сябра па зброі.

Свята чыгуначных войскаў не абмінулі ўвагай і жыхары Слуцка — на тэрыторыю брыгады многія прыходзілі цэлымі сем'ямі. Малодшым гледачам прыйшлася даспадобы выстаўка ўзбраення, тэхнікі і ваеннай формы савецкіх часоў. Да месца была і палявая кухня, што развярнулася побач са стадыёнам часці. Але галоўнае пачалося пазней — спачатку цікаўныя маглі пазнаёміцца са зброяй і тэхнікай, што стаіць на ўзбраенні чыгуначных войскаў цяпер (чаго варты толькі велізарныя ўкладчыкі рэек і грузавікі з магутнымі маніпулятарамі!) і паназіраць за выкананнем нарматываў падраздзяленнямі чыгуначнай брыгады. Пасля прысутных забаўлялі паказальным выступленнем ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый. Кульмінацыяй шоу стаў паказ адбіцця паветранага нападзення, а таксама ліквідацыі дыверсійна-разведвальнай групы і тушэння пажару.

— Майго мужа пасля інстытута накіравалі па размеркаванні служыць сюды ў часць, — усміхаецца глядачка Таццяна БЕЛЯНКОВА, калыхаючы ў руках немаўля. — Маем траіх дзяцей і з задавальненнем жывём у Слуцку, нам тут падабаецца. На падобныя мерапрыемствы прыходзім штогод, вось і сёння муж паклікаў нас паназіраць за ўрачыстасцямі. І для мяне, і для дзяцей гэта вельмі цікава, такі адпачынак можна лічыць сямейнай традыцыяй, якая даспадобы ўсім.

— Я прызваўся ў войска ў лістападзе 2015 года, — успамінае камандзір аддзялення плаваючага самаходнага капра (ПСК), радавы Анатоль РАМАНОВІЧ. — Мой галоўны абавязак — гэта кіраўніцтва асабовым саставам. Тэхніка ў нас добрая, працуем на мадыфікаваным ПСК 2x500, гэта машына дапамагае забіваць драўляныя палі масай да 800 кілаграмаў як на зямлі, так і ў вадзе. Сёння мы якраз прадэманстравалі гэты працэс, зрабілі ўсё за 14 хвілін пры нарматыве ў 18-20. Як стаўлюся да свята? Шчыра скажу: я ганаруся тым, што трапіў менавіта ў гэтыя войскі, мне тут даспадобы. І свята выйшла на славу: усё прыгожа, шмат людзей.

Павіншаваць беларускіх воінаў-чыгуначнікаў прыехалі калегі з Расіі і Украіны. Яны ўзялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, падчас якога кіраўнікі дэлегацый усклалі кветкі да помніка герою Савецкага Саюза Віктару Мірашнічэнку, які загінуў пры падрыве чыгуначнага моста. Пасля ўсе разам наведалі музей чыгуначных войскаў на тэрыторыі часці.

— У Беларусь я прыязджаю не ўпершыню, — распавядае глава адміністрацыі Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту Украіны, генерал-лейтэнант Мікалай МАЛЬКОЎ. — У 2002 годзе быў у Жлобіне, дзе раней дыслацыравалася брыгада, і ўжо тады ўпэўніўся, што нам ёсць чаму павучыцца ў беларускіх калег. Мы вельмі шмат вынеслі для сябе па пытаннях службы войскаў, утрымання тэхнікі, выканання задач, за што вельмі ўдзячны. Сёння асаблівы дзень, бо браты-беларусы адзначаюць 140 гадоў з дня стварэння чыгуначных войскаў, а паміж намі захаваліся вельмі цесныя сувязі, бо многія разам служылі. Ветэраны пазнаюць адно аднаго, адбываюцца цёплыя сустрэчы, цікавыя размовы, таму паездка вельмі карысная. Хачу пажадаць беларусам моцнага здароўя, шчасця і — самае галоўнае — мірнага неба над галавой, гэта тое, чаго цяпер не хапае Украіне.

Свята скончылася ўрачыстым сходам і святочным канцэртам у Слуцкім Доме культуры.

— Сёння ў першую чаргу свята нашых ветэранаў, дзякуючыя якому мы можам успомніць пра сваю гісторыю, — падвёў рысу начальнік дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны, генерал-маёр Сяргей НОВІКАЎ. — І толькі потым гэта свята асабовага саставу транспартных войскаў. Пры ўдзеле чыгуначных войскаў узніклі многія знакавыя аб'екты ў краіне: лыжаролерная і біятлонная база «Заечая паляна», востраў Мужнасці і Смутку, Курган Славы, чыгуначны вакзал у сталіцы... Высокае майстэрства дазваляе нам сёння не толькі добра будаваць, але і абараняць. Для нас, безумоўна, важна, каб, атрымаўшы спецыялізацыю, ваеннаслужачы мог пайсці ў народную гаспадарку: працаваць на заводзе ці фабрыцы, у вёсцы. Але галоўнае, каб ён мог у любы момант устаць на абарону Беларусі.

Даведка

Днём заснавання чыгуначных войскаў лічыцца час стварэння першага чыгуначнага батальёна ў Баранавічах у жніўні 1876 года. Воіны-чыгуначнікі ўнеслі велізарны ўклад у перамогу над фашызмам: толькі падчас аперацыі «Баграціён» яны аднавілі больш за 6 тысяч кіламетраў галоўных і 1,5 тысячы станцыённых пуцей, больш за 500 мастоў, больш за 21 тысячу кіламетраў ліній сувязі. Больш за 400 тысяч воінаў чыгуначных войскаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Правапераемнікамі чыгуначных войскаў у суверэннай Беларусі сталі транспартныя войскі, у склад якіх уваходзяць чыгуначныя часці. У мірны час яны ўносяць уклад у эканамічнае развіццё краіны, удзельнічаюць у знакавых будоўлях: рэканструкцыі трамвайных пуцей у Мінску і Віцебску, чыгуначных пуцей металургічнага завода ў Жлобіне, пад'язных пуцей Мінскага аўтазавода і ААТ «Керамін», будаўніцтве комплексу «Лінія Сталіна», Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і многіх іншых аб'ектаў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Прызваныя будаваць і абараняць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.