Вы тут

Беларускі фільм адкрые кінафестываль у Германіі


Дакументальная карціна "Госці" Андрэя Куцілы стане фільмам адкрыцця 13-га міжнароднага кінафестывалю ў Эберсвальдзе, што пройдзе з 1 па 8 кастрычніка непадалёк ад Берліна. Кінафестываль дакументальнага кіно пакажа некалькі праграм, у ліку якіх поўнаметражныя і кароткаметражныя неігравыя фільмы.


Конкурсная праграма форуму ў Эберсвальдзе адбіралася з 913 работ з 70 краін і ў выніку змясціла ў сабе 42 карціны 18 краін свету. Прызы, апроч Прыза глядацкіх сімпатый, атрымліваюць пераможцы міжнародных конкурсаў кароткаметражнага і поўнаметражнага дакументальнага, кароткаметражнага ігравога і анімацыйнага кіно.

На мінулым кінафестывалі "Лістапад" карціна "Госці" атрымала ўзнагароду як найлепшы дакументальны фільм Нацыянальнага конкурсу. У стужцы расказваецца пра ўнікальны недзяржаўны прытулак для бедных і пакінутых у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, але больш пра яго стваральніка – Аляксея Шчадрова. Былы фельчар “хуткай дапамогі” змяніў сваё жыццё пасля таго, як быў асуджаны за продаж наркатычных рэчываў. Турма стала экзістэнцыйнай патавай сітуацыяй, якая дапамагла яму перагледзець свае погляды на жыццё.

Цяпер ён сам сябе называе братам Луіджы, перыядычна накіроўваецца ў Рым і паўсюль імкнецца дапамагаць тым, хто аказаўся нікому не патрэбным, – такім ён адчуў сябе падчас адбывання тэрміну зняволення. Пасля турмы Аляксей Шчадроў некалькі гадоў жыў пры храмах і проста блукаў, а потым стварыў гэты прытулак.

У фільме няма ліхіх сюжэтных паваротаў – за гадзіну экраннага часу ў паселішчы і ў Рыме, дзе таксама праходзілі здымкі, быццам бы нічога не здараецца. Але карціна адкрываецца гледачу галоўнай якасцю рэжысёра – здольнасцю паглыбляцца ў назіранне да ўзроўню вуаерыста. Таму гэты прытулак і гэты герой раскрываюцца не толькі ў рэчышчы рэальнага жыцця ў беларускай глыбінцы, але і ў тэмах больш абстрактных і дагэтуль не падведзеных пад універсальныя формулы – рэлігія, чалавечнасць, адзінота, метафізіка быцця.

Для сюжэта фільма і яго канцоўкі здымачнай групе вельмі пашчасціла зняць "госця", які адным вечарам завітаў у прытулак як новы яго жыхар. Мужчына пасля турмы аказаўся нікому не патрэбным. "Так заўсёды. Хтосьці аступіўся — усё, ужо не сябар, не брат, арывідэрчы, як кажуць".

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.