Вы тут

Open Space: «Мы чужыя песні граем як свае»


Той факт, што гурт, які не так даўно адсвяткаваў 10-годдзе, выдаў два поўнафарматныя альбомы, мае ўласную публіку, раптам змяніў канцэпцыю творчасці і замест уласных кампазіцый пачаў выконваць... кавер-версіі сусветных хітоў, можа падацца дзіўным. Але так сапраўды бывае. На пэўны перыяд часу досыць вядомая каманда Open Space адмовілася ад напісання новых песень і канцэртныя клубныя пляцоўкі змяніла на сцэны ў пабах і рэстаранах. Пра тое, чаму хлопцы рашыліся на такі досыць рызыкоўны крок і якім самі музыкі бачаць свой гурт у будучыні, у гутарцы з нашым карэспандэнтам разважаюць вакаліст Віталь МАЦІЕЎСКІ і гітарыст Арцём БУРАКІН.


— Юбілей — магчымасць, азірнуўшыся на пражытыя гады, падвесці пэўныя вынікі...

Віталь: — Гэта былі сапраўды выдатныя 10 гадоў. Гады вопыту, вялікіх уражанняў, узлётаў і падзенняў. Яны прайшлі нездарма: мы запісалі два альбомы, рабілі кліпы — усё, як робяць нармальныя гурты. У нас аптымістычныя планы, гурт, як і раней, рэпеціруе тройчы на тыдзень.

— Зараз вы ў асноўным выступаеце як кавер-бэнд, што досыць незвычайна для каманды, што ўжо мае свае песні...

Віталь: — Гэта таксама этап. Я сапраўды спачатку крыху хваляваўся наконт пераходу ад выканання аўтарскіх кампазіцый да кавераў, але потым паглядзеў на справу з іншага боку і зразумеў, што гэта выдатны сцэнічны вопыт. Калі раней выступалі некалькі разоў на месяц, то цяпер маем намнога больш выступленняў. Мы значна выраслі. Для мяне гэты час — творчы адпачынак, нам трэба было зрабіць паўзу, каб зразумець, у якім кірунку гурту развівацца далей. Кавер — вельмі карысная рэч: калі існуеш у адных і тых жа ўмовах, пачынаеш ствараць аднатыпны матэрыял. А граючы каверы, глядзіш на розныя аранжыроўкі, вывучаеш новыя рашэнні ў вакальнай падачы, аналізуеш, чаму песня стала хітом. Для музыканта гэта вельмі важна. І сёння я разумею, што калі б мы зараз пачыналі, то гады два варта было б спачатку пайграць каверы і толькі потым заняцца ўласнай творчасцю. Эфект быў бы мацнейшым.

Арцём: — Для таго, каб ствараць новы матэрыял, мне трэба акунуцца ў нейкую іншую стылістыку, пайграць песні іншых выканаўцаў, з якіх я чэрпаю новыя падыходы для напісання ўласных партый. Для новага матэрыялу патрэбныя новыя ідэі і іх новыя камбінацыі. Таму я лічу, што перыядычна граць каверы — карысна. Мы падлічылі, што за год у гурта было каля сотні выступленняў. Ніводная з каманд, якая грае ў клубах, не можа пахваліцца такой колькасцю канцэртаў. Гэты вопыт дапамагае пісаць песні па-іншаму, мы бачым, на што рэагуе публіка, як партыі зрабіць лепш тэхнічна выканальнымі. Мы і як гурт вельмі моцна пасябравалі адзін з адным. Бо сустракаемся літаральна кожны дзень!

Віталь: — Кавер сапраўды дае досыць шырокае поле для творчасці. Мы не проста паўтараем песні нота ў ноту, гэта цэлы працэс, каб кожную кампазіцыю прадставіць у нашым стылі. Магчыма, варта быць больш пільнымі, каб не зайграцца.

— Падчас выступленняў у рэстаранах і пабах вас пазнаюць як Open Space ці просяць сыграць уласныя песні?

Віталь: — Бывае, што здзіўляюцца, маўляў, што вы тут робіце, вы ж Open Space! Гэта прыемна. І час ад часу звяртаюцца з просьбай, каб мы выконвалі і свае песні. Здараецца таксама, што да нашай уласнай творчасці гледачы прыходзяць ужо пасля знаёмства як з кавер-бэндам, пачынаюць нас гугліць і знаходзяць спасылкі на нашы альбомы і песні.

— Вы сказалі, што варта быць пільнымі, каб не «зайграцца»...

Віталь: — Сёння я дадаткова, акрамя вакалу, займаюся гукаінжынерыяй, мне стала цікава рабіць звядзенне, майстарынг. У нас у «доўгай скрыні» ляжалі песні, якія запісалі, але так і не выдалі, і магу дакладна сказаць, што гэтыя кампазіцыі хутка ператворацца ў сінгл. Таксама мне цікава ў якасці эксперыменту выпусціць тое, што зрабіў сам. Генератар ідэй ува мне не памёр, ад нас варта чакаць сюрпрызаў.

— А якім будзе гурт у будучыні, калі «перыяд кавераў» скончыцца?

Віталь: — Хто ведае. Першапачаткова мы рабілі песні на англійскай мове, гэта ў нас прыгожа атрымлівалася. Але праект не мог быць камерцыйна паспяховым: канкурэнцыя на музычным англамоўным рынку надта вялікая. Потым вырашылі спяваць па-руску ці па-беларуску. Зрабілі вельмі прыгожую песню «Гэта няпроста» на беларускай мове, а ў асноўным перайшлі на рускую. Тады пайшла хваля абурэння, казалі, што наша музыка па фармаце еўрапейская, ды і песні гучаць прыгожа па-англійску. Мы заблыталіся. Што будзе далей? Калі раптам мой аўтарскі праект, які зараз існуе як эксперыментальны, атрымаецца, я з задавальненнем і ўвесь гурт да яго далучу. Гэта будзе ўжо новы этап.

— Калі казаць пра кавер-сцэну, то гэта таксама свая атмасфера, свой кантэкст. Як сябе пачуваеце ў параўнанні з іншымі гуртамі?

Арцём: — У гэтай сферы мы выйшлі на добры ўзровень, а летась нават выйгралі конкурс Cover Kіng. Мы паспяховыя, бо граем чужыя песні як свае, укладаемся ў гэта, граем як гурт, а не як музыканты, якія з сумным выглядам проста адпрацоўваюць ганарар. Мы перыядычна граем свой матэрыял, і я заўважаю, што падача нашых песень стала зусім іншай, таму што вельмі многа канцэртуем. І энергетыка стала зусім іншай. Дарэчы, вакал Віталіка таксама моцна змяніўся, калі параўнаць з гучаннем гурта некалькі гадоў таму. Мы нават жартам называем той вакал «ранні Маціеўскі».

Віталь: — Так, нам часта гледачы кажуць, што бачна тое задавальненне, якое мы атрымліваем, граючы на сцэне разам як гурт. У нас сапраўды ёсць публіка, якая прыходзіць на выступленні, каб паслухаць менавіта нас. Слухачам цікава назіраць, якім быў гурт раней і якім стаў зараз. Мы больш разняволеныя, упэўненыя, бо шмат працуем. У гурта ўсё добра, рыхтуем новыя трэкі, камандзе можна толькі пазайздросціць.

— Музычны кантэкст краіны, умовы для існавання музыканта ў той час, калі вы пачыналі, і сёння, што змянілася?

Віталь: — Мне падаецца, што раней было больш гуртоў і рэпетыцыйных кропак было больш, і яны былі запатрабаваныя. Зараз людзі сталі больш скептычна ставіцца да творчасці, сумняваюцца, ці варта нават пачынаць граць у гурце. Айчынная эстрада і андэграўнд існуюць нібыта ў розных вымярэннях. У часы ранняга Open Space музыку слухалі альбомамі, а зараз слухаюць трэкамі. Сёння я больш аб'ектыўна ўспрымаю музычную рэчаіснасць, чым 10 гадоў таму. Няма тых «ружовых акуляраў», думак, што можна аднойчы выпусціць альбом і прачнуцца знакамітым. Разумею, што варта рабіць якасны і актуальны музычны прадукт, які мае шанц быць пачутым не толькі публікай, але і людзьмі, якія захочуць займацца яго прасоўваннем, рэкламай на сур'ёзным узроўні.

Арцём: — Месца ў музычным шоў-бізнесе раней было больш з-за таго, што ўзровень інфармацыйных тэхналогій быў ніжэйшым, кампазіцый было менш. Зараз толькі лянівы не піша музыку. Развучваць мелодыі і граць для сябе дома стала прасцей, у інтэрнэце шмат навучальных відэаролікаў, але сабрацца разам з сябрамі і пачаць рэпетаваць сёння складаней, раней было больш ахвотных. Рынак песень перапоўнены. Каб цябе заўважылі, трэба быць не проста яркім, а вельмі яркім. Многае залежыць таксама і ад рэкламы. Нам жа важна адбыцца і як музыкантам: я граю ў групе, маё майстэрства запатрабавана, і я задаволены.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.