Вы тут

У прыярытэтах беларусаў па-ранейшаму салодкае, мучное і тлустае


Самым здаровым спосабам харчавання прызнана, як вядома, так званая міжземнаморская дыета. Сакрэты яе даўно вядомыя: алеі, рыба і морапрадукты, агародніна і садавіна... Далей можна і не ўдавацца ў дэталі, і так ясна, што не пра нас. Спецыялісты ўжо дакладна высветлілі ўсе нюансы штодзённага харчавання беларусаў: у першую чаргу там шмат жывёльных тлушчаў і зусім мала фруктаў ды агародніны. Прычым з агародніны мы аддаём перавагу ўсё той жа бульбе, якую ядзім і зімой, і летам, калі так багата іншай свежай расліннасці. Хоць бы ў гэты час мы паспрабавалі з мэтай прафілактыкі некаторых анкалагічных захворванняў ужываць абавязковыя для любога дарослага і дзіцяці 400—500 г розных (!) пладоў і агародніны. Дык не... Ізноў бульба.


Ва ўсіх краінах спецыялісты ў галіне харчавання занепакоены сёння актыўнай рэкламай прадуктаў з высокай колькасцю солі, цукру і транстлушчаў — апошнія ёсць амаль ва ўсіх ласунках, асабліва ў тых, што з дзікунскай настойлівасцю накідваюцца на нас з тэлеэкранаў. Нядзіўна, што Міністэрства аховы здароўя ўзялося распрацоўваць рэкамендацыі па абмежаванні такой рэкламы, бо яна ў першую чаргу арыентавана на дзяцей. Варта падкрэсліць: не забараніць наогул — немагчыма дый неабгрунтавана. Усё ж такі не будзем перагібаць. Кожны прадукт, які прадаецца ў магазінах, — не атрута. Калі дарослы або дзіця з'есць, напрыклад, чыпсы, вып'е нейкі газіраваны напой, то ні адзін, ні другі не загіне. Аднак чыпсы — не прадукт здаровага харчавання. Гэта не алей, не яблык, не капуста, не рыба і не курыца. А калі і бульба, то не сапраўдная — вараная ці запечаная. Без солі. Чыпсы маюць толькі адну карысць — даюць энергію. Гэта немалаважна, але ж атрымаць яе можна і без такой колькасці солі, не ўдаючыся ў іншыя нюансы вырабу прадукту.

Наогул, каб харчавацца здарова, трэба мець на ўвазе разнастайнасць — бялковую, вугляводную, тлушчавую, вітамінную... І гэта ніяк не разнастайнасць чыпсаў і шакаладных батончыкаў, гэта натуральныя прадукты, прыгатаваныя ашчадным спосабам, без непатрэбных дабавак.

Па-другое, фактычна ніхто з дарослых беларусаў не задумваецца аб тым, што дзіцячы арганізм — асаблівы мікракосмас, і ставіцца да яго трэба па-асабліваму. Дакладней, асобна гатаваць! А лепей і самім есці тое, што гатуецца для дзіцяці. Піца, сасіскі, чабурэкі, смажні і г.д. — як мага радзей... Ну проста максімальна рэдка.

Дыетолагі рэкамендуюць не прывучаць дзяцей да салёнага і салодкага смаку. Купляеце дзіцяці нібыта здаровы ёгурт — майце на ўвазе, што там можа быць багата цукру, а таму гэта проста ласунак.

За правільна сфарміраваныя харчовыя паводзіны дзіця вам пасля будзе вельмі ўдзячнае! Бо ў яго не будзе лішняй вагі, хворага страўніка і сэрца, праблем з кішэчнікам і настроем, словам, нават толькі гэта ого-го які падарунак.

І вазьміце за ўзор харчаванне ў дзіцячым садку і школе. Я ведаю нямала бацькоў, якія ганьбяць школьныя стравы і тым самым даюць зразумець сваім малым, што пюрэ з катлетай ды салата з капусты — гэта «фэ», а вось смажанка сёння, заўтра і ўчора — смаката. Не прыпадабняйцеся дзецям, якія крывяць нос толькі таму, што вы прывучылі іх есці нездаровую ежу з вялікай колькасцю маянэзу і кетчупу. Вы ўжо зрабілі шкодную справу — забяспечылі дома ўдар па няспелай страўнікава-кішачнай сістэме дзіцяці, дык дайце яму хоць бы раз на дзень з'есці што-небудзь іншае... А лепей распытайце, чым сёння частавала школа ды паўтарыце на выхадных. Густ — гэта тое, што за нейкі час можна памяняць. Было б жаданне.

Ва ўстановах адукацыі, у тым ліку ў дзіцячых садках, прапануецца выключна ашчаднае харчаванне. Для гатавання дзіцячых страў забаронена выкарыстанне тлустых гатункаў мяса, кансерваванай прадукцыі, вострых спецый, камбітлушчу... Не дапускаецца, вядома, вэнджанне, усё варыцца, запякаецца, гатуецца на пары. Дарэчы, ужо амаль кожная дзясятая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі забяспечана спецыяльнай печчу, стравы ў якой не падгараюць.

Шкада, што мы не цэнім саму магчымасць ужывання дзецьмі свежапрыгатаваных страў у школах. У суседніх краінах спачатку гэтую сістэму разбурылі, але цяпер вывучаюць наш вопыт і пераконваюцца, што падвоз замарожанай ежы, якую проста разаграваюць на месцы, — мякка кажучы, зусім не тое. Нават па смакавых якасцях.

А мы тым часам паступова абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу харчовых блокаў, забяспечылі ўсіх гарачай вадой, прывучылі работнікаў да больш жорсткіх патрабаванняў гігіены і вытрымлівання эпідрэжыму.

Праблема застаецца пакуль са школьнымі буфетамі. Для іх устаноўлены і нормы, і правілы па асартыментным пераліку, які рэкамендуе не менш адной катэгорыі прадуктаў, не больш другой. Напрыклад, салат і малочнай прадукцыі павінна быць «не менш за...», а булачак — «не больш за...». Аднак з апошнім пакуль не вытанцоўваецца.

Буфеты ідуць па шляху жаданняў саміх вучняў, а не Міністэрства аховы здароўя. А таму падчас праверак рэгулярна высвятляецца, што з кандытарскай прадукцыяй і прысмакамі перабор.

Што да піцы, смажняў, сасісак у цесце і г.д., то іх колькасць ужо трэці год зменшана ў 2 разы. Хоць бы таму, што гэтага дабра і дома ў кожнага бывае досыць. Да таго ж не будзем забывацца аб нарастанні актуальнай праблемы сучаснасці — нашы дзеці паступова прыбаўляюць у вазе. Пакуль не ў такіх маштабах, як у развітых краінах, аднак распаўсюджанасць атлусцення і ўскладненняў, з ім звязаных, пашыраецца сярод дзяцей і падлеткаў.

Ідучы сёння па прадукты, звярніце ўвагу на крупы, макарону з цвёрдых сартоў пшаніцы, малочную прадукцыю (нашы дзеці амаль не ядуць тварагу!), на рыбу і яйкі, а таксама на буракі і памідоры, персікі і вінаград — сезон усё ж. Алей набывайце розны — то сланечнікавы, то рапсавы, то кукурузны. І будзьце ўважлівымі падчас выбару прадукцыі. Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у абсалютнай большасці гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання санітарна-эпідэміялагічная служба рэгулярна выяўляе розныя парушэнні. Тут і парушэнне ўмоў захоўвання тавару (неналежным чынам працуе, напрыклад, халадзільнае абсталяванне), і рэалізацыя пратэрмінаванага тавару, неадпаведнасць маркіроўкі, адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. Так што выбірайце, давярайце — але правярайце.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Ізноў бульба?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.