Вы тут

У кантэйнеры для непатрэбных выданняў знайшлі каштоўныя старадрукі


У дзень бібліятэк, 15 верасня, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кампаніяй «Белгіпс Эка» былі перададзены каштоўныя старыя кнігі. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі паведамлялі, быццам рарытэты былі знойдзены... у макулатуры. Карэспандэнт «Звязды» высветліла, ці з'яўляецца праўдзівай такая версія?..


Кампанія «Белгіпс Эка» сапраўды займаецца зборам другаснай сыравіны, у прыватнасці макулатуры. Але ў той жа час там рэалізуецца праект «Падары кнізе другое жыццё», які мае сацыяльную накіраванасць. Вялікія зялёныя скрыні акурат з такім надпісам можна ўбачыць па ўсёй сталіцы. Туды трапляюць кнігі, якія ўжо не надта патрэбны сваім уладальнікам. Іх пераразмяркоўваюць у розныя арганізацыі, якія могуць мець у гэтым
патрэбу, — хоспісы, дзіцячыя дамы, бібліятэкі.

Падчас чарговага збору выданняў знайшлі кнігі, якія нават вонкава сведчылі пра сваю каштоўнасць. Супрацоўнікі кампаніі адразу звярнуліся ў Нацыянальную бібліятэку па экспертызу. Там пацвердзілі, што некаторыя з выданняў маюць выключную каштоўнасць. Гэта, напрыклад, «Псалтыр» з Кіева 1888 года выдання, поўны збор твораў Гогаля ў адным томе 1921 года выдання. А самым каштоўным выданнем аказаўся падручнік па маральнай тэалогіі, надрукаваны ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя ў Вільні тамтэйшымі піярамі. На той час манахі-піяры былі лідарамі ў адукацыйнай дзейнасці і рыхтавалі найлепшыя падручнікі па розных галінах навук.

— Гэта вельмі рэдкае і каштоўнае выданне, — адзначае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША. — Яно тым больш важнае, што раней такой кнігі ў фондах не было. Па-першае, яна лічыцца нацыянальным дакументам — была надрукавана ў Вільні, якая для Беларусі з'яўляецца адной з культурных сталіц. Па-другое, кніга два стагоддзі знаходзілася на беларускіх землях, пераходзіла з рук у рукі — адпаведныя пазнакі змяшчаюцца на старонках. Яна была ў руках ніжэйшага каталіцкага духавенства, спачатку ў Вільні, а затым у Будслаўскім манастыры бернардзінцаў. Мы, на жаль, не можам устанавіць, кім былі яе ўладальнікі ў XІX і XX стагоддзях. Многія пазнакі на кнізе яшчэ не расшыфраваныя — магчыма, яны дапамогуць праліць святло на гэта пытанне.

Такое здарэнне ў нечым выпадковага папаўнення фондаў старадрукамі не адзінкавае. Раней рэгулярна праходзілі археаграфічныя экспедыцыі — калі супрацоўнікі бібліятэкі накіроўваліся ў далёкія рэгіёны краіны. Напрыклад, на Віцебшчыну, дзе жылі стараверы і захоўвалі шмат старых выданняў, рукапісаў. Яны самі ці іх нашчадкі часта прапаноўвалі аддаць старажытныя кнігі. Часам спадчыннікі пасля смерці бацькоў прыносяць і пакідаюць у бібліятэцы каштоўныя рарытэты, якія раней належалі іх сям'і.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Кніга, дзе твой дом?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.