Вы тут

Шукаць дадатковыя сродкі


Падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў, што з улікам неабходнасці збалансоўваць расходы рэспубліканскага бюджэту цяпер праводзіцца работа па аптымізацыі расходаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2016 год.


«У сувязі з гэтым заказчыкам праграмы неабходна прадоўжыць работу па пошуку іншых дадатковых крыніц фінансавання на будаўніцтва аб'ектаў», — даручыў Андрэй Кабякоў. Ён таксама нагадаў, што праграма 2016 года фарміравалася ва ўмовах абмежаванасці бюджэтных расходаў, што вымусіла прыпыніць фінансаванне будаўніцтва шэрагу ўключаных у яе аб'ектаў. Разам з тым па праграме працягваюцца будаўніцтва і рэканструкцыя 99 стратэгічна важных і сацыяльна значных для краіны аб'ектаў, з якіх 36 планавалася ўвесці ў эксплуатацыю сёлета. На фінансаванне першапачаткова было прадугледжана 458,5 млн рублёў.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ў цэлым праграма рэалізуецца здавальняюча — пры запланаваных да ўводу за 8 месяцаў 2016 года шасці аб'ектах уведзена дзевяць, у тым ліку тры — датэрмінова. Паводле яго слоў, за названы перыяд на будаўніцтва аб'ектаў ужо накіравана каля 250 млн рублёў. Пры гэтым па 12 уводных аб'ектах дапушчана адставанне ад графікаў будаўніцтва. Ён распарадзіўся, каб адказныя службовыя асобы неадкладна прынялі меры па ліквідацыі адставання.

«Сёння яшчэ ёсць час для выпраўлення сітуацыі. Мы павінны быць упэўнены, што даведзеныя заданні на 2016 год будуць выкананы ў поўным аб'ёме», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, ён адзначыў, што ўсё яшчэ ёсць выпадкі залішніх выдаткаў пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў, што прыводзіць да неабгрунтаванага павелічэння кошту будаўніцтва. У сувязі з гэтым ва ўрадзе пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Калініна працуе спецыяльная камісія, якая спыняе гэтыя спробы, а таксама яшчэ на пачатковай стадыі праектавання адсочвае прымяненне ў праектах айчынных будматэрыялаў і абсталявання. Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што ўсё яшчэ не вырашаным застаецца пытанне кансервацыі прыпыненых будаўніцтвам аб'ектаў. Для забеспячэння іх захаванасці неабходна прыняць меры па пошуку на гэтыя мэты сродкаў.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны перад пасяджэннем Прэзідыума Савета Міністраў адзначыў, што сярод 36 аб'ектаў, што запланаваныя да ўводу ў 2016 годзе, ёсць 4 аб'екты, па якіх прыпынена фінансаванне.

«Іх прыйдзецца выключыць з уводу ў гэтым годзе з прычыны таго, што фінансаванне па пэўных прычынах спынена. Таму ўведзена будзе 32 аб'екты і дадаткова 2 незапланаваныя аб'екты — усяго 34», — растлумачыў Анатоль Чорны. Акрамя таго, ён адзначыў, што вялікую значнасць маюць 9 аб'ектаў жылля, якія ўвядуць сёлета для сем'яў, што выхоўваюць дзяцей-сірот.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.