Вы тут

Аксана Няхайчык: «Дэпутат можа дапамагаць. Але толькі ў рамках закона»


Парламентарый працуе ў спецыфічным раёне. Наркатрафік, нарказалежнасць — з аднаго боку, з другога — боль бацькоў, якія праз дэпутата імкнуцца заступіцца за сваіх дзяцей. Аксана Няхайчык, дэпутат ад Шабаноўскай (г. Мінск) выбарчай акругі №91, рассказала, як ёй працуецца.


— Раскажыце пра асаблівасці раёна, дзе пражываюць вашы выбаршчыкі?

— Шабаноўская выбарчая акруга Мінска складаецца з трох мікрараёнаў — Шабаны, Сосны, Ангарская — і знаходзіцца ў Заводскім раёне сталіцы. Гэта ўскраіна, таму, натуральна, са сваімі асаблівасцямі. Пасёлак Сосны — дастаткова аддаленая тэрыторыя, якая ўвайшла ў межы горада не так даўно. Мікрараён Шабаны — спецыфічная частка горада, якая будавалася ў свой час у першую чаргу для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Вядома, што Заводскі раён — прамысловы, натуральна, што жывуць і працуюць там простыя людзі. У гэтым ёсць і свае перавагі, і свае недахопы.

Большая частка насельніцтва маёй акругі — гэта людзі пажылога ўзросту, але апошнім часам па Заводскім раёне пытанне нараджальнасці стабілізавалася, і ў нас цяпер назіраецца прырост.

— З якімі просьбамі прыходзяць на прыём выбаршчыкі?

— У асноўным звароты звязаны з канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі. Часта выбаршчыкі просяць дапамагчы вырашыць праблемы, звязаныя з жыллёва-бытавымі ўмовамі, добраўпарадкаваннем, бо ў нас ёсць у раёне вельмі шмат праблемных месцаў, асабліва на дваровых тэрыторыях. На сустрэчах часам выказваюцца пажаданні па выхаванні моладзі. Вельмі шмат трывожных пытанняў па наркотыках.

У маёй акрузе ёсць раён, дзе сітуацыя дастаткова складаная. Гэтым мы і адрозніваемся ад іншых раёнаў Мінска. Натуральна, людзі ўстрывожаны тым, што адбываецца: моладзь ужывае наркотыкі, ёсць тыя, хто распаўсюджвае гэты дурман. Таму многія прапановы тычыліся прыняцця больш жорсткіх мер у адносінах да распаўсюджвальнікаў. Наша скліканне якраз і ўнесла гэтыя змены ў заканадаўства.

Былі звароты, якія, наадварот, патрабавалі градацыі пакаранняў за адпаведнае злачынства. Нагадаю, калі былі ўзмоцнены меры за распаўсюджанне наркотыкаў, то сталі вельмі жорстка караць, незалежна ад ступені віны. Ці чалавек прадаў некаму 3 грамы спайсу, ці кілаграм — ёсць розніца? А пакаранне, як правіла, даюць сёння максімальнае. Звярталіся бацькі тых маладых людзей, якія былі асуджаны за гэта злачынства і, на думку родных, атрымалі занадта вялікія тэрміны. Былі звароты не толькі да мяне, але і да маіх калег. Абмеркаваўшы гэтую праблему з іншымі дэпутатамі, мы прыйшлі да высновы, што нейкая градацыя пакаранняў павінна быць. Спадзяюся, што ў камісіі па заканадаўстве гэтыя матэрыялы будуць абагульнены.

Шмат гучала пытанняў, датычных той інфармацыі, якая ідзе з экранаў тэлевізараў. І ініцыятарамі былі не толькі людзі пажылога ўзросту. Усе незадаволены тым, што глядзяць нашы дзеці, што з экранаў льецца гвалт. У нашай камісіі якраз і разглядаўся дакумент па абароне дзяцей ад інфармацыі, што прычыняе шкоду іх здароўю. Ён быў прыняты, і такім чынам першы крок у гэтым напрамку зроблены. Прынамсі, мы далі падказку бацькам, якія перадачы можна глядзець дзецям пэўнага ўзросту, а якія — не.

Часам жа грамадзяне звяртаюцца з просьбамі, якія супярэчаць закону. Натуральна, тут я ўжо дапамагчы не магу.

— Якія звароты людзей вам запомніліся асабліва?

— Адразу скажу: вырашэнне пытанняў, з якімі звяртаюцца да дэпутата, залежыць ад узаемадзеяння ўсіх узроўняў улады. Што да мяне, то я выканала пункт сваёй перадвыбарнай праграмы: дабілася таго, каб устанавілі разгонную паласу на кальцавой дарозе на адным з вельмі праблематычных, аварыйных участкаў дарогі. Пры падтрымцы гарвыканкама былі выдзелены адпаведныя сродкі для таго, каб зняць гэтае пытанне.

Быў момант, калі атрымалася дапамагчы чалавеку аднавіць сваё месца ў чарзе на жыллё ў адміністрацыі Заводскога раёна.

Неяк звярталася да кіраўніцтва Мінскага маторнага завода па просьбе выбаршчыцы, што прыйшла да мяне на прыём. Жанчына жыла з двума дзецьмі ў маленькім пакоі ў інтэрнаце завода, мы направілі адпаведную просьбу кіраўніцтву прадпрыемства, і ёй выдзелілі цэлы блок.

Яшчэ адзін выпадак: да мяне звярнулася старшыня ЖБПК «Тарасава» №392. Яе арганізацыя вырашыла абсталяваць дзіцячую гульнявую пляцоўку ў сябе ў двары па вуліцы Герасіменкі. Для гэтага не хапала пэўнай сумы. Яна звярнулася да мяне, і ў выніку атрымалася знайсці дадатковыя сродкі, каб абсталяваць пляцоўку. Канструктыўнае ўзаемадзеянне заўседы прыносіць вынікі.

Самая вялікая асабістая задаволенасць за перыяд дэпутацкай дзейнасці звязана з маёй працай старшынёй раённага аддзялення рэспубліканскай грамадскай арганізацыі Белая Русь. На тэрыторыі нашага раёна будуецца вялікі мемарыяльны комплекс «Трасцянец», а на тэрыторыі Чыжоўскіх могілак перазахаваны астанкі тых, хто быў там знішчаны. Але там не было памятнага знака. Я выступіла з ініцыятывай сабраць сродкі і ўстанавіць памятны знак. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі мы яго ўстанавілі, і гэта прынесла ўнутраную задаволенасць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.