Вы тут

Да 2020 года малыя прадпрымальнiкi пяройдуць у нанаiндустрыю?


Беларускiя навукоўцы лiчаць, што сёння найбольшы поспех у нанаiндустрыi можна чакаць ад малых прыватных прадпрыемстваў. На думку першага намеснiка старшынi Прэзiдыума Нацыянальнай акадэмii навук Сяргея Чыжыка, нанасфера вельмi затратная i патрабуе кантролю. Для арганiзацыi буйной вытворчасцi ў нанаiндустрыi неабходны вялiкiя iнвестыцыi, што вельмi рызыкоўна. Малыя прадпрыемствы з гэтай задачай павiнны справiцца значна больш эфектыўна.


Па словах начальнiка ўпраўлення эканомiкi iнавацыйнай дзейнасцi Мiнэканомiкi Дзмiтрыя Крупскага, сёння нанаiндустрыя толькi фармiруецца i ўяўляе сабой мiжгалiновы комплекс. Зараз у краiне налічваецца каля 30 прадпрыемстваў, звязаных з нанатэхналогiямi, дзе працуюць 2 тысячы чалавек. Усе яны вырабляюць аб'ём прадукцыi, якi дасягае 20 млн долараў штогод. Каб стымуляваць гэтую сферу, якая, дарэчы, можа хутка заняць важныя пазiцыi ў эканомiцы краiны, ужо плануецца шэраг прэферэнцый для малога бiзнесу. Напрыклад, гаворка iдзе аб з'яўленнi грантаў для малога прадпрымальнiцтва, прадстаўнікi якога будуць займацца развiццём i камерцыялiзацыяй гэтай галiны. Па словах Дзмiтрыя Крупскага, ужо пачалася стадыя ўнутрыдзяржаўных узгадненняў па праекце Сусветнага банка, дзе адным з кампанентаў з'яўляецца грантавая падтрымка ў першую чаргу малога iнавацыйнага прадпрымальнiцтва. Плануецца, што сума грантаў будзе вар'iравацца ў межах ад 15 да 500 тысяч долараў. «Мяркую, што да канца гэтага года пагадненне з Сусветным банкам будзе падпiсана i з 2017 года ўжо пачнецца конкурсны адбор», — удакладнiў Дзмiтрый Крупскi.

Таксама ён адзначыў, што на стадыi прапрацоўкi знаходзяцца два праекты мiжнароднай тэхнiчнай дапамогi. Адзiн з iх прадугледжвае стварэнне iнфраструктуры падтрымкi стартап-руху, у тым лiку ў сферы нанатэхналогiй. Другi — стварэнне сеткi тэхналагiчных бiзнес-акселератараў. Гэтая сетка дазволiць распрацоўшчыкам, якiя не маюць досведу камерцыялiзацыi нанатэхналогiй, набыць неабходныя кампетэнцыi ў галiне стварэння iнавацыйнага бiзнесу. Праекты плануецца ажыццявiць да 2018 года. Калi яны эфектыўна запрацуюць, то ўжо да 2020 года ў Беларусi з'явiцца развiты сектар малога нанатэхналагiчнага прадпрымальнiцтва.

Акрамя таго, для развiцця нанаiндустрыi, па словах Дзмiтрыя Крупскага, у краiне плануецца стварыць спецыялiзаваную iнфраструктуру. Зараз адпаведны дакумент знаходзiцца на стадыi падрыхтоўкi. Згодна з iм будзе пабудаваны бiзнес-iнкубатар у галiне нанаiндустрыi, а таксама створаны i абсталяваны некалькi iнжынiрынгавых цэнтраў калектыўнага карыстання ўнiкальным навуковым абсталяваннем у розных галiнах эканомiкi.

Iлья КРЫЖЭВIЧ

Kryzhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.