Вы тут

Чаго не хапае айчынным санаторыям?


У нашы санаторыі сёння едуць. І не толькі пенсіянеры. І не толькі самі беларусы. Напаўняльнасць забяспечваюць, галоўным чынам, расіяне. Але ў найбліжэйшай перспектыве іх актыўнасць можа істотна знізіцца — суседняя краіна сама пачала развіваць санаторна-аздараўленчы турызм. Можна было б павярнуцца ў бок іншых замежнікаў — у іх і грошы, і інтарэс, — але і тут ёсць пытанні, адказ на якія пакуль не гатовы. Скажам, як наконт бязвізавага рэжыму? Няхай бы людзі свабодна прыехалі ды пакінулі за час знаходжання ў краіне куды больш грошай, чым каштуе тая віза. Пытанне адкрытае...


Не трэба думаць, што наш варыянт санаторна-курортнай установы (іх, дарэчы, 113) — гэта штосьці зусім саўдэпаўскае і з камфортам побач не стаяла. Сёння гэта шматпрофільныя ўстановы, размешчаныя ў экалагічна чыстых мясцінах, лясных масівах. Пражыванне і харчаванне ў большасці — на вельмі дастойным узроўні. Плюс медыцынская база, у многіх — бальнеалагічны профіль, з выкарыстаннем мінеральнай вады і сапрапелевых гразяў. Суадносіны «кошт-якасць» на ўзроўні. Хто не быў, напрыклад, у «Радоне», «Сасновым бары», «Парэччы», «Світанку-Любані» — трэба паехаць і пераканацца.

— Наш «Радон» — не такі дарагі, і яго лячэбная база пры гэтым дазваляе дасягнуць выдатнага лячэбнага эфекту, працяглай рэмісіі, таму абсалютная большасць пацыентаў і звяртаецца паўторна, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара Белаграздраўніцы Віктар ПАНАМАРОЎ. — Радонавыя воды з'яўляюцца аналагамі крыніц Расіі, Украіны, Грузіі, Германіі і іншых краін. У нашых санаторыях можна атрымаць лячэнне страўнікава-кішачнага тракту, мочапалавой сістэмы, апорна-рухальнага апарату, сардэчна-сасудзістых захворванняў. І сёння мы працуем у кірунку развіцця медыцынскага турызму. Адкрылі «янтарныя пакоі», кабінеты «лячэння сузіраннем», мінеральны басейн з эфектам Мёртвага мора, ёсць спелеакліматалячэбніцы, якія не маюць аналагаў у краіне... Набылі апараты для імпульснай ударна-хвалевай тэрапіі, гідрамасажныя цэнтрыфугі, устаноўку для гарызантальнага выцягвання ў радонавай вадзе.

— «Цэнтркурорт» займаецца рэалізацыяй пуцёвак на 50 санаторна-курортных аб'ектаў. У 2007—2010-х гадах кошт пуцёвак быў досыць нізкі, праўда, цікавілі тады нашы аздараўленчыя ўстановы пераважна замежнікаў, — кажа начальнік аддзела продажу прадпрыемства «Цэнтркурорт» Святлана ЕШЧАНКА. — Сёння нашы аб'екты цікавыя ўжо і самім беларусам, мы заўсёды рады прапанаваць найлепшае з таго, што ёсць. Даволі складана сёння здзіўляць, бо многія з нас шмат дзе былі, аднак санаторыі намагаюцца рабіць гэта. «Юнацтва», напрыклад, па праве становіцца адным з найлепшых. Тут не толькі выдатная лячэбна-дыягнастычная база, але і адзін з самых моцных СПА-цэнтраў, якіх няма больш на тэрыторыі краіны. У «Прыазёрным» ёсць зімой выдатная коўзанка, а летам — водна-спартыўны цэнтр з элементамі аквапарку. У «Соснах» на 25 гектарах лесу з'явіўся аптэчны сад, дзе можна сабраць любы лекавы збор. У Віцебскай вобласці ёсць санаторый, дзе і басейн з мінеральнай вадой, і стравы гатуюцца на мінеральнай вадзе, і бювет, і працэдуры мінеральныя, ды яшчэ нядаўна нафталанавыя ванны з'явіліся. А не можаце без мора — запрашаюць беларускія санаторыі ў Сочы, Туапсе, Місхоры, а таксама ў Прыбалтыцы.

Тым не менш, паводле слоў намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Віталя ГРЫЦЭВІЧА, ёсць як мінімум два сучасныя моманты, на якія прыпазняемся звярнуць увагу. Дзе ў нас персанал, у тым ліку медыцынскі, які валодае англійскай мовай? Ці не надта мы засяродзіліся на расійскіх турыстах, колькасць якіх у любую хвіліну можа зменшыцца? Больш таго, адзін-два нумары «люкс» на ўсю ўстанову — напэўна, малавата. Дый «люкс» часам досыць сціплы для тых людзей, што за «цаной не пастаяць». Ёсць катэгорыя замежнікаў, якія даўно заглядваюцца на нашы мясціны, але ж яны за сваё жыццё адпачывалі ў такіх гатэлях, што наш «люкс» не назавуць такім словам. Калі пра гэта не падумаць цяпер, заўтра нашы санаторыі перастануць хваліцца высокай напаўняльнасцю.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Люкс» ці не вельмі?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.