Вы тут

Як жыве сёння Хоцімскі раён?


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, якія прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма будзе спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля, адным словам — росквіту. У рамках праекта «Паўднёвы Усход» «Звязда» працягвае расказваць, чым сёння жывуць гэтыя раёны і наколькі яны могуць быць цікавымі для патэнцыйных інвестараў. Мы пабывалі ў Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Краснапольскім і Клімавіцкім раёнах. Цяпер рушым у Хоцімск, ці, як яго называюць тутэйшыя жыхары за аддаленасць ад абласнога цэнтра, — Далёкі Усход. А вось да мяжы з Расіяй адсюль, наадварот, няма і дзесяці кіламетраў.


Дом, які бу­ду­ец­ца згодна з Ука­зам №235, хут­ка пры­ме на­ва­сё­лаў.

Без хіміі і радыенуклідаў

А яшчэ тут ёсць вёска Ветка, якая знаходзіцца так далёка ад райцэнтра, што яе называюць Індыяй. Яна хаваецца ў лесе і славіцца сваімі маляўнічымі краявідамі. Сёлета расіяне разбілі тут палатачны лагер і атрымлівалі асалоду ад зносін з прыродай. У будучым плануецца развіваць прымежны турызм, запрашаць дзяцей на аздараўленне. Наогул Хоцімскі раён самы экалагічна чысты ва ўсёй вобласці. Тут унікальная прырода, яе не кранула аварыя на Чарнобыльскай АЭС і хімія вялікай прамысловасці.

— Наш край быццам створаны для аграэкатурызму, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Жанна Белікава. — Пры правільным вядзенні гэтага бізнесу тут можна зарабіць неблагі капітал. Не менш перспектыўныя напрамкі — сельская гаспадарка і прамысловасць. Некалькі мінскіх фірм, напрыклад, зацікавіліся трэпелам. Іх падштурхнулі менавіта прыферэнцыі, якія гарантуе 235-ы Указ. Пакуль проста зарэгістравалі прадпрыемства. Спачатку плануюць правесці геолага-разведачныя работы. А потым наладзіць вытворчасць па ўзбагачэнні трэпелам угнаенняў.

На сённяшні дзень у раёне зарэгістраваныя 151 індывідуальны прадпрымальнік, 24 прыватныя прадпрыемствы і 13 сялянска-фермерскіх гаспадарак. З пачатку года зарэгістраваны 24 прадпрымальнікі, 4 таварыствы з абмежаванай адказнасцю, 1 прыватнае прадпрыемства і 4 спажывецкія кааператывы. На адкрытых прадпрыемствах і вытворчасцях сёлета створана 28 працоўных месцаў. Бурнай дзейнасці пакуль не назіраецца, але раней столькі ўсяго не стваралася. Актывізаваліся і тыя бізнесмены, якія ў нас ужо былі. Напрыклад, прадпрымальнік Арыф Аліеў выкупіў летась будынак, будзе рабіць маладзёжную і дзіцячую кавярні з нацыянальнай кухняй.

Ёсць зрухі і па іншых накірунках. Будуецца 40-кватэрны дом, дзе будучым навасёлам будзе выдадзены крэдыт пад 1%. З пачатку года ў Хоцімску рэалізуецца праект на суму болей 600 тысяч еўра міжнароднай тэхнічнай дапамогі па раздзельным зборы адходаў і іх утылізацыі. За кошт ПРААНаўскіх сродкаў закуплены два MANы, адзін пагрузчык, 180 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, 8 велікагрузных кантэйнераў, прэс. Насельніцтва пакрысе вучыцца сартаваць смецце.

Ка­ця­ры­на Гвоз­дзе­ва хут­ка зна­хо­дзіць з дзет­ка­мі агуль­ную мо­ву.

«Ільняныя» грошы

Хоцімску не пашчасціла знаходзіцца на перасячэнні вялікіх чыгуначных ці аўтамабільных шляхоў, але гэта не значыць, што тут нельга наладзіць бізнес. Сакрэтам, як гэта зрабіць, падзяліўся дырэктар тутэйшага льнозавода Мікалай Курзянкоў. «Трэба працаваць», — аўтарытэтна заяўляе ён. Калі ў 1987 годзе Мікалай Ягоравіч стаў кіраўніком зусім неперспектыўнай гаспадаркі, ніхто не спадзяваўся, што яна акажацца адной з лепшых у вобласці. «У той час ішла гаворка аб закрыцці пяці льнозаводаў — Хоцімскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Быхаўскага і ў Мсціслаўскім раёне, — узгадвае дырэктар. — Чатыры закрылі, а наш дагэтуль працуе. У 1987 годзе балансавы кошт гаспадаркі ацэньваўся ў 975 тысяч рублёў па тых грошах, за 4 гады я яго давёў да 2,5 мільёна. Калі прыйшоў сюды, гаспадарка «ляжала» — людзей не было, нічога не было. Пачалі вазіць і прадаваць крышталь, мэблю, машыны, дываны, кабельную прадукцыю, забяспечваў нават Мінскую вобласць. Вазілі з Яраслаўскай вобласці крышталь — з Дзяцькава. Тады гэта не забаранялася. І грошы пайшлі. Я іх укладваў у развіццё. Так і падняліся за кошт перавозак і продажу. Пабудавалі навесы, шохі для захоўвання сыравіны, арачныя склады, адміністрацыйны будынак, жыллё для работнікаў — мы былі адзіныя ў Хоцімску, дзе не існавала праблем з кватэрамі. Вось і зараз трымаемся толькі за кошт таго, што працуем.

Вынікі кажуць самі за сябе, у шафе ўсе палічкі заняты ганаровымі граматамі і дыпломамі абласнога і раённага ўзроўняў. У Хоцімску гэта адно з валаўтваральных прадпрыемстваў. Цалкам выконвае дзяржзаказ, зарабляе валюту. Пастаўляе сваю прадукцыю ў Прыбалтыку і Расію.

— Тэхналагічны працэс наладжаны, спецыялісты на сваім месцы, рабочых дастаткова, заробак своечасова выплачваем, — кажа дырэктар. — Сярэдні заробак сёлета 564,8 рубля. Паказчыкі ўсе выконваем, выручка на 1 рабочага 130% да ўзроўню мінулага года. Два гады запар займалі сярод ільнозаводаў першае месца па вобласці, сёлета крыху падвяло надвор'е, але спадзяёмся, што вынікі таксама будуць не горшыя, чым у астатніх. А галоўнае, у нас ёсць свае грошы і ўсе праблемы мы вырашаем самі, ні ў каго нічога не просім.

У Хо­цімск пры­яз­джа­юць спе­цы­яль­на па­ка­тац­ца на «чор­та­вым ко­ле».

І белы лебедзь з сажалкай

Аляксандр Кастэнка — адзін з тых прадпрымальнікаў, якія не абыякавыя да будучай сваёй спадчыны. Зрабіў комплекс для адпачынку з альтанкамі, лазняй, спальнымі пакоямі. І ўсё гэта з відам на возера, дзе шмат лебедзяў. Тут прыгожыя птушкі абзаводзяцца нашчадкамі, якія растуць на вачах. Назва для аграсядзібы сама напрошвалася — Белы лебедзь.

Калісьці бізнесмен працаваў на льнозаводзе, потым у ПМК, але не шкадуе, што заняўся сваёй справай. Некалькі гадоў таму купіў за 1 базавую паўразбураную ферму, адрамантаваў і зараз вырошчвае там свіней для патрэб сваёй аграсядзібы і крамы. Стравы з мяса Аляксандр гатуе не горш за дыпламаванага кухара. Мяса, кажа, экалагічна чыстае. Ніякіх камбікармоў, толькі сваё збожжа. Угнаенні выключна арганічныя. У гаспадарцы 13 гектараў ворнай зямлі і каля 8 гектараў падсобных зямель — ёсць дзе збіраць ураджай. Былі, праўда, спачатку цяжкасці з апрацоўкай. Баршчэўніку, узгадвае, знішчаў амаль па два гектары. Яшчэ цяжэй было араць там, дзе трапляліся нейкія падмуркі. Але зямлю не выбіраў. Працаваў на тым, што далі, ні на што не скардзіўся. Зараз не толькі сабе на хлеб зарабляе, але яшчэ і 7 працоўных месцаў стварыў. Акрамя аграсядзібы і крамы, ёсць свая піларама. Сын, гледзячы на гаспадарлівага бацьку, таксама на радзіме застаўся. Зараз і ў яго свой бізнес.

— У мяне ў свой час была магчымасць застацца ў Рызе, але прыехаў дадому, абняўся з бацькамі — і так сорамна стала за свае думкі. Траіх дзяцей вырасцілі, а жывуць адны. І — застаўся. Цяпер ні кроплі не шкадую, — кажа Аляксандр. — Хоцімскі раён бедны толькі на першы погляд. Але ён можа прыцягнуць не толькі прыродай, а яшчэ радовішчамі гліны, трэпелу. Можна было б нават завод пабудаваць цагляны. А то ездзім у Расію за цэглай. Раней у нас было некалькі такіх заводаў.

У га­рад­скім па­сёл­ку ву­чац­ца раз­дзя­ляць смец­це.

Работа для маладога спецыяліста

Сёлета на работу ў Хоцімскую райбальніцу прыбыло 6 маладых спецыялістаў з Віцебскага, Гомельскага, Мінскага медуніверсітэтаў. Ім адразу выдзелілі жыллё, матэрыяльна заахвоцілі за складанасць і напружанасць працы. «Магчыма нехта і застанецца, — мяркуе галоўны ўрач, таксама нядаўні малады спецыяліст Кацярына Ішуціна. — Я, напрыклад, некалькі гадоў таму атрымала размеркаванне ў Клімавічы, але прыехала ў камандзіроўку ў Хоцімск і вырашыла тут застацца. Заробак добры і адразу далі двухпакаёўку. Для параўнання: у Магілёве складана нават з інтэрнатам. Ды і з кар'ерай атрымалася нядрэнна. Працавала спачатку акушэрам-гінеколагам, потым стала загадчыцай паліклінікі, а зараз — галоўны ўрач.

Бальніца абслугоўвае Хоцімск і раён. На ўзбраенні ёсць сучасная тэхніка, напрыклад, шматфункцыянальны апарат УГД — спонсарская дапамога Нацбанка. Такіх у краіне не шмат. Урач Альфонс Хрол, які займаецца дыягностыкай, кажа, што апарат вельмі добры, ступень дакладнасці дыягназаў атрымліваецца высокая. Можна зрабіць нават УГД сэрца і сасудаў, не кажучы пра ўсё астатняе.

Не сумуюць без справы і маладыя спецыялісты. «Прыехала летам і цалкам акунулася ў работу, — усміхаецца педыятр Кацярына Гвоздзева, нядаўняя выпускніца Мінскага медуніверсітэта. — На 2066 дзетак у нас усяго два педыятры, плюс раён далі — працуем і працуем». Уражанні ад Хоцімска ў дзяўчыны станоўчыя: горад чысты, акуратны, людзі больш добрыя ў параўнанні з жыхарамі вялікіх гарадоў. Не выключае, што застанецца і пасля адпрацоўкі. Але бліжэйшыя 5 гадоў будзе тут.

З вышыні палёту

У Хоцімска два адметныя культурныя аб'екты — Свята-Троіцкі сабор і каруселі. Яны нават знаходзяцца па суседству, праз дарогу. Храм уваходзіць у спіс гісторыка-культурных помнікаў Рэспублікі Беларусь. «Звязда» ўжо неаднаразова пісала і пра яго, і пра настаяцеля архімандрыта Кірыла Бадзіча, які вярнуў гэтую святыню да жыцця. Што датычыцца каруселяў, то сярод іх ёсць наогул унікальныя. Чаго, напрыклад, варта адно кола агляду. Такога няма нават у Магілёве. А тут паспяхова працуе, катае дзетак і дарослых. Не стаяць без справы і пяць астатніх каруселяў — дзіцячыя «Космас», «Юнга» (караблік) і «Рамонак», і дарослыя — «Сюрпрыз» і «Арбіта». Захавалася нават танцпляцоўка з савецкіх часоў — знаходзіцца побач, і летам там заўсёды па вечарах танцы. Наогул з мая па кастрычнік тут не змаўкаюць галасы. У выхадныя і на святы збіраюцца адпачывальнікі не толькі з бліжэйшых Касцюковіч і Клімавіч, але нават і з Расіі. Прыязджаюць з дзецьмі, каб пакатацца, а потым зайсці ў кавярню і з'есці марожанага.

— За лета толькі на расіянах зарабілі 840 рублёў новымі, — кажа дырэктар парка культуры і адпачынку Канстанцін Андрэеў. — Атракцыёны ўнікальныя, ім па 30 гадоў, але ўсе працуюць. Яшчэ 2 батуты ставім. І дзеці бягуць сюды з задавальненнем. Побач школа, два садкі. Білеты танныя — дзіцячыя 60 капеек, дарослыя — рубель, кола агляду — рубель дваццаць. Чаму не катацца?

Даведка «Звязды»

Хоцімскі раён — самы ўсходні ў Беларусі, знаходзіцца за 430 кіламетраў ад Мінска, 200 — ад Магілёва, 150 — ад Бранска і 180 кіламетраў ад Смаленска. На яго тэрыторыі 5 заказнікаў дзяржаўнага і мясцовага прызначэння, 10 помнікаў прыроды мясцовага значэння. Фаўна прадстаўлена багатым жывёльным і птушыным светам, шмат відаў занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут ёсць нават паселішчы чорнага бусла. У раёне маюцца буйныя радовішчы трэпелу, сапрапеляў і гліны. Радовішча прыродных трэпелаў «Стальная» падрыхтавана да прамысловага асваення і з'яўляецца найбуйнейшым у Беларусі. А запасы сапрапелю, які прызначаны для гаспадарчых патрэб, складаюць прыкладна 136 тысяч тон. Мясцовыя ўлады таксама зацікаўлены ў развіцці праектаў па аграэкатурызме, дрэваапрацоўцы і прыдарожным сэрвісе. Усяго тут сфарміраваны тры дзеючыя інвестпляцоўкі і 13 перспектыўных.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тут сонца ўзыходзіць на хвілю раней

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.