Вы тут

Хто прасочыць за якасцю рэстаўрацыйных работ у Ракаўскім прадмесці?


У гістарычным цэнтры Мінска хутка распачнецца рэстаўрацыя. У 2017 годзе будуць праведзены работы ў Ракаўскім прадмесці. Заказчыкам па ўсіх праектах выступае камунальна-ўнітарнае прадпрыемства «Мінская спадчына». У 2013 годзе «Звязда» ўжо пісала пра іншы будынак у цэнтры, ён знаходзіцца па адрасе Рэвалюцыйная, 28, да якога мела дачыненне згаданая ўстанова. У той час рашэннем Міністэрства культуры работы на аб'екце былі часова прыпыненыя, з-за таго, што не адпавядалі рэстаўрацыйным нормам (і былі працягнутыя пасля выпраўлення будаўнічых хібаў). Ці можна быць упэўненым, што ў арганізацыі ўлічылі мінулыя памылкі і гэтым разам аднаўленне правядуць на належным узроўні?..


Ву­лі­ца Ра­каў­ская.

Ужо вядзецца работа па распрацоўцы праекта аднаўлення часткі тэрыторыі Ракаўскага прадмесця ў межах былой вуліцы Завальнай (Раманаўскай Слабады) і Ракаўскай. Тут плануецца рэстаўраваць тры пабудовы, што маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку будынак шпалернай фабрыкі. Адным з асноўных аб'ектаў рэканструкцыі стане таксама будынак хлебазавода №1.

З праектамі ўжо мела магчымасць азнаёміцца старшы навуковы супрацоўнік аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ірына БАЛУНЕНКА. Яна адзначыла:

— Часта даводзіцца сутыкацца з тым, што пэўнае асяроддзе (кіруючыся цалкам добрымі намерамі) дапаўняюць страчанай забудовай. Аднак згодна з Венецыянскай хартыяй, прынятай у 1964 годзе, рэстаўрацыя спыняецца тады, калі пачынаецца гіпотэза. Часта ў працэсе стварэння гэтага асяроддзя ствараюцца псеўдагістарычныя стылізацыі... Мне вельмі спадабалася канцэпцыя рэканструкцыі Ракаўскага прадмесця. Але калі прынеслі ўжо архітэктурны праект, стала відавочным — тое, што на эскізе меркавалася як сучасная забудова (тактоўная, якая гарманіруе з асяроддзем), было заменена імітацыямі будынкаў архітэктуры канца XІX — пачатку XX стагоддзяў, натуральна, менш якаснымі нават з мастацкага пункту гледжання. Добры намер захавання асяроддзя выліўся, у пэўным сэнсе, у фальсіфікацыю гісторыі. Бо гэтыя ўчасткі ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзя выглядалі крыху іначай. Праблема ў тым, што міжнародных нормаў, якія ўстанавілі ЮНЕСКА, міжнародны савет па захаванні помнікаў і славутасцяў, у нас не заўсёды прытрымліваюцца. На мой погляд, адпаведнасць гэтым дакументам павінна мець не рэкамендацыйны, а абавязковы характар.

Карэспандэнт «Звязды» звярнулася да галоўнага інжынера «Мінскай спадчыны» Міхаіла ЖЫХА. Было нечакана пачуць, што адпавядаць міжнародным нормам, на яго думку, беларускім рэстаўратарам не абавязкова. Маўляў, мы маем не такую багатую гісторыка-культурную спадчыну, як нашы замежныя суседзі. Але нават чалавеку, не спрактыкаванаму ў аднаўленчых работах, відавочна, што, калі маеш мала — захаваць гэта яшчэ больш важна.

— Параўноўваць нашу культурную спадчыну з тым багаццем, што маюць іншыя краіны, крыху некарэктна, — лічыць Міхаіл Жых. — Беларусь пацярпела як ніякая іншая краіна. Нормы Венецыянскай хартыі былі прапісаны для зусім іншых рэгіёнаў. Хартыя — мёртвы дакумент. Яе пастулаты — гэта аснова — але дыялектыка жыцця патрабуе іншага. Для любых дакументаў рэчаіснасць падказвае сваю карэктуру, уносіць змены. Гэта залежыць ад ступені захаванасці помніка, яго фізічнага, маральнага і іншага «старэння». Таму пры патрабаванні аўтэнтычнасці можна шмат пра што размаўляць. Якая аўтэнтычнасць — матэрыяльная, духоўная, прадметная?.. Часам аўтэнтычнасць бывае проста вобразнай.

Такое меркаванне аднаго з кіраўнікоў арганізацыі, якая займаецца кіраваннем нерухомай маёмасцю і адначасова выступае заказчыкам аднаўлення гістарычнага цэнтра сталіцы, прымушае непакоіцца. Ці не атрымаем мы яшчэ некалькі добра адрамантаваных дамоў замест атмасферных пабудоў, якія самой сваёй стылістыкай шмат пра што гавораць неабыякаваму гараджаніну? Начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Наталля ХВІР паабяцала, што, калі парушэнні нормаў рэстаўрацыі будуць заўважаныя, вінаватых пакараюць:

— Рада пры Міністэрстве культуры павінна адсочваць, ці адпавядае праектнае рашэнне таму, што насамрэч адбываецца на будынку, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Міністэрства разам з Мінгарвыканкамам праводзіць агляды на аб'ектах, у тым ліку выдае прадпісанні аб прыпыненні работ, калі парушаюцца нормы. Парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Калі будуць заўважаны парушэнні пры рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра сталіцы, вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці.

Як бачым, гэта гісторыя толькі пачынаецца. Пакуль не зразумела, ці плануецца выпраўляць хібы, дапушчаныя ў архітэктурным праекце? Многае залежыць і ад неабыякавасці грамадскасці. Калі нам самім не ўсё роўна, што адбываецца з сэрцам беларускай сталіцы, іншыя таксама будуць ставіцца да яго больш ашчадна.

Ірына Балуненка заўважае:

— Трэба больш пільна сачыць за захаванасцю помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў сельскай мясцовасці. Караць за парушэнне іх цэласнасці. З гэтым мы часта сутыкаемся ў сакральнай архітэктуры — у вясковых храмаў зносяць пэўныя аўтэнтычныя элементы і ставяць канструкцыі, якія раней ніколі не існавалі. Нават у полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве самавольна замянілі купал XІX стагоддзя на сучасную «цыбуліну». Гэта стварыла нават на міжнародным узроўні вялікія праблемы. Сёння, на жаль, за такі вандалізм ніхто не карае і на ранейшыя месцы страчаныя каштоўнасці не вяртае. Гістарычная праўдзівасць і мастацкая каштоўнасць помніка атрымліваецца разбуранай, але вінаватых не прыцягваюць да адказнасці. Гледзячы на гэта, і іншыя спакушаюцца рабіць не зусім сумленную рэстаўрацыю.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Архітэктурнае сэрца сталіцы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.