Вы тут

За 20 гадоў колькасць хворых на гепатыт і цыроз вырасла ў тры разы


За апошнія гадоў дваццаць колькасць хворых на гепатыт і цыроз вырасла ў тры разы. Пацыентаў з хранічнымі захворваннямі печані можна знайсці ў кожнай палаце гастраэнтэралагічнага профілю, а яшчэ ў пачатку 1990-х не маглі і аднаго адшукаць, каб прадэманстраваць студэнтам-медыкам для прыкладу.


Печань — орган унікальны. Ні сэрца, ні ныркі, ні любы іншы орган не выконвае такі аб'ём работы. Галоўнае, як вядома, самыя розныя віды абмену — тлушчавы, мінеральны... Калі клеткі печані гінуць, тыя, што засталіся, могуць узяць на сябе іх функцыі, чаму ў народзе і кажуць, нібыта печань самааднаўляецца. Аднак гэта не зусім так, як нам хацелася б. Працэс такой узаемавыручкі не бясконцы. Калі гэта, напрыклад, хранічны гепатыт, то кампенсацыя сапраўды яшчэ магчымая, аднак калі гэта цыроз — перадракавы стан — то клеткі печані, гепатацыты, гінуць незваротна.

— Што такое хранічны гепатыт? Гэта запаленне, якое працягваецца звыш шасці месяцаў. Чалавек можа нічога ў гэты час не адчуваць, але частка пячоначных клетак будзе проста гінуць, — тлумачыць дацэнт 2-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, урач-гастраэнтэролаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалай КАПРАЛАЎ. — Адкуль жа бярэцца гепатыт? Самая распаўсюджаная прычына гэтага захворвання — віруснае пашкоджанне. Вірусы гепатыту В, С і Д здольныя пранікаць у кроў. Далей вірус можа ўбудавацца ў клетку і заставацца там не размнажаючыся. Пры аслабленні імунітэту ці з нейкіх іншых прычын вірус можа пачаць размнажацца, і тады пацыент небяспечны — ён можа заразіць іншых пры кантакце з крывёй.

Самым небяспечным з'яўляецца вірус гепатыту С. Цыроз у такім выпадку развіваецца ў кожнага чацвёртага носьбіта віруса — многае будзе залежаць ад своечасовасці лячэння антывіруснымі прэпаратамі, якія блакіруюць размнажэнне віруса, а значыць, захворванне перастае прагрэсіраваць да цырозу.

Лячэнне праводзіць урач-інфекцыяніст, і адбываецца яно працяглымі курсамі. Калі ж лячэння няма наогул, або яно праводзіцца паралельна з ўжываннем алкаголю або наркатычных рэчываў, пашкоджанне будзе працягвацца. У печані ўсё больш актыўна будзе развівацца фіброзная тканка, і клеткі будуць губляць сувязь з сасудамі, не змогуць атрымліваць ні кіслароду, ні пажыўных рэчываў, а значыць, незваротна загінуць. Трагедыя ў тым, што многія хворыя трапляюць у поле зроку ўрача толькі на гэтай стадыі, калі фактычна нічым ужо дапамагчы нельга. Няма сэнсу і ў аперацыі па трансплантацыі донарскага органа. Некаторым такое сур'ёзнае ўмяшанне можа быць проціпаказана нават на больш ранніх стадыях — таму што яны злоўжывалі і працягваюць злоўжываць алкаголем. А для перасадкі патрабуецца абсалютная адмова ад спіртных напояў. Схаваць факт ужывання не ўдасца ніяк: усю праўду раскажуць спецыяльныя тэсты, якія па аналізе крыві ўстанаўліваюць, ці ўжываў чалавек алкаголь на працягу апошніх шасці месяцаў. Усё ж такі размова ідзе пра сур'ёзныя фінансавыя затраты на лячэнне такога хворага, і немагчыма выкідваць іх на вецер для таго, каб часова ратаваць пацыента, які не жадае сам сабе дапамагаць.

— Да 75 працэнтаў выпадкаў захворвання на цыроз звязаныя са злоўжываннем алкаголем. Напоі з градусам — атрута для арганізма ў цэлым і для печані ў прыватнасці. Аднак гэта не азначае, што цыроз з'явіцца літаральна адразу, пасля першай чаркі, — спатрэбіцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў, — тлумачыць Мікалай Капралаў. — Мы кажам пра злоўжыванне, але што ў такім разе ўжыванне нармальнае і ці ёсць яно ў прынцыпе? Замежныя вучоныя ўстанавілі так званую бяспечную колькасць этанолу. Гэта 40—60 г спірту ў дзень для мужчын і 20—40 г — для жанчын. Інакш кажучы, дапушчальная доза — 80—120 г 40-градуснага напою ў дзень. Два дні на тыдні пры гэтым павінны быць абсалютна цвярозымі! Больш таго, мы кажам пра людзей здаровых, а тым, у каго ёсць нейкія хранічныя захворванні, неабходна мець на ўвазе дозу яшчэ меншую, а ў некаторых выпадках не ўжываць алкаголь зусім. Трэба ўлічваць і нейкія генетычныя асаблівасці ператраўлівання. Так, у жанчын орган будзе пашкоджвацца хутчэй, чым у мужчын, у прадстаўнікоў адной народнасці — больш, чым у другой...

Як жа правільна ўжываць алкаголь? Заходнія вучоныя даследавалі і гэта. І прыйшлі да высновы, што таксічнасць алкаголю істотна зніжаецца, калі ўжываць яго выключна пасля ежы, а не на галодны страўнік.

Харчаванне пры такіх захворваннях, як гепатыт і цыроз, павінна быць разнастайным, багатым на садавіну і гародніну. Асабліва карысная для клетак печані мякаць гарбуза. А вось тлустую і вострую ежу з рацыёну трэба выдаліць.

Дарэчы, абараняць печань трэба і ад вялікай колькасці ежы. Нездарма існуе такі дыягназ, як неалкагольнае тлушчавае пашкоджанне. Урачы нярэдка цяпер карыстаюцца тэрмінам «харчовы запой», калі назіраюць людзей з атлусценнем, абумоўленым залежнасцю ад пастаяннага жавання. Пераадолець гэты від залежнасці бывае часам цяжэй, чым алкагольную, але зрабіць гэта неабходна! Атлусценне спрыяе таму, што тлушч назапашваецца не толькі пад скурай, але і ва ўнутраных органах — адкладанні тлустых кіслот у печані называюцца стэатозам. Гэта захворванне само па сабе моцна перашкаджае нармальнай рабоце органа, а калі хворы з лішняй вагой яшчэ і злоўжывае алкаголем, то мае ўсе шанцы яшчэ хутчэй прыйсці спачатку да стэатагепатыту, а затым і да цырозу.

Відавочна, знізіць вагу — такой будзе першая рэкамендацыя ўрача пацыенту. Дабівацца новай формы трэба досыць павольна. Імклівая страта масы цела можа прывесці нават да лятальнага канца. Што да пахудзення, то ніякіх асаблівых сакрэтаў тут няма. Існуюць толькі два спосабы дасягнення поспеху на гэтым шляху. Першы — зніжэнне каларыйнасці ежы, асабліва за кошт змяншэння колькасці вугляводаў і паніжэння тлустасці страў, другі — павелічэнне фізічнай актыўнасці да 1-1,5 гадзіны штодня.

Наогул, печань распраўляецца са многімі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у арганізм. Не сакрэт, неядомыя грыбы і свінец з'яўляюцца смяротнымі для гэтага органа. Аднак значна часцей пачалі сустракацца лекавыя гепатыты — колькасць хворых з такім пашкоджаннем печані ў нашай краіне павялічваецца. Галоўным чынам таму, што мы надта любім самастойна палячыцца, у тым ліку антыбіётыкамі. Між тым у некаторых людзей назіраецца спадчынная непераноснасць тэтрацыклінаў, якія проста за лічаныя дні могуць забіць печань. Шкоднае ўздзеянне на орган аказваюць і супрацьтуберкулёзныя прэпараты, некаторыя кардыялагічныя прэпараты, той жа аміядарон, аднак гэта не азначае, што іх нельга ўвогуле прымяняць у лячэбнай практыцы. Важна заўсёды прымаць лекі пад наглядам спецыяліста.

Усё пачынаецца... са слабасці

Звярніце ўвагу на свае адчуванні. У самым пачатку фарміравання хранічнага гепатыту зніжаецца працаздольнасць, з'яўляюцца кволасць, агульная слабасць, парушаецца сон. Пазней далучаецца боль і адчуванне цяжару ў правым падрабрынні, можа быць млосць, непрыемны пах з ротавай поласці, жаўцеюць склеры вачэй. У хворага на цыроз ацякаюць ногі, павялічваецца жывот, на целе з'яўляюцца сасудзістыя зорачкі.

Пры падазрэнні на праблемы з печанню ўрач павінен прызначыць біяхімічны аналіз крыві для даследавання некалькіх паказчыкаў — білірубіну, АСТ, АЛТ, гамаГТП, ЛДГ і іншыя.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Не давесці печань да цырозу...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.