Вы тут

Міжрэгіянальныя сувязі паміж Беларуссю і Францыяй шырацца


Кантракт на пастаўку 70 драўляных будынкаў падпісалі беларуская і французская кампаніі.

Міжрэгіянальныя сувязі паміж Беларуссю і Францыяй шырацца. Так, плануецца падпісаць пабрацімскае пагадненне паміж Мінскай вобласцю і рэгіёнам Верхняя Францыя. Пра гэта паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел ЛАТУШКА на І Беларуска-французскім міжрэгіянальным форуме, які адбыўся на мінулым тыдні ў Мінску.


Французскія бізнесмены прыехалі ў беларускую сталіцу, каб ацаніць інвестыцыйны патэнцыял краіны. Яны наведалі шэраг прадпрыемстваў і правялі сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрстваў. Адным з практычных вынікаў форуму стала падпісанне кантракта паміж Шклоўскім заводам газетнай паперы і французскай кампаніяй «Lоgіbаt» аб пастаўцы 70 драўляных дамоў. Гэта працяг супрацоўніцтва, якое ўжо існуе паміж краінамі. «Фактычна ў Францыі з'яўляюцца беларускія вёскі, вуліцы ці маленькія гарады. Я перакананы, што гэта вельмі перспектыўны від дзейнасці», — падкрэсліў пасол.

Акрамя гэтага, плануецца развіваць узаемадзеянне ў сферах турызму і аховы навакольнага асяроддзя. Для гэтага будуць створаны дзве рабочыя групы па адпаведных пытаннях. Павел Латушка адзначыў і іншыя напрамкі партнёрства:

— Мы пашыраем двухбаковую дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва. І за апошнія два-тры гады падпісалі некалькі пагадненняў, у тым ліку па эканоміцы і транспарце. Важным напрамкам з'яўляюцца міжрэгіянальныя сувязі, і прыярытэт тут — пабрацімства. Вядома, добры прыклад — Мінск і Ліён. Значна актывізаваліся за апошнія тры гады кантакты паміж Гомелем і Клермон-Феранам. Рэгулярна праходзяць візіты як мэраў, так і дзелавых колаў, праводзяцца сумесныя культурныя праекты. Адноўлены адносіны паміж Цэнтральным раёнам горада Мінска і горадам Неверам. Усталяваныя кантакты паміж двума Брэстамі — гэта пэўны сімвал нашага супрацоўніцтва. Летась было падпісана пагадненне паміж Партызанскім раёнам горада Мінска і Туркуэнам. Я перакананы, што ўсё гэта дасць эканамічны вынік і адаб'ецца на развіцці адносін паміж нашымі краінамі.

За апошнія чатыры гады Пасольства Беларусі ў Францыі арганізавала 35 прэзентацый інвестыцыйных магчымасцей нашай краіны і наладзіла супрацоўніцтва практычна з усімі эканамічнымі цэнтрамі Францыі.

Як вынік — на бізнес-форум у сталіцу прыехала каля сарака прадпрымальнікаў з сямі французскіх рэгіёнаў. Сустрэчу сімвалічна прымеркавалі да 40-годдзя ўсталявання пабрацімскіх сувязей паміж Мінскам і Ліёнам. На форуме быў прадстаўлены даволі шырокі спектр накірункаў патэнцыяльнага эканамічнага супрацоўніцтва: машынабудаванне, лёгкая прамысловасць, вырошчванне і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, інжынірынг буйных будаўнічах аб'ектаў, кансалтынгавыя і юрыдычныя паслугі, ахова здароўя, энергетыка.

Цікава, што да форуму ў Мінску далучыўся і шэраг іспанскіх кампаній: яны ўбачылі патэнцыял у развіцці такога супрацоўніцтва. Намеснік міністра эканомікі Беларусі Ірына КАСЦЕВІЧ расказала, чаму наша краіна становіцца больш інвестыцыйна прывабнай у свеце:

— Сёння паміж Беларуссю і Францыяй заключана 20 пагадненняў. У апошнія гады ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны адбыліся відавочныя пазітыўныя змены ў сферы правілаў вядзення бізнесу: паляпшэнне дзелавога клімату і інвестыцыйнай прывабнасці. Беларусь займае пятае месца сярод 190 краін свету па колькасці праведзеных рэформаў ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці. Яна прызнана адным з вядучых рэфарматараў у свеце. Па рэйтынгу «Вядзенне бізнесу-2017» мы занялі 37-е месца, прасунуўшыся за год на 13 пазіцый. І гэта, на наш погляд, вынік сур'ёзнай работы краіны ў гэтым напрамку.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дом пад Парыжам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.