Вы тут

Некалькі думак пра беларускае кіно


Нацыянальны конкурс кінафестывалю «Лістапад» сёлета праводзіўся трэці раз і па-ранейшаму вызначаў найлепшых у трох катэгорыях — ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Асаблівых сюрпрызаў не было і быць не магло — ну, такі ў нас кінематограф. Найлепшай ігравой карцінай стала работа Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя», якая сёлета таксама перамагла на кінафестывалі «Бульбамуві». Сярод дакументальных фільмаў галоўную ўзнагароду журы аддало «Саламанцы», што выклікала пэўныя незадаволеныя каментарыі і спрэчкі з-за яе расійскага паходжання. Работа «Даша і людаед» перамагла сярод анімацыйных канкурсантаў.


«Ты сюды больш не вернешся».

1. Першы каментарый будзе галоўным: «Лістапад» імкнецца падтрымліваць пэўную якасную планку і кіруецца гэтым імпэтам, наколькі гэта ў нашых умовах магчыма. Тут не скажаш, падсумоўваючы вынікі, «на бязрыб'і і рак — рыба», не адчуеш расчаравання, не станеш наракаць на адборшчыкаў ці беларускіх кінематаграфістаў. Далікатны і ўважлівы падыход выклікае тое ж стаўленне і павагу да кожнага гульца гэтай індустрыі ад гледача. Беларускае кіно — такое, якое ёсць, для форуму важна толькі паказаць менавіта кіно. Незадоўга да «Лістапада» ў Мінску прайшоў фестываль «Бульбамуві», у праграме якога часткова былі паказаныя і фільмы, што потым трапілі ў Нацыянальны конкурс. Прынцыпы адбору ў арганізатараў аказаліся розныя і «Бульбамуві» вызваў прыкрасць ад таго, што ідэй якасці ці канцэпцыі тут не стаяла. На «Лістападзе» яны стаялі, але трэба сказаць, эйфарыі, падобнай той, што мы адчувалі пасля мінулага Нацыянальнага конкурсу, гэтым разам таксама не ўзнікла. Мы прадказвалі адраджэнне беларускага кіно і пакуль яго не назіраем.

2. Беларускае ці не? Галоўныя ўзнагароды сярод ігравога і дакументальнага кіно атрымалі ўжо вядомыя нам карціны, бо яшчэ раней звярнулі на сябе ўвагу і хутка трапілі ў найлепшы кінакантэнт года. Гэта — фішкі лістападаўскай падборкі, філігранныя работы: «Душы мёртвыя», што маскіруюцца пад сацыяльную драму, і чорна-белая паўігравая, паўдакументальная «Саламанка». Праўда, апошняя выклікала ў свой бок пэўныя нараканні. Не ўсе былі згодныя з тым, што «Саламанка» мае права называцца беларускай. Фільм здымаўся ў Мексіцы двума беларусамі, што жывуць у Маскве. Гледзячы на ўніверсальны пасыл гэтай дзіўнай — сапраўды рэдкай — работы, на сучасныя ўмовы развіцця культуры, на складаныя сусветныя працэсы глабалізацыі трэба крыху пашырыць свае погляды і радавацца, што ў нас ёсць падстава прыняць наднацыянальную «Саламанку» ў конкурс беларускага кіно. Дарэчы, Руслан Фядотаў неяк выказаў думку, што шлях героя ў пэўнай ступені тычыцца і яго ўласнага шляху. Да таго ж, калі самі аўтары палічылі ўключэнне карціны ў конкурс беларускага кіно правільным — што тут дадаць.

«Саламанка».

3. Калі «Душы мёртвыя» і «Саламанка» не сталі адкрыццём, то іншая карціна «Ты сюды больш не вернешся» дакументаліста Дзмітрыя Махамета, што жыве на дзве краіны (Беларусь і Францыю), мела свой прэм'ерны паказ. Аповед пра бабулю, што праводзіць у роднай вясковай хаце апошняе лета перад тым, як канчаткова пераехаць да дзяцей, — праз мернае сузіранне, за час якога адбываюцца відавочныя змены. Амаль безэмацыйны, як само гэта жыццё ў беларускай цішы. Дадаць у выбранае яшчэ некалькі карцін — і спіс можна закрыць. «Лістапад» добра адбірае, але беларускае кіно гэта не ўпрыгожвае. На жаль, мы па-ранейшаму адкінутыя ад уласных дасягненняў і дасягненняў сучаснасці. Мы з разумным тварам вядзём размовы і дыскусіі пра развіццё беларускага кіно, а нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» па-ранейшаму не мае чаго даслаць на Нацыянальны конкурс. Адзінае, што сёлета аказалася ў праграме — гэта тры кароткія дакументальныя стужачкі пра беларускія замкі і дзве анімацыйныя работы. Кіно, якое магло б прадстаўляць краіну на фестывалях, тут не здымаецца — акцэнт зроблены на серыялы. Маладыя і так званыя незалежныя аўтары ствараюць кіно, але праз недахоп сродкаў на першы план тут выходзіць кароткі метр. Ён жа прэвалюе і ў Нацыянальным конкурсе. Часам бачна, якімі новыя фільмы павінны былі стаць, але для гэтага ім не хапіла грошай, таленту, ідэй, часу, працы ці нечага іншага.

4. Пакаленне без думак — маладыя аўтары ў нашай прасторы часта прыходзяць у кіно з той прычыны, што ім гэта сфера падаецца забаўнай. Гэта не дрэнна і не добра — проста так ёсць. На жаль, сам кінематограф ад гэтага страчвае і страчвае галоўнае — думкі. Новыя аўтары прыходзяць сюды, не маючы што сказаць, а гэта, магчыма, справа ўжо не толькі ўласна кіно, а сучаснасці, нацыянальнасці, беларускасці, будучыні ўвогуле. Фільмы, якім няма чым падзяліцца, — не маюць і сэнсу. Таму каб працягваць размовы пра шляхі развіцця беларускага кіно, трэба спачатку пагаварыць пра пакаленне, якое думае. А ўсё астатняе — ужо потым.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па нацыянальнай прыкмеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.