20 Верасень, чацвер

Вы тут

Новае скліканне прадстаўляе заканатворчыя ініцыятывы


Ахова навакольнага асяроддзя і сацыяльная падтрымка сталі галоўнымі тэмамі мінулага пасяджэння ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. А самымі абмеркаванымі аказаліся змены і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адпаведны законапраект, дарэчы, ініцыявалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, карыстаючыся правам заканадаўчай ініцыятывы.


Штрафы для камунальнікаў

Дэпутат Наталля ГУЙВІК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, выступіла адным з ініцыятараў законапраекта. Дакумент уводзіць шэраг навацый. Па-першае, прапануецца ўвесці адказнасць за ўключэнне ў жыроўкі платы за дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі без заключэння адпаведных дагавораў на аказанне такіх паслуг са спажыўцамі. Наталля Гуйвік расказала, што гэта навацыя прадыктаваная зваротамі грамадзян, якія неаднаразова паведамлялі пра падобныя парушэнні. У новым законапраекце прадугледжваецца адказнасць за гэта — штраф ад 4 да 10 базавых велічынь.

Па-другое, законапраект прапануе папярэджваць уласнікаў аўто аб магчымай канфіскацыі іх машыны. Гэта норма, на думку Наталлі Гуйвік, абараняе правы ўласнікаў. Так, калі кіроўца быў затрыманы за знаходжанне за рулём чужога аўтамабіля ў нецвярозым стане, уласнік аўтамабіля павінен даведацца пра гэта.

Рэвалюцыі з холадагентамі не будзе

Андрэй КАЎХУТА, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, які прысутнічаў на сесіі, адказаў на пытанні дэпутатаў пра магчымасць поўнай адмовы беларускіх прадпрыемстваў ад азонаразбуральных рэчываў. Па словах кіраўніка ведамства, неабходна больш строгае стаўленне да гэтага.

— Трэба адзначыць, што сучасная тэхніка дазваляе выкарыстоўваць іншыя холадагенты, нават воду. Прыкладам можа быць "Санта Брэмар", дзе нядаўна было ўстаноўлена новае халадзільнае абсталяванне — самае сучаснае. Там былі ўкладзены і сродкі прадпрыемстваў, і сродкі замежных фондаў, атрыманыя па лініі Праграмы развіцця ААН. Гэта дазволіла замяніць азонаразбуральнае абсталяванне. Пры гэтым трэба сказаць, што і сучаснае абсталяванне з азонаразбуральнымі рэчывамі засталося на прадпрыемстве. Магчымы рэцыклінг — перапрацоўка — гэтых холадагентаў. Гэта значыць, рэвалюцыйна рэзкага пераходу не прадугледжваецца. Але хацелася б адзначыць, што актуальнасць пытання змянення клімата, той уплыў, які мы бачым і на тэрыторыі Беларусі, патрабуюць больш кантраляванага стаўлення да азонаразбуральных рэчываў.

Абараніць маладых маці

Валянціна КУРСЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, прадставіла ў першым чытанні праект закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, што выхоўваюць дзяцей". Пра гэты дакумент "Звязда" больш падрабязна пісала яшчэ на мінулым тыдні.

— Дапамогу па цяжарнасці і родах будуць атрымліваць нават тыя катэгорыі грамадзян, якія раней яе не атрымлівалі, — расказала парламентарый. — Замацоўваецца адпаведнае права за жанчынамі, што сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці — калі яны сталі на ўлік не толькі дзяржаўны, але і ў арганізацыях аховы здароўя.

* * *

Яўген АДАМЕНКА, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы, пракаментаваў журналістам сітуацыю з экспартам беларускай харчовай прадукцыі ў Расію, а таксама нядаўняе інтэрв'ю міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца тэлеканалу АНТ.

— Добра, калі ёсць канкурэнцыя, — канстатаваў старшыня камісіі. — Дзякуючы ёй кожны імкнецца выпускаць прадукцыю больш танную і больш якасную. Наша прадукцыя запатрабавана і ў Расійскай Федэрацыі, і ў другіх краінах. Гэта кажа пра многае. Калі ў нейкіх расійскіх акругах вырабляюць падробкі нашай прадукцыі, то гэта кажа пра тое, што наша прадукцыя — пазнавальная, якасная і цэніцца спажыўцамі...

Адказваючы на пытанне, у чым прычына пастаянных "харчовых" войнаў з суседняй дзяржавай, парламентарый адзначыў: няхай сёння і ёсць пэўныя нюансы з Расіяй, але час усё рассудзіць.

— Нашы прадпрыемствы дакажуць, што не яны вінаватыя ў канфлікце. У Расіі ў асноўным нашу прадукцыю прадаюць прыватныя структуры. Не заўсёды ўсё ідзе гладка. Гэта пытанне і этычнае, і палітычнае. Напрыклад, Калінкавіцкі малочны завод ужо даўно не выпускае сухое малако, але разам з тым у нейкай федэральнай акрузе яно з'яўляецца. Зразумела, пра што гэта сведчыць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

уushkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Клопат пра маці, экалогію і... спажыўцоў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.