Вы тут

Яшчэ крыху — і электронны рэцэпт стане нормай


У найбліжэйшыя гады практыка анлайн-кансультацый урача стане распаўсюджанай. Але для гэтага спачатку ўсім нам, уключаючы дзяцей, неабходна атрымаць электронныя карткі пацыента. Можна падчас чарговага звароту ў паліклініку, а можна і спецыяльна зазірнуць з пашпартам (для дзяцей — з пасведчаннем аб нараджэнні).


Сама па сабе электронная картка пацыента — звычайны пластык, якіх шмат цяпер у нашых кашальках. Гэта не флэшка з нейкай каштоўнай інфармацыяй, бо ўсё, што там ёсць, — гэта ідэнтыфікацыйны нумар, з дапамогай якога можна атрымаць доступ да інфармацыі, якая захоўваецца на серверах у камп'ютарах медустаноў.

— Пакуль размова ідзе толькі пра лакальную базу даных у канкрэтных медустановах, — тлумачыць кіраўнік аддзела арганізацыйна-метадычнага і сістэмна-тэхнічнага суправаджэння інфарматызацыі аховы здароўя РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя Сямён ПАЛЯКОЎ. — А з наступнага года пачынаецца маштабны праект мадэрнізацыі аховы здароўя. На працяг стварэння электроннай аховы здароўя ўрад атрымае ад Сусветнага банка 65 млн долараў у якасці займу на льготных умовах. На гэтыя сродкі будзе створаны архіў асноўнай інфармацыі аб кожным пацыенце: пол, група крыві, алергічныя рэакцыі, хранічныя дыягназы, выпіскі аб праведзеным лячэнні... Акрамя гэтага, па ўсёй краіне пачнуць працаваць розныя электронныя сэрвісы — электронны рэцэпт, электронны запіс на прыём да ўрача, будзе распрацаваны нават асабісты кабінет пацыента. Частка грошай пойдзе на інфарматызацыю бальніц і паліклінік. Завершыцца праект у 2021 годзе...

У сталіцы інфарматызацыя пачалася яшчэ ў 2006-м. Электронныя амбулаторныя карткі пацыента ёсць даўно — усе звесткі заносяцца ўрачамі ў камп'ютар. Аднак па краіне гэта яшчэ не такая распаўсюджаная практыка — не кожная медустанова камп'ютарызаваная.

Як толькі гэта адбудзецца, кожнаму з нас вельмі спатрэбіцца вышэйзгаданая электронная картка пацыента. Урач тады зможа выпісаць электронны рэцэпт, доступ да якога будзе мець любая аптэка — дзяржаўная або камерцыйная. Штрых-код на картцы дазволіць правізару ўвайсці ў базу даных і ўбачыць сам рэцэпт.

У Мінску практыка ўжо актыўна ўкараняецца, але пакуль суправаджаецца яшчэ і папяровым варыянтам. Адменены паперкі будуць тады, калі наладзіцца ўся сістэма. Пакуль жа камерцыйныя аптэкі, напрыклад, не ўцягнуліся ў гэты працэс, і карткай можна скарыстацца толькі ў аптэках дзяржаўных. Сама магчымасць выпіскі папяровага рэцэпта застанецца і надалей, але звяртацца да гэтай магчымасці ўрачы будуць толькі ў нейкіх спецыфічных сітуацыях, а ва ўсіх іншых выпадах будуць панаваць электронныя рэцэпты. Менавіта так сёння адбываецца ў іншых краінах.

Звыш 700 тысяч электронных картак пацыента паступілі ўжо ў паліклінікі, але выдадзена пакуль усяго каля 400 тысяч.

Ніхто нікога тут не падганяе, але цывілізацыю не спыніць, і аднойчы іх выдадуць усім нам, у тым ліку тым, хто абслугоўваецца ў канкрэтнай паліклініцы незалежна ад месца рэгістрацыі. «Мы ў дзве змены арганізавалі выдачу картак, дзякуючы якім нашы пацыенты могуць атрымаць талон на прыём да ўрача або выклікаць урача на дом праз інтэрнэт, неабходна картка і для электроннай чаргі, — кажа галоўны ўрач 39-й гарадской клінічнай паліклінікі г. Мінска Вольга ЯСМАНЧЫК. — Усё гэта вельмі зручна, бо вельмі эканоміць час».

Дарэчы, пілотны праект па камп'ютарызацыі пачаўся на базе 19-й, 29-й, 39-й, 34-й паліклінік Мінска яшчэ ў 2015-м, а сёлета падключыліся астатнія. Уладальнікі электронных картак пацыента могуць і зніжкі атрымаць на прэпараты ад Белфармацыі, і, звязаўшыся з урачом, напрыклад, па скайпе, папрасіць працягнуць рэцэпт, калі не трэба карэкціраваць лячэнне.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Штрых-код для пацыента

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.