Вы тут

Святкаванне Новага года ў санаторыях усё больш папулярнае


У навагоднюю ноч санаторыі будуць запоўнены пад завязку, але нават сёння яшчэ можна знайсці цікавае месца для святкавання.


Святкаванне Новага года менавіта ў санаторыях набывае ўсё большую папулярнасць як у саміх беларусаў, так і сярод замежнікаў, якім падабаецца медыцынскі складальнік у гэтых установах. «І ля пліты стаяць не трэба — поўны рэлакс на столькі дзён, на колькі пажадаеце, — кажа намеснік дырэктара прадпрыемства «ЦэнтрКурорт» Алена БАРАВІК. — Гэта можа быць і базавая пуцёўка, якая ўключае аздараўленне, навагодні банкет, разнастайныя праграмы з удзелам артыстаў, а для дзяцей — яшчэ і ранішнікі. Ёсць таксама кароткія, на два-тры дні, праграмы сустрэчы Новага года. У гэты час уся інфраструктура будзе працаваць — і цырульні, і кабінеты касметалогіі, і СПА-цэнтры.

— Аздараўленне атрымалі каля 1,3 млн чалавек, з якіх каля 730 тысяч — за кошт рэспубліканскага бюджэту і Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і больш за 550 тысяч — праз свабодную рэалізацыю фізічным і юрыдычным асобам, — расказвае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.

Сёлета адзначаўся ўстойлівы рост свабоднага продажу. Экспарт паслуг расце: выручка — прыкладна на 26 працэнтаў, колькасць кліентаў — да 220 тысяч. Што і не дзіўна. У Беларусі захавалася менавіта класічнае санаторна-курортнае лячэнне, якое і калісьці было адным з найлепшых на прасторах Савецкага Саюза, аднак у апошнія гады яно актыўна развіваецца.

«Сёлета мы завяршылі ў санаторыі «Радон» будаўніцтва апошняга бурштынавага пакоя, зробленага з калінінградскага бурштыну, — вельмі карысна і ў якасці рэлаксацыі, і для дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, — тлумачыць намеснік гендырэктара Белаграздраўніцы Віктар ПАНАМАРОЎ.

Дададзім, што цана пуцёвак, набытых за кошт рэспубліканскага бюджэту, вырасла сёлета ўсяго на 4 працэнты ў параўнанні з папярэднім годам. Што да свабоднай рэалізацыі, то попыт дыктуе прапанову, цана рэгулюецца ўласнікамі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: З басейна — на банкет

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.