Вы тут

Як прайшоў сталічны баль у духу венскага


Падаецца, усіх нявест з горада Мінска сабралі ў адной зале. Дзясяткі дзяўчат у белых пышных сукенках пад руку з кавалерамі ў чорных касцюмах ці ў мундзірах з пагонамі восем гадзін выконвалі класічныя бальныя ды народныя танцы. Такім чынам можна было пазнаць тых, хто ўпершыню бярэ ўдзел у Мінскім балі праваслаўнай моладзі, што адбыўся ў мінулую нядзелю ўжо дзявяты раз. У гэтым годзе арганізатары зладзілі яго ў венскім стылі.


Згодна з правіламі аўстрыйскага заканадаўца бальных мод — штогадовага Венскага балю — дзяўчаты, якія першы раз удзельнічаюць у мерапрыемстве, мусяць здаць экзамен у выглядзе эсэ на веданне літаратуры, замежных моў і правілаў этыкету. А потым апрануць белую сукенку, дыядэму, белыя пальчаткі на баль і станцаваць на ім вальс дэбютантаў. У беларускім варыянце абышліся без першай часткі, але асаблівую ўвагу ўдзялілі другой. Карэспандэнт «Звязды» не спужалася апрануць вясельную сукенку і таксама акунулася ў атмасферу забаў моладзі XІX стагоддзя.

Для таго каб выканаць належным чынам усе танцы, спатрэбілася тры месяцы трэніровак. Два разы на тыдзень па 3—4 гадзіны мы вучылі дзясятак разнавіднасцяў вальсаў, адточвалі павароты галавы падчас танга і спрабавалі як мінімум не наступаць свайму партнёру на ногі. За гэты час, раззнаёміўшыся, зразумелі, што танцаваць могуць усе: эканамісты, праграмісты, інжынеры, дактары, настаўніцы, маці з маленькімі дзецьмі, бізнесмены, навукоўцы і нават журналісты. «У танцы я бачу філасофію жыцця, — расказвае Лідзія КАЦ-ЛАЗАРАВА, кіраўнік клуба бальных танцаў «Мара», якая праводзіла рэпетыцыі на асноўнай пляцоўцы. — Калі казаць пра ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, то танец — гэта здольнасць дамаўляцца без слоў, спроба адчуць партнёра, магчымасць выстройваць адносіны этычна».

Сапраўды, шмат хто з удзельнікаў прызнаецца, што прыйшоў не толькі атрымаць асалоду ад вальсаў, але і адшукаць другую палову. Традыцыйна на кожным балі ёсць танец маладзёнаў, на якім сваё майстэрства дэманструюць тыя, хто пазнаёміўся на мерапрыемстве і потым ажаніўся. Шмат хто з іх прыходзіць ужо разам з дзецьмі.

Па словах Аксаны ЧЫРКО, галоўнага каардынатара сёлетняга балю і па сумяшчальніцтве кансультанта па падборы пар, пакуль дзяўчат прыходзіць значна больш, чым хлопцаў. Асабліва гэта было відаць па танцы «Па-дэ-труа», дзе кожны мужчына мусіць танцаваць адразу з дзвюма жанчынамі. Кожны з удзельнікаў дужага полу без праблем адшукаў сабе ў пару дзвюх дзяўчат. «Мужчыны чамусьці лічаць, што танцы — гэта не мужна. Маўляў, лепш я пайду ў трэнажорную залу ці спартыўную секцыю. Але танец — гэта вельмі па-мужчынску. Бо ў танцавальнай пары жанчыну вядзе менавіта мужчына, а не наадварот», — лічыць Аксана Чырко.

Праўда, аднымі танцамі арганізатары не абмежаваліся. Таксама на балі можна было пабачыць вакальныя і харэаграфічныя выступы, паўдзельнічаць у літаратурна-музычнай гасцёўні, зрабіць здымкі ў прафесійных фатографаў у спецыяльных зонах, атрымаць партрэт ад шаржыста і пачаставацца а-ля венскімі дэсертамі падчас фуршэту. Вядома, што баль менавіта праваслаўнай моладзі, таму самы моцны градус напояў мелі гарачыя кава ды гарбата. Але галава ад пастаяннага вальсавага павароту кружылася не менш, чым ад шампанскага. А калі прыйшоў час здымаць абцасы, расшнуроўваць адна адной тугія гарсэты і акуратна разбіраць мудрагелістыя прычоскі, дзяўчаты толькі паспявалі са здзіўленнем абменьвацца пытаннем без адказу: «І адкуль гэткая эйфарыя?..»

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Калі галава кружыцца не ад шампанскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.