Вы тут

Вяртанне ў дзяцінства, або Хто стварае цацкі


На першы погляд — звычайнае офіснае памяшканне: сталы, маніторы, камп'ютары, ручкі і алоўкі... Аднак замест стосаў папер практычна на кожным працоўным месцы — пластыкавыя грузавікі, караблікі і вядзерцы. Мы знаходзімся ў канструктарскім бюро найбуйнейшай у Беларусі цацачнай фабрыкі, што ў Кобрыне. Менавіта тут каманда з двух дзясяткаў інжынераў-канструктараў прыдумляе новыя забавы для дзяцей з больш чым 50 краін свету. Пра сакрэты сваёй працы і крыніцы натхнення маладыя стваральнікі цацак расказалі карэспандэнтам «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Яў­ген Пунь­ко сцвяр­джае, што гу­ляць на ра­бо­це не за­ба­ро­не­на.

Спецыялістаў такога вузкага профілю ў Беларусі нідзе не навучаюць, таму тут самі займаюцца падрыхтоўкай маладых кадраў. Па словах Аляксея Сцепанчука, начальніка аддзела па развіцці прадпрыемства «Палессе», большая частка супрацоўнікаў КБ — жыхары Кобрына. На фабрыку прыходзяць саіскальнікі з самай рознай адукацыяй: школьныя настаўнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, транспартнікі і многія іншыя. Тых, хто прайшоў гутарку, чакае спецыяльны курс навучання, разлічаны на доўгі тэрмін. За гэты час яны асвойваюць тэарэтычныя «азы» прафесіі пры дапамозе распрацаванай на прадпрыемстве літаратуры і пераймаюць досвед замацаваных за імі старэйшых калег. Прыкладна праз паўгода могуць прыступаць да самастойнай працы, а праз тры гады — выконваць буйныя праекты.

Адзін з тых, хто прайшоў «курс маладога інжынера», — начальнік аддзела па распрацоўцы 3D-мадэляў цацак Валерый РАЖКОЎ. Хлопец родам з Кобрына, адразу пасля школы пайшоў працаваць на мясцовы інструментальны завод, потым — на завод гідраўлічнага машынабудавання. Пасля службы ў арміі ён вярнуўся ў родны горад і даведаўся, што на прадпрыемстве ёсць вакансія. Паспрабаваўшы сябе на новым месцы, зразумеў, што гэта работа — для яго.

— Ніякай прадузятасці да такой работы ў мяне не было, наадварот, толькі цікаўнасць, — усміхаецца інжынер. — Хоць ужо і працаваў на вялікіх прамысловых заводах, вучыцца прыйшлося, фактычна, з нуля. За шэсць гадоў прыдумаў і стварыў недзе каля 30 вырабаў. Не магу сказаць, што больш запомнілася, — люблю ўсе свае работы аднолькава. Можна вылучыць больш маштабныя па памеры, напрыклад, грузавік «Майк», накшталт амерыканскага трэйлера. З драбнейшых — серыя «Дружок», гэта таксама аўтамабілі, толькі для маленькіх дзетак. Доўга займаўся лінейкай будаўнічага інструменту для малечы — распрацоўваў пілы, малаткі.

Кам­п'ю­тар — га­лоў­ны пра­цоў­ны ін­стру­мент інжынераў-кан­струк­та­раў: Ва­ле­рыя Раж­ко­ва (зле­ва) і Яў­ге­на Пунь­ко.

Пытаемся ў Валерыя, адкуль бярэцца натхненне? За кожным супрацоўнікам КБ замацавана пэўная тэма, у якой ён разбіраецца найлепш. Інжынеры атрымліваюць канкрэтныя тэхнічныя заданні, у якіх прапісана, якая цацка патрабуецца прадпрыемству цяпер. З гэтага моманту пачынаецца збор матэрыялу: пошук інфармацыі ў інтэрнэце, аналіз існуючых праектаў на гэту тэму. Усё апрацоўваецца аўтарам будучай цацкі, пасля чаго робяцца першыя накіды.

Большую частку свайго працоўнага часу інжынер-канструктар праводзіць за камп'ютарам, дзе ўсталяваны спецыяльныя праграмы для аб'ёмнага мадэлявання. Тут ствараецца трохмерная матэматычная мадэль будучай цацкі. Па ёй на 3D-прынтары (у КБ ёсць цэлае памяшканне, якое займаюць некалькі такіх суперсучасных апаратаў) вырабляецца першы рэальны прататып з пластыку. Гэта дазваляе візуальна ацаніць дызайн, збіральнасць і іншыя характарыстыкі. На гэтай жа стадыі ў макет могуць уносіць карэктывы.

— Я прыйшоў на фабрыку пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучыўся на спецыяльнасці «Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці», — расказвае інжынер-канструктар Яўген ПУНЬКО. — Да гэтага паспеў папрацаваць на двух прадпрыемствах па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Ранейшая праца не прыносіла задавальнення, я шукаў нешта новае, таму вырашыў паспрабаваць уладкавацца сюды. Асабліва падабалася, што тут малады калектыў — гэта заўсёды палягчае адаптацыю на новым месцы.

Вось ужо дзе наш ка­рэс­пан­дэнт «ада­рваў­ся»!

Усміхаючыся, хлопец сцвярджае, што для такой работы трэба заставацца ў нейкай ступені дзіцем — ацэньваць, ці лёгка зламаць будучую цацку, ці можа яна прычыніць шкоду. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў КБ — менш за 30 гадоў. І гэта не выпадковасць — у большасці ёсць свае маленькія дзеці (у Валерыя — дзве дачкі, цяпер у сям'і чакаюць трэцяе дзіця, у Яўгена — таксама дзяўчынка). Гэта, вядома, спрыяе таму, каб супрацоўнікі сачылі за трэндамі і былі ў курсе «цацачнай моды».

— Калі працуеш у гэтай сферы, пачынаеш іншымі вачыма глядзець на ўсю прадукцыю, — прызнаецца Яўген. — Калі раней выбіраў падарунак пляменніку, лічыце, рабіў усё наўздагад: нешта трапіла на вочы, спадабалася знешне, каштуе нядорага — набываю! Цяпер усё інакш — калі жонка прыносіць дадому няякасную цацку, адразу ж раблю вымову! Я ж бачу, добра над ёй папрацаваў канструктар, ці не.

— Ці трэба інжынерам гуляць са створанымі цацкамі? — смяецца Валерый. — Гэта неабавязковае патрабаванне, але нават дарослы чалавек, калі трымае такую рэч у руках, абавязкова пратэсціруе яе. Быў выпадак, калі набываў нешта ў гандлёвым цэнтры, і пара непадалёк выбірала падарунак дзіцяці. Узялі ў рукі распрацаваны мной кантэйнеравоз, пачалі «выпрабоўваць». Кажуць: «Глянь, якая класная цацка!» Гэта, напэўна, тое, за што я люблю сваю работу, бо яе вынікам становяцца канкрэтныя рэчы, якія, спадзяюся, падабаюцца дзецям і іх бацькам.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Кобрын — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.