БРСМ даў старт праекту «Выбіраем студатрад!», падчас якога штабы працоўных спраў саюза моладзі ва ўстановах адукацыі краіны дапамогуць хлопцам і дзяўчатам знайсці работу на лета.
— Сёлета я ўпершыню запісваюся ў студатрад, — дзеліцца першакурснік спецыяльнасці «Сістэмы радыёcувязі, радыёвяшчання і тэлебачання» Валерый ШКВАРКО ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. — Не хочацца бессэнсоўна праводзіць час летам, і запіс у працоўнай кніжцы не будзе лішнім. Ды і грошы не на апошнім месцы, хочацца нарэшце нешта набыць за свае «кроўныя». Запоўніў анкету на аператара-паштальёна ў Белпошце. Хутчэй за ўсё, буду працаваць у аддзяленні: прымаць пасылкі ў кліентаў, вырашаць пытанні па тэлефоне. Гэта мой профіль, таму магчымасць бліжэй пазнаць прафесію — яшчэ адна перавага. Акрамя гэтага, спадзяюся завесці цікавыя знаёмствы, бо студатрад — гэта не толькі работа.
Паводле слоў сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ акадэміі сувязі Алены РУМЯНЦАВАЙ, у гэтай установе адукацыі студэнтаў традыцыйна накіроўваюць на профільныя прадпрыемствы: «Белтэлекам», Белпошту, «Белсувязьбуд» і іншыя. Найбольш распаўсюджаныя вакансіі — падсобны рабочы, паштальён, кур'ер, аператар сувязі. Акрамя таго, многія ўладкоўваюцца на работу ў прыёмную камісію акадэміі. Летась установа адукацыі дапамагла працаўладкавацца 250 студэнтам, па прагнозах сёлета лічба не будзе меншай.
— Для мяне галоўны матыў пайсці летам працаваць — гэта грошы, — прызнаецца першакурсніца факультэта электрасувязі Кацярына КАЖАМЯКА. — Трэба плаціць за інтэрнат, набыць рэчы на наступны навучальны год, ды і на адпачынак грошы трэба. Уладкавалася ў прыёмную камісію, працаваць буду з сярэдзіны ліпеня да пачатку жніўня. Абяцаюць заробак ад 200 рублёў, мяне гэта задавальняе.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?