Вы тут

Ты пройдзеш, а гэта застанецца...


Сталіца адзначала юбілей Максіма Багдановіча, таму ў зале Купалаўскага тэатра было нязвыкла шмат вольных месцаў. Замаўляючы білет на «Дзве душы», я ўбачыла з густам аформленую праграму: побач — старасвецкая драўляная лыжка і срэбны відэлец з вензелем. Так што мой «тэатр» пачаўся яшчэ на адлегласці 150 км ад вешалкі: гэта, як казаў Умбэрта Эка, быў штуршок.


Штуршок-успамін. Пра драўляныя відэлец і лыжку, убачаныя пазамінулым летам у музеі ГУЛАГа на Вялікім Салавецкім востраве. Пэўна, іх рабілі розныя майстры. Відэлец быў самы звычайны. А лыжка адмысловая: канец чаранка, выразаны як відэлец, імітаваў ручку з пяццю пальцамі. Супадзенне? Выпадак? Выпадковая заканамернасць. Хутчэй, заканамернасць у абліччы выпадку, які, па словах У. Набокава, трапіў якраз у тую фортку, што для яго адчынілі. Асацыятыўная праўда пра той час.

«Дзве душы» — не толькі фрагмент маёй, даследчыка літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя, «мысленчай штодзённасці», а і ключавы ментальны канструкт як дачкі беларускай маці і бацькі-расіяніна. Таму трэцяга званка чакала з трывогай: у якой меры ўдалося рэжысёру ажыццявіць пераклад такога няпростага твора на мову іншага віду мастацтва, пагадзіць мастацкую рэальнасць розных жанраў? І з надзеяй, бо і праз дзесяць гадоў яскрава згадваюцца «Тутэйшыя», якія стварылі ў тэатральнай зале ўзнёслае, непадманнае адчуванне прысутнасці ў Маладой Беларусі...

Усякая культура мае свой набор сродкаў, якія надаюць ёй нацыянальную адметнасць. Даследчык (а ў дадзеным выпадку яго функцыю ўзяў на сябе рэжысёр), які належыць да той жа культуры, што і інтэрпрэтаваны твор, адаптуючы яго, успрымае іх як іманентна ўласцівыя. Прадстаўнік жа іншай культуры перш за ўсё адчувае гэтую агульную сістэму прыёмаў пераважна ў дрозненні ад звыклай. Творчасць М. Пінігіна, як у свой час У. Мулявіна, дае прыклад каштоўнаснага ўспрымання нацыянальнай душы беларускага мастацтва (такі сабе парафраз на тэму прарока і Айчыны...). І адметнасць гэтай душы ў тым, што яна «...дваілася». Сцверджаны М. Гарэцкім загаловачны канцэпт — ключ да інтэрпрэтацыі твора.

У свядомасці падрыхтаванага чытача аповесць М. Гарэцкага і «сцэны» паводле яе ўтвараюць своеасаблівую кальцавую кампазіцыю. Чытача ж, які ўпершыню сустрэўся з гэтай мастацкай з’явай, назва дэзарыентуе. Можна паспрачацца з У. Эка, што назва ў прынцыпе павінна заблытваць думкі, а не дысцыплінаваць іх, але варта пагадзіцца, што ў фінале чытач/глядач дапне-такі да адэкватнага вытлумачэння. Укладальнікі тэатральнай праграмы далікатна паклапаціліся расставіць на гэтым складаным шляху неабходныя вехі.

Паспяховае заглыбленне ў таямніцы свядомасці персанажа, піша Я. Гарадніцкі, непасрэдна звязана з псіхалогіяй творцы, яго патрэбнасцю маральнага абавязку перад сабой і чалавецтвам. Псіхалагічная дамінанта самога Гарэцкага заяўлена загалоўкам аповесці «Меланхолія», а яго асоба не дае ўсумніцца ў праўдзівасці максімы А. Шапенгаўэра «Усе хоць колькі выбітныя людзі — меланхолікі». Самым метафізічным і філасофскім тыпам сюжэта У. Эка называе дэтэктыўны. Гэта заўсёды гісторыя загадкі, абстрактнай мадэллю якой з’яўляецца лабірынт. Адносна «загадак» Гарэцкага — гэта лабірынт-рызома, той тып сістэмнай арганізацыі, што яшчэ толькі асвойваецца наяўнай культурай. Ва ўсякі момант часу ўсякая лінія рызомы можа быць прынцыпова і непрадказальным чынам звязана з іншай, што і здзяйсняецца па меры развіцця сюжэта.

Сапраўднай пакутай, пеклам чалавечае жыццё робіцца толькі там, пісаў Г. Гесэ, дзе перасякаюцца дзве эпохі, дзве культуры, дзве рэлігіі. Калі структура — гэта Космас, то рызома — «хаосмас», тая сітуацыя, калі, паводле Дэлёза і Гватары, свет згубіў свой стрыжань. Аповесць М. Гарэцкага рэпрэзентуе разгубленасць чалавека, які заблукаў у гэтым зменлівым, няўстойлівым свеце. Уяўны хаос нібыта і змяшчае ў сабе патэнцыйныя магчымасці новых трансфармацый. Але свет, пабудаваны як рызома, насамрэч канчаткова не дабудаваны: няма цэнтра, няма перыферыі, няма выйсця...

«Дзве душы» — сімвалічна мнагазначная форма пошуку гармоніі, дасканаласці, набліжэння да ўнутранага адзінства. Паводле Пісання, «чалавек, у якога дваяцца думкі (у “Каментарыях” да Бібліі: “з душой, якая дваіцца”) не цвёрды на ўсіх шляхах сваіх» [Іак 1, 8]. Яму было б «лепш бачыць вачыма, чым блукаць душою» [Екл 6, 7]. У пэўных фрагментах гэты пафас скіраваны на язычнікаў, якім, аднак, Пісанне не выносіць канчатковага прысуду: «…калі язычнікі, не маючы закона, па прыродзе законнае робяць, то, не маючы закона, яны самі сабе закон. Яны паказваюць, што справа закона ў іх напісана ў сэрцах, пра што сведчаць сумленне іх і думкі іх, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна другую…» [Рым 2, 14—15].

Феномен «дзве душы» ў беларускай культурнай прасторы не страчвае актуальнасці; універсальна-прэцэдэнтны, ён рэпрэзентуе шырокі дыяпазон сэнсаў. Гэта наша ўсё (ці амаль усё, ці часткова ўсё...), якое не азначае двудушнасці, а маркіруе дваістасць прыроды чалавека як спалучэнне ў ёй прыроднага і сацыяльнага; гаворыць пра дыялектыку дабра і зла, розуму і пачуцця. Як пісаў Г. Леўчык, «Розум кажа: суха, а сэрца — вільготна, / А што хоча розум, дык сэрцу маркотна». Гэта яскравая ментальная адметнасць асобы беларуса, яе арганiчная сутнасць — і разам з тым нейтральная тэрыторыя сумневу, якая супрацьстаіць дагматычнаму мысленню. «Дзве душы» як сацыяльны прэцэдэнт народжаны дваістасцю сацыяльнай рэчаіснасці, супярэчнасцю паміж чалавечым і грамадзянскім, гуманістычным і ідэалагічным.

У асабовым плане гэта паказчык праўдзівага, непадробнага стаўлення да працэсаў, з’яў і людзей. Гэта ўрэшце знак супярэчнасці паміж прыхільнасцю да традыцыйных каштоўнасцяў і складанасцю прысваення новых.

Лічба «два» не толькі генералізуе ідэйна-філасофскі змест аповесці М. Гарэцкага, але й абумоўлівае асобныя элементы мастацкай формы. Гэта і характарыстыка асяроддзя, і метафара лёсу практычна ўсіх персанажаў аповесці. Васіль і Ігнат — варыянт традыцыйнага канфлікту двух братоў. Ігнат занадта «доўга самавызначаецца», а Васіль — «добры камуніст». Але агульначалавечая частка іх душаў аднолькава не прымае дыктатуры і тэрору. У Абдзіраловіча, умоўна кажучы, дзве маці, але па розных абставінах ён не з імі, а паміж іх, як беларус паміж Усходам і Захадам. Пяшчотна-балючыя ўспаміны пра Алю Макасееву пакрысе пачынаюць выцясняцца думкамі пра Іру Сакавічанку. Свядомасць намацвае прымальны варыянт светабачання паміж пазіцый Сухавея і Канцавога.

Над тэатральнай дзеяй нельга памарудзіць так, як над кніжнай старонкай, таму ў спектаклі не магло не быць падказак для гледача. Надзвычай мэтазгодным і густоўным выявілася выкарыстанне хронікі, магчымасцей гукавых і колерава-светлавых эфектаў і, асабліва, старых здымкаў, гэтай «уходящей натуры». Заўважна, што для стваральнікаў спектакля яе актуальнасць была звязаная не з прыманнем непазбежнасці сыходу, а менавіта са спробай не даць сысці, знікнуць атмасферы ранейшага часу і яе абліччаў, захаваных уменнем фотамайстроў мінулага. Прыгажосць гэтых абліччаў не толькі і не столькі ў прапарцыянальнасці рысаў, а ў глыбіні і значнасці: «на паверхню» выходзіць высакародная душа, адбіваюцца ідэалы і каштоўнасці эпохі.

Напачатку гэта своеасаблівая калекцыя ілюзій шчасця, але іх страчваюць здымкі анфас і ў профіль... Тут праз пакуту з рознай інтэнсіўнасцю прасвечвае намаганне волі, жаданне захаваць адзінае, што засталося, — чалавечую годнасць. Але ёсць, як пісаў сам М. Гарэцкі, і вочы «...змятыя, сцёртыя». Чорна-белы фоташэраг па-свойму выяўляе феномен двайніцтва, робіцца эстэтычным прыёмам.

З аднаго боку, гэта галерэя своеасаблівых двайнікоў персанажаў, з другога — віртуальная рэальнасць мяжы двух мінулых стагоддзяў.

На мяжы чорнага і белага «жыве» шэры колер, адзін з этнадыферэнцаваных колераў беларусаў. Ён стабілізуе працэсы вакол, але заўсёды выглядае раздвоеным. Спалучэнне супрацьлеглых якасцей надае шэраму колеру адметную «псіхалогію», у тым ліку ўласцівасць адчуваць сябе адзінокім, непатрэбным і чужым. Ён ніколі не будзе першым, бо ў яго няма да гэтага ўнутранага імкнення; адзіная мэта — стабільнасць і гармонія (ад знясіленасці і стомы). Людзі, у карціне свету якіх пераважае шэры колер, выяўляюць эмацыянальную стрыманасць, якой часта спадарожнічае спусташэнне. У негатыўным значэнні колеру для яго ніколі няма будучыні — ён стары, хворы, яму заўжды чагосьці не хапае. У сваім станоўчым значэнні шэры колер упэўнены, што лепшае наперадзе, але нічога для гэтага не робіць. Ён выяўляе заўсёдную барацьбу розуму з беспрычыннай трывогай, а гэта адзін з самых істотных паказчыкаў сіндрому «дзвюх душ».

На думку псіхолагаў, шэры колер пазбаўлены ўнутранай энергіі, што можа быць ахарактарызавана такімі выразамі, як «падрэзаныя крылы», «прыбіты, паламаны, але яшчэ жывы». У шэрых апратках і атопках з’яўляецца перад гледачом вязень — Аўтар. Увядзенне вобраза Аўтара з’явілася своеасаблівай пазнакай двайніцтва, сігналам праспектыўнай кампазіцыі, тым прыёмам, што дазволіў пераадолець разрыў паміж эстэтычнымі законамі эпасу і драматургіі і прагучаў шчымлівай — не блытаць з сентыментальнасцю! — нотай праз усё сцэнічнае дзеянне, прынцыпова непрадказальна, як лінія рызомы, утварыўшы сувязь дапасавання з беларускай калыханкай, прыпеўкамі, танцамі, народнымі показкамі і анекдотамі.

Кузьма Чорны пісаў: «Як шчаслівы тыя людзі, якія і ў думках сваіх жывуць тым, чым жывуць целам…». Стан «дзвюх душ» уласцівы асобам з вымушанай, рэпрэсіўнай ідэнтычнасцю ці ідэнтычнасцю лаяльнасці, і не толькі літаратурным, а і рэальным, пра што сведчыць лёс Платона Галавача. Як стала вядома зараз, пісьменнік зрабіў беспрэцэдэнтны для свайго часу ўчынак, напісаўшы заяву аб выхадзе з партыі. Ён матываваў гэта пакутлівым станам раздвоенасці паміж літаратурнай і грамадскай працай, якая не дае яму магчымасцей для творчага росту як пісьменніка. Сам М. Гарэцкі, як сведчаць яго лісты з высылкі да родных, «раздвойваўся» паміж нязмушанасцю працы над «Камароўскай хронікай» і апрацоўкай для друку «Віленскіх камунараў».

Паводле лінейнага часу апавяданне «Роднае карэнне» (1913) і аповесць «Дзве душы» (1919) падзяляе зусім мізэрны адрэзак. А ў маштабах часу гістарычнага паміж імі пралягла цэлая эпоха. Як напісаў пра 1913-ы Б. Пастарнак, гэта быў апошні год, у які было лягчэй любіць, чым ненавідзець. «Дзве душы» як дамінанта светапогляду герояў М. Гарэцкага прысутнічае ўжо ў «Родным карэнні». Архіп Лінкевіч «раздвойваецца» ў сваім успрыманні вёскі. Розум уступае ў супярэчнасць з сэрцам. І такія — амбівалентныя — адносіны да рэчаіснасці самыя шчырыя і праўдзівыя. Праз пераадоленне супярэчнасці чалавек ідзе да ісціны, набыцця сябе. Архіп Лінкевіч мае мэту служыць доктарам на Беларусі і збіраць матэрыялы пра духоўнае жыццё свайго народа. Лявон Задума вырашае жыць, працаваць і кахаць для Беларусі. Максім Гарэцкі ахвяруе сваім Я дзеля святой справы Адраджэння...

Ёсць бясспрэчнае азначэнне нацыянальнага характару: ты пройдзеш, а гэта застанецца. Амаль (ужо?.. усяго толькі?..) сто гадоў таму М. Гарэцкі сказаў беларусам пра іх галоўны комплекс. Ёсць азначэнне, з якім можна спрачацца: не трэба змагацца з комплексамі — яны вызначаюць вашу адметнасць. Ці варта спрачацца і змагацца, кожны вырашае для сябе.

Алена БЕЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.