1/365


Раз на год, 21 лютага, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для краіны з дзвюма дзяржаўнымі мовамі гэтае свята набывае асаблівае значэнне. І адзначаюць яго студэнты й навукоўцы, спецыялісты-філолагі і ўсе неабыякавыя да лёсу мовы тытульнай нацыі. Прычым свята атрымліваецца насамрэч святам — з музыкамі, гульнямі, кірмашамі, новымі знаёмствамі, традыцыйнымі беларускімі пачастункамі. Дык куды пайсці 21 лютага сёлета?


Дранікі ў альма-матар

Студэнтам наконт святкавання пераймацца няма чаго: ці не кожная ВНУ краіны ладзіць да Дня роднай мовы шэраг мерапрыемстваў. Найяскравейшы прыклад — Інстытут журналістыкі БДУ, дзе ДРМ будзе адзначацца сёмы раз. Гэтае свята, па азначэнні саміх арганізатараў, сталася візітнай карткай журфака.

«Мерапрыемства стала традыцыйным і палюбілася кожнаму студэнту і выкладчыку. І гэта нядзіўна, бо з кожным годам арганізатары свята максімальна крэатыўна падыходзяць да тэмы. Так, мінулым разам мы “прыслухоўваліся” да роднай мовы. Памятаеце? Прагляд “Сяброў” на беларускай мове, майстарклас па стварэнні цудоўных “домікаў мар”, шэраг гульняў, выступ рок-групы “Мутнае Вока”, доўгачаканыя дранікі...»

Да Дня роднай мовы на журфаку рыхтуецца цэлая каманда, якая ўключае прадстаўнікоў мясцовых савета старастаў, студэнцкага і творчага саюзаў. Сёлета журфак упершыню праводзіць прымеркаваны да свята конкурс малюнкаў на асацыяцыю з роднай мовай — «ад дранікаў да партрэта бабулі з роднай вёскі на Палессі». Малюнак мусіць суправаджацца назвай і тлумачэннем — чаму менавіта гэтую выяву вы абралі.

Работы прымаюцца да 20 лютага, таму, калі вы студэнт, яшчэ можаце паспець узяць удзел.

Падчас святкавання ДРМ навучэнцы імкнуцца размаўляць выключна па-беларуску; на Кальварыйскай праводзяцца семінары, гульні, майстар-класы, творчыя вечарыны з кіно і вершамі. Так, пераклад на беларускую мову культавага сіткома «Сябры» мусіць быць прэзентаваны й сёлета. Гэтаксама абяцаныя нязменныя дранікі.

Гульні са словамі

Вялікая праграма ладзіцца 21 лютага ў клубе «Грай». Галоўная мэта — «паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе вялікую колькасць людзей на цікавыя ды яскравыя праекты».

Пачынаецца свята а 18-й гадзіне. Да самага завяршэння (а свята будзе доўжыцца да 22.00) у галоўнай

зале будзе праходзіць клубная інтэлектуальная гульня «Грай-квіз», прысвечаная беларускай культуры «ў шырокім сэнсе», як адзначаюць арганізатары. Гульня ўключае сем тураў, у якіх колькасць пытанняў змяншаецца ад дзевяці напачатку да трох — у апошнім туры. У той жа час у іншай зале будзе ладзіца «Гульнятэка» з беларускамоўнымі настолкамі («Багач», «Казачнік», «Прастол ВКЛ»).

Цалкам лагічна, што ў час святкавання ДРМ адбудзецца прэзентацыя другой часткі кнігі Глеба Лабадзенкі і Алесі Літвіноўскай «Мова нанова: 20 крокаў да беларускай мовы». Урокі гэтым

разам увабралі ў сябе 17 лексічных і граматычных тэм, а таксама тры тэмы, прысвечаныя Якубу Коласу, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну (што цікава, пра Якуба Коласа пісалі ягоныя нашчадкі).

Для аматараў нашай музыкі зайграюць гурты Zanzibar, Recha і Znarock. У той жа час «Арт-Сядзіба» ладзіць музычны флэш-моб у сацыяльных сетках. Кожны дзень да 21 лютага ўдзельнікі сацсеткі «УКантакце» размяшчаюць на сваіх старонках беларускамоўныя песні з хэштэгам #нашамова. Кожны дзень — новая тэма: песня, на якую ты «падсеў» упершыню; песня, якую лічыш адной з лепшых; песня, якую мусіць ведаць кожны беларус; песня пра цябе самога, пра каханне, улюбёная калыханка — і яшчэ з дзясятак тэмаў.

Мовай дабрыні

Музыка, родная мова і дабрачыннасць аб’яднаюцца падчас канцэрта «Рок дзецям на Дзень роднай мовы», што адбудзецца 22 лютага ў «Пабе Бруге». Тут зайграюць гурты #SPRBZ / THESUPERBULLZ, «ВАРОНА», BarRokka, «Дабл!» і «Р’э Мажор». Уваход на канцэрт вольны, і кожны ахвотны можа ўзяць

удзел у дабрачыннасці для дзетак. Для гэтага дастаткова прынесці фарбы, фламастары, крэйду, паперу для малявання, алоўкі, гліну, пластылін — «адным словам, усё неабходнае для творчасці!»

Сабраныя рэчы будуць перададзеныя ў дзіцячы дом.

А як вы адзначыце Дзень роднай мовы?..

Падрыхтавала Наста ГРЫШЧУК

Дарэчы:

Цэнтр беларускай мовы распачаў дзейнасць у Гомелі. Адкрыццё пляцоўкі было прымеркаванае да старту другога сезона гуртка ўжытковай беларускай мовы «Лемантар». Цяпер тут ладзяцца сустрэчы і мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры, гісторыі і сучаснасці, заняткі дзіцячага гуртка «Мова дзяцей», кінапаказы. На базе Цэнтра таксама будуць працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў, а яшчэ — што бачыцца нам самым галоўным — гарачая тэлефонная лінія па пытаннях абароны правоў беларускамоўных грамадзян. Адрас Цэнтра беларускай мовы: Гомель, вул. Кірава, 3, пакой 1-8 (1 паверх).

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.