Вы тут

Рэдагаванне як мастацтва


Мова — вялікая культурная каштоўнасць і, як кожны скарб, мае сваіх ахоўнікаў і даглядчыкаў. У гэтым пачэсным шэрагу — мовазнаўцы і выкладчыкі, карэктары і рэдактары, якія літаральна днямі займелі новае доўгачаканае выданне — першы ў Беларусі «Даведнік па літаратурнай праўцы». Аўтар Пётр Жаўняровіч — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — працаваў над гэтай кнігай цэлых дваццаць гадоў. Прэзентацыю даведніка падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу наведаў рэдактар выдання — вядомы мовазнаўца Віктар Іўчанкаў. Віктар Іванавіч павіншаваў калегу і акрэсліў месца яго работы сярод грунтоўных мовазнаўчых прац:


— Пётр Жаўняровіч стаў своеасаблівым беларускім Разенталем, хаця аўтарытэт славутага савецкага лінгвіста дагэтуль застаецца непераўзыдзеным. Дзітмар Разенталь — аўтар даведнікаў па літаратурнай праўцы і рэдагаванні, якімі карысталіся шмат пакаленняў студэнтаў і філолагаў. Для ХХ стагоддзя, для Савецкага Саюза і постсавецкай культуры ён зрабіў надзвычай патрэбную справу: тады ў афіцыйнай культуры камунікацый вельмі цанілася правільнае слова — дзе пастаўлены націск, якая форма ўжытая... Нармалізатарскі дух лунаў у паветры — сёння ж імператыўнасць, строгая абавязковасць нормы мала каму патрэбная. Цяпер многія моўныя нормы дыспазітыўныя. Напрыклад, Пётр Пятровіч настаяў, каб у яго даведніку, які з цягам часу, з перавыданнямі таксама будзе, мяркую, кананічным, формы тыпу асаблівасці, уласцівасці пісаліся з канчаткамі -аў, -яў. Аўтар мае на гэта права. Але зразумела, калі б гэта быў Разенталь, то ён бы ніякім чынам не прыняў такую дыспазіцыйнасць... Стаўленне да моўных норм у даведніку Пятра Жаўняровіча і працах Дзітмара Разенталя, вядома, некалькі адрозніваецца...

Важная асаблівасць «Даведніка па літаратурнай праўцы» — увага аўтара да спрэчных момантаў «Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», пазначэнне норм, не зафіксаваных у гэтым зводзе правіл.

Цікава, што ў выданні ў якасці прыкладаў выкарыстаны тэксты больш як 6000 аўтараў. Пётр Жаўняровіч імкнуўся паказаць усю разнастайнасць існавання мовы ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да сённяшніх маладых творцаў, а таксама прадэманстраваў, як змянялася стаўленне да пэўных слоў і выразаў.

«Даведнік па літаратурнай праўцы» складаецца з шасці раздзелаў:

— Як зямля стаіць на трох кітах, так і для вуснага маўлення галоўныя тры кіты — лексічны ўзровень, дзе галоўнае для нас — сэнс; марфалагічны, дзе гаворыцца пра формы слова; сінтаксічны, дзе паказваецца таленавітасць аўтара ў выказванні думкі. Першая, другая, шостая часткі даведніка датычаць толькі пісьмовага тэксту — яны прысвечаныя арфаграфічным, пунктуацыйным і тэхнічным нормам, — распавёў Пётр Жаўняровіч.

Шаноўныя мовазнаўцы не толькі абмяркоўвалі арфаграфічныя і марфалагічныя нормы — падчас прэзентацыі знайшлося месца лірыцы...

— Кузьма Чорны казаў, што мова — гэта жывая істота. Таму да слова, да мовы, да тэксту трэба ставіцца як да жывой істоты, — адзначыў аўтар даведніка. — Праца рэдактара — на карысць Яго Вялікасці Слова, любы ўнёсак для яго росквіту дапушчальны. Згадаем радкі Уладзіміра Караткевіча: «Ці павінны паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго перакладае?» Адпаведна, ці павінны рэдактар, які рэдагуе, памерці ў тым, каго рэдагуе? Павінны, з аднаго боку, і памерці, з іншага — праявіць прынцыповасць, калі гэтага патрабуе тэкст, — галоўнае, як успрыме тэкст чытач. Рэдактару пастаянна даводзіцца знаходзіць выхад са складаных сітуацый, таму праца рэдактара, безумоўна, творчая, гэта не майстэрства, а мастацтва.

Даведнік пабачыў свет у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне», якое з’яўляецца філіялам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі. А неўзабаве ў выдавецтве «Янушкевіч» можна будзе знайсці яшчэ адну кнігу Пятра Жаўняровіча — пераклад рамана Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы» на беларускую мову. Пётр Жаўняровіч — чалавек, які мае багата зацікаўленняў і гатовы падзяліцца не толькі плёнам навуковых даследаванняў, але і творчымі здабыткамі.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.