Вы тут

Фантазіі беларусаў пра міфічны свет


Не трэба нам усякіх замежных пакемонаў, даеш свой бестыярый!

Пазнаёміцца са зграяй прадстаўнікоў беларускага міфалагічнага свету запрашае Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, дзе цяпер знайшлі часовы прытулак Дамавік, Ёўнік, Злыдні, Жыцень, Шатаны, Дзедка, Лазавік і Жэўжык ды іншыя героі беларускага фальклора.


Між тым арганізатары выстаўкі лічаць, што тых, хто заўсёды жыў і працягвае жыць дзесьці злева, трэба ведаць не толькі па апісаннях, але і ў твар. Больш за тое, у кожнага свае постаць, нораў і звычкі, што таксама трэба мець на ўвазе. Фантазіі беларусаў пра свой міфічны свет не бяднейшыя, чым у іншых народаў. Загадчык гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава Пётр Цалка (на фота) усміхаецца, маўляў, нічога страшнага, што гэтыя істоты пасяліліся ў сценах палаца, дзе іх быць не павінна.

— Тут, канешне, прывіды гаспадароў палаца павінны быць. Але ж для фальклорных персанажаў стварылі ўтульныя ўмовы, у якіх яны могуць часова пажыць. Разам з веткаўскім музеем мы многа ездзім у экспедыцыі. Там дзясяткамі, а то і сотнямі чуем аповеды пра гэтых істот, частку якіх можна пабачыць на выстаўцы. У беларусаў у нашым ХХІ стагоддзі ў якую вёску ні зойдзеш, чуеш «вось я, сама бачыла...» Ці «калі не я, то матка мая казала, што бачыла». Да гэтага часу людзі ведаюць, што з дамавіком трэба дамовіцца, каб год добра прайшоў. Калі распачынаеш работу, то важна прасіць дазволу ў гаспадара памяшкання ці справы. Напрыклад, у Ёўніка ці ў Жытня.

Ёўнік, калі хто не ведае, — гэта сядзібны дух, які рупіцца, каб правільна палілася сушыльная печ, сохлі снапы і зерне, пасылае скразняк веяць збожжа, дае спору ў працы, а Жыцень дапамагае рабіць работу ў полі. Адны фалькларысты лічаць, што ён — сын Жытняй Бабы, а іншыя, што яе муж. Разабрацца ва ўсіх узаемаадносінах містычных суседзяў нашых продкаў не так проста, але магчыма.

— У Веткаўскім раёне нам расказвалі такую гісторыю, — працягвае Пётр Цалка. — Баба грабла сена і пабачыла, што ў карчах ляжыць голенькае дзіцятка і галосіць. Яна зняла з сябе спадніцу, загарнула дзіця і пайшла з ім дахаты. Па дарозе сустрэла жанчыну, якая кажа: «Дзякуй табе, што ты не пашкадавала спадніцу і сагрэла маё дзіця. Вось табе за гэта скручаны адрэз палатна. Шый колькі хочаш адзення, але адзіная ўмова: не разгортвай палатно да канца». Баба, канешне ж, умову не выканала, раскруціла палатно, і гэта прывяло да таго, што палатно скончылася. Жанчына, якая нам пра гэта распавядала, гаварыла: «Я не бачыла, а вось матка мая — так, бо пры ёй гэта адбывалася». Пра Расамаху чулі? Не пра Расамаху Бессмяротнага, героя галівудскага баевіка, а пра нашу. Аказваецца, у нас на Гомельшчыне таксама ёсць Расамаха. Але гэта жанчына. Расказваюць: «Мой дзед пойдзе сена касіць, чуе — галосіць жанчына. Сядзіць на ўзбярэжжы, калыхае дзіця і галосіць-галосіць. Гэта Расамаха. Яна патапіла сваіх дзяцей і сама ўтапілася. На той свет не бяруць яе душу. Вось сядзіць яна на беразе і галосіць».

Вядомы беларускі мастак Валерый Славук стварыў сваю галерэю каларытных ілюстрацый — выяў казачных персанажаў, характэрных менавіта для беларускіх уяўленняў пра нябачных істот. Дарэчы, яго вобразы выкарысталі стваральнікі праекта «LІРА.СLUB». У экспазіцыі нячысцікі набылі аб'ём — дзякуючы скульптару Антону Шыпіцы.

— Сёння вядома прыкладна 500 персанажаў беларускага міфічнага свету, але іх большасць беларусаў не ведае, — гаворыць куратар праекта Павел Арлоў. — Мяне самога дзед у дзяцінстве называў жэўжыкам. Маленькіх дзетак увогуле так часта называюць. Жэўжык — гэта вадзяны бажок, апякун рэк. Ніхто яго не можа бачыць, бо плавае ён у нябачным чоўне. Затое хутка прыходзіць на дапамогу тым, хто тоне. Жэўжыкам называюць маленькіх людзей ці проста хлапчукоў. Беларусы ў сваёй гаворцы часта ўжываюць імёны істот з беларускай міфалогіі, але не разумеюць, што гэтыя словы азначаюць. Тым больш, не ведаюць пра іх беларускі характар. Той жа Ёўнік — ён ціхі, спакойны, робіць сваю высакародную справу — сушыць, захоўвае ўраджай. Але ж, калі нехта замахваецца на ўраджай, можа і ў печку кінуць, і выгнаць з ёўні. Нашых герояў трэба папулярызаваць. Каб выстаўка была больш цікавай, мы яе рэалізуем у выглядзе адукацыйнага праект-квесту. Наведвальнікі знаёмяцца не толькі са скульптурнымі выявамі, але і з мультфільмамі і аўтарскім відэа, знятым у розных кутках Беларусі. Тут жа можна скарыстацца гарнітурай 3D-рэчаіснасці, каб літаральна з галавой нырнуць у паралельны свет.

Сам Павел Арлоў — праграміст ІT-кампаніі. Гаворыць, што міфалагічным светам продкаў захапіўся, калі стаў вывучаць гісторыю сядзібы Вялікая Ліпа ў Нясвіжскім раёне. Тады і адкрыў самабытнасць роднага фальклору. Яго мара — пасяліць паганскіх герояў у гэтай старажытнай вёсцы. А пакуль сядзіба на рэканструкцыі, калекцыя міфалагічных персанажаў вандруе па Беларусі.

— Героі, якія ёсць у нашым, беларускім фальклоры — не абстрактныя істоты, як тыя ж пакемоны, — адзначае Павел. — Між тым пакемоны сталі ўдалым камерцыйным праектам. Мікі Маўс таксама. Англічане падняліся на Гары Потэры. Сучаснае фэнтэзі вельмі папулярнае ў свеце. І нашы беларускія персанажы таксама маглі б стаць камерцыйным праектам. Урэшце ёўнікі, жэўжыкі, злыдні, шатаны і іншыя маглі б стаць каштоўнасцю не толькі культурнай спадчыны, але і прыносіць нядрэнныя грошы. Гэта могуць быць не толькі сувеніры, але і вырабы адзення з адпаведнымі выявамі, турыстычныя маршруты, камп'ютарныя гульні, кнігі... У рэалізацыі камерцыйнага праекта важна аказвацца першымі.

Між тым вартая ўвагі і ідэя ў Лельчыцкім раёне стварыць музей беларускай міфалогіі. Бо менавіта ў гэтым найпрыгажэйшым аддаленым і цяжкадаступным паўднёвым раёне Беларусі згаданыя персанажы працягваюць паўнакроўна жыць у вераваннях месцічаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пантэон нячысцікаў у класічным інтэр'еры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.