Вы тут

Работа не для робатаў


Калі вы офісны служачы (не кіраўнік), прадавец ці касір, кіроўца ці грузчык, повар ці афіцыянт, будаўнік, прыбіральшчык, ахоўнік ці фермер — у мяне для вас дрэнныя навіны. Па прагнозах вучоных-футуролагаў з Оксфардскага ўніверсітэта, ваша прафесія будзе цалкам аўтаматызавана да 2035 года. І гэта не толькі іх меркаванне: мільярдэр Марк К'юбан, прэзідэнт Сусветнага эканамічнага форуму Клаус Шваб і стваральнік кампаніі Mіcrosoft Біл Гейтс лічаць гэтак жа.


Скажыце, чарговыя казкі і ўтапічныя прагнозы? Той жа анлайн-перакладчык Google Translate чалавека пакуль не замяніў, а стаў сінонімам казусаў. Але час не стаіць на месцы: нядаўна амерыканскі пошукавік, які займаецца развіццём сэрвісу, абвясціў аб інтэграцыі ў алгарытм перакладу нейрасетак, што павінна вывесці якасць яго работы як мінімум на ўзровень не горшы за чалавечы. 3D-прынтары, што друкуюць ежу, пакуль не перамагаюць на конкурсах кулінараў, але ў кітайскім Харбіне даўно існуе рэстаран, дзе ўся работа — ад прыгатавання страў да дастаўкі іх кліентам — выконваецца робатамі. Нямецкія паштальёны таксама небеспадстаўна хвалююцца за сваю будучыню: з 2013 года служба Deutsche Post пачала выкарыстоўваць квадракоптары для дастаўкі пасылак у аддаленыя раёны.

Асабліва лёгка заўважыць працэс аўтаматызацыі ў асобных сферах. Скажам, у 2000 годзе ў сельскай гаспадарцы нашай краіны працавала 674 тысячы чалавек, цяпер — 434 тысячы. Наўрад ці нехта чуў пра беларусаў, якія масава галадаюць, так? Аб'ёмы вытворчасці прадукцыі не падаюць, а выдаткі скарачаюцца — усё гэта робіцца дзякуючы прагрэсу і ўкараненню інавацый.

Яшчэ ў 2004 годзе магчымасць перадачы кіравання камп'ютару многім экспертам здавалася малаімавернай. Але ўжо сёння машыны з аўтапілотам раз'язджаюць па ўсёй Амерыцы, няхай пакуль і ў якасці эксперымента. Зусім нядаўна стала вядома, што Прэзідэнт Беларусі падтрымаў ідэю стварэння ўмоў для развіцця беспілотнага аўтатранспарту ў нашай краіне. Фінансавая аналітыка, кадравая работа, кулінарыя — ва ўсіх гэтых сферах ужо сёння дастаткова шырока выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя алгарытмы. Праграмы паспяхова ствараюць новыя праграмы — кола замкнулася. У тэорыі робат можа займацца практычна любой працай. Так званыя нейрасеткі дазваляюць камп'ютару фактычна «вучыцца», атрымліваць новую інфармацыю і адаптавацца да знешніх умоў. У інтэрнэце даўно дзейнічае некалькі сэрвісаў, пры дапамозе якіх можна ацаніць перспектыўнасць сваёй прафесіі. Дастаткова выбраць яе ў спісе, і праграма ацэніць магчымасць таго, што вас заменяць робаты ў найбліжэйшыя
20 гадоў. Адразу скажу, што вынік вельмі рэдка бывае ніжэйшым за 80 працэнтаў. Пад ударам, між іншым, і журналістыка — алгарытмы ўмеюць збіраць інфармацыю ў сеціве і «пісаць» навіны.

Але ці варта баяцца ўсеагульнага беспрацоўя і замяшчэння людзей робатамі ва ўсіх сферах? Хутчэй, не. Напрыклад, дакладна ў «зону рызыкі» не трапляюць... гуманітарыі. Яны ў недалёкай будучыні могуць стаць не проста запатрабаванымі, а крытычна неабходнымі. У гэтай думцы сыходзяцца многія эксперты — той жа Марк К'юбан сцвярджае, што ўжо праз дзесяць гадоў попыт на спецыялістаў па гуманітарных дысцыплінах будзе вышэйшым, чым на праграмістаў і інжынераў. На першае месца выйдзе крытычная ацэнка тых дадзеных, што сабралі алгарытмы, а найлепшымі выканаўцамі гэтай работы стануць філолагі і філосафы. Не трэба забывацца і пра творчасць — камп'ютары па-ранейшаму не ўмеюць пісаць вартыя ўвагі кнігі ці музыку. Так што натхнення табе,чалавек!

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.