Вы тут

Як працуе транспартная міліцыя


Са з'яўленнем чыгункі аднымі з самых прыгожых і сучасных аб'ектаў у гарадах, праз якія яна праходзіла, сталі вакзалы. І гэта не дзіўна, бо яны выконвалі ролю візітнай карткі населенага пункта: менавіта з вакзала пачыналася знаёмства з горадам прыезджых з іншых мясцін краіны і з-за мяжы. Тут заўсёды віравала жыццё: латочнікі, рамізнікі, насільшчыкі... З цягам часу гэтыя прафесіі трансфармаваліся або наогул зніклі, а вось мітусня засталася. Сачыць за парадкам у такой атмасферы — задача складаная, аднак амаль за стагадовую гісторыю існавання транспартнай міліцыі ўдалося навучыцца паспяхова з ёй спраўляцца.


У абавязкі супрацоўнікаў гэтага падраздзялення сталічнай міліцыі ўваходзіць забеспячэнне грамадскага парадку на ўсіх аб'ектах чыгуначнага транспарту ў адміністрацыйных межах Мінска, а таксама ў рухомым саставе, у тым ліку і на тэрыторыі ўсёй Мінскай вобласці. Пералік задач немаленькі, ды і сама праца напружаная. Гэта становіцца зразумелым ужо пасля некалькіх хвілін знаходжання ў аддзяленні міліцыі, якое размяшчаецца побач з вядомай шматлікім турыстам прывакзальнай гасцініцай. Штохвілінныя званкі, разгубленыя заяўнікі, маўклівыя правапарушальнікі... Сапраўды, работа тут кіпіць.

Як расказаў намеснік камандзіра роты ППСМ мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце маёр міліцыі Андрэй ХРАЛОВІЧ, супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі дзяжураць на тэрыторыі вакзала 24 гадзіны ў суткі сем дзён на тыдзень. Акрамя таго, ім дапамагаюць прадстаўнікі АМАПа і вайсковыя нарады. Адначасова на тэрыторыі вакзала разгрупаваныя тры патрульныя нарады, два нарады АМАПа і восем нарадаў унутраных войскаў. Да таго ж па ўсім перыметры ўстаноўлена больш за 200 камер, за якімі бесперапынна сочаць, так што можна адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.

Акрамя забеспячэння грамадскага парадку, у абавязкі супрацоўнікаў міліцыі ўваходзяць папярэджанне і прафілактыка правапарушэнняў, раскрыццё і выяўленне злачынстваў, вышук і ўстанаўленне асоб, якія іх учынілі, арганізацыя барацьбы са злачыннымі замахамі на транспартныя грузы, садзейнічанне транспартным ведамствам у падтрыманні бяспекі падчас руху цягнікоў. Пасля абвастрэння міграцыйнага становішча ў свеце, а таксама ўвядзення ў дзеянне ўказа аб бязвізавым парадку ўезду і выезду на тэрыторыю Беларусі на пяць дзён асабліва актуальнай стала задача кантролю за рэжымам знаходжання ў нашай дзяржаве замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Аднак, па словах Андрэя Храловіча, ніякіх дадатковых праблем, звязаных з павелічэннем узроўню злачыннасці, не ўзнікла.

У сярэднім у дзень складаецца каля 25—30 пратаколаў, звязаных з усімі тыпамі злачынстваў і правапарушэнняў, аднак часцей за ўсё яны не носяць сістэмнага характару. Найбольшая «актыўнасць» назіраецца ў выхадныя, святочныя і перадсвяточныя дні. Акрамя таго,
з павелічэннем пасажырапатоку ў так званы дачны сезон праблемных сітуацый становіцца больш.

Самым распаўсюджаным злачынствам з'яўляюцца крадзяжы, якія ў большасці выпадкаў адбываюцца з-за няўважлівасці пасажыраў. Пакінуў рэчы на некалькі хвілін без нагляду, заснуў ці нават забыўся — і чамадана як не было. Нягледзячы на службовыя абавязкі міліцыі, не варта забываць і аб асабістай адказнасці, усё ж вакзал — гэта не тое месца, дзе можна дазволіць сабе расслабіцца. Калі рэчы ў вас усё ж такі прапалі, не варта марнаваць час на бескарысныя самастойныя пошукі злачынца, як найхутчэй варта звярнуцца да супрацоўнікаў міліцыі.

Яшчэ два распаўсюджаныя правапарушэнні, якія грамадзяне гэтым разам здзяйсняюць не з мэтай атрымання прыбытку, а з-за ўласнай бязладнасці, — гэта курэнне ў неналежным месцы і пераход чыгуначных пуцей зноў жа не там, дзе трэба. Як патлумачыў начальнік мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце палкоўнік міліцыі Аляксандр МІНЬКО, згодна з артыкулам 17.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў у месцах, дзе яно ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі забаронена, цягне накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь. Калі першы час пасля з'яўлення ўстаноўленых месцаў для курэння якія-небудзь заўвагі ў адрас курцоў выклікалі ў іх толькі здзіўленне, то цяпер большасць з іх ужо ведаюць пра тое, што, умоўна кажучы, нельга выходзіць за намаляваную на тратуары рысу. Тым не менш усё яшчэ сустракаюцца тыя, хто дэманстратыўна, нягледзячы на разумныя довады аб пасіўных курцах, якія не жадаюць быць датычнымі да іх залежнасцяў, адмаўляецца хоць у чым-небудзь сябе абмяжоўваць. Летась прадстаўнікамі мінскай транспартнай міліцыі на такіх было складзена 1232 пратаколы.

Аляксандр Мінько ўдакладніў, што згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта №28 курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў забараняецца, за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтай мэты, у тым ліку на ўсіх відах вакзалаў, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна; ва ўсіх відах грамадскага транспарту, вагонах цягнікоў, на суднах, у самалётах, за выключэннем цягнікоў далёкага накіравання, пасажырскіх судоў і самалётаў, у якіх прадугледжаны спецыяльна прызначаныя для гэтага месцы.

Што датычыцца пераходу чыгуначных пуцей у неўсталяваным месцы, то гэту вобласць рэгулюе артыкул 18.3 пункта 5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па словах начальніка мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце, падобнае правапарушэнне цягне накладанне штрафу ў памеры ад 0,2 да 2 базавых велічынь. Аднак грашовае спагнанне — далёка не самае страшнае наступства такой рызыкоўнай «эканоміі часу»: гэта вельмі траўманебяспечна, акрамя таго, кожны год не абыходзіцца без смяротных выпадкаў. Усяго ж летась было складзена 1305 пратаколаў, у гэтым годзе — ужо 217.

Калі параўноўваць з тым, што было яшчэ два дзесяцігоддзі таму, то абстаноўка ў цягніках і электрычках істотным чынам змянілася. Аб масавым гандлі, азартных гульнях ці дзейнасці махляроў зараз альбо не чуваць наогул, альбо гэта нейкія адзінкавыя выпадкі. Тым не менш супрацоўнікі міліцыі працягваюць выбарачна суправаджаць чыгуначныя саставы, найбольш загружаным напрамкам надаецца асаблівая ўвага, часам міліцыянеры працуюць разам з кантралёрамі. Як і ў многіх іншых выпадках, больш за ўсё праблем узнікае з нецвярозымі грамадзянамі.

Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што правілы існуюць у першую чаргу для таго, каб гарантаваць бяспеку саміх грамадзян, а прычыны парушаць іх — не прайсці лішнія 200 метраў або закурыць адразу на выхадзе з метро, а не праз дзве хвіліны — не вартыя магчымых наступстваў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На варотах сталіцы: у справе — міліцыя на транспарце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.