Вы тут

Фізкультура патрэбна і блізарукім


У афтальмалогіі для барацьбы з такімі распаўсюджанымі захворваннямі, як глаўкома або катаракта, паталогія сятчаткі або прыроджаная паталогія, сёння выконваюцца самыя сучасныя спосабы хірургічнага і лазернага лячэння. Укараняюцца ўласныя ўнікальныя распрацоўкі, якія або наогул не выконваюцца ў свеце, або практыкуюцца толькі ў лічаных краінах.


Летась у дзяржаўных стацыянарах праведзена каля 60 тысяч хірургічных аперацый, каля 30 тысяч — лазерных. Толькі з прычыны адслаення сятчаткі ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры (знаходзіцца на базе 10-й мінскай бальніцы) іх зроблена каля 600. У цэнтры, дарэчы, аперыруюць і дзяцей з вельмі цяжкай паталогіяй, акрамя таго, аказваюць неадкладную дапамогу. А на базе 4-й мінскай дзіцячай бальніцы размешчаны Рэспубліканскі дзіцячы афтальмалагічны цэнтр — таксама з самым сучасным абсталяваннем. Наогул у Беларусі практыкуюцца ўсе віды хірургічнага ўмяшання, якія толькі выконваюцца ў свеце. Ва ўсіх рэгіёнах робяць лазерныя аперацыі пры выяўленні рэцінапатыі неданошаных, дзякуючы чаму зніжаецца колькасць інвалідаў па зроку з такой паталогіяй. Становяцца даступнымі і высокатэхналагічныя метады абследавання, імкліва прырастае наогул колькасць розных відаў даследаванняў: функцыянальных за 5 гадоў — у тры разы, ультрагукавых — у два.

Афтальмалагічная паталогія — адна з самых распаўсюджаных праблем са здароўем у дзяцей. Галоўным чынам, сустракаюцца анамаліі рэфракцыі, міяпія. Пакідаць гэта без увагі нельга, бо нават пры слабай ступені блізарукасці могуць быць сур'ёзныя праблемы з сятчаткай, што можа скончыцца незваротнай стратай зрокавай функцыі. Развіваецца ў такіх дзяцей і касавокасць.

Цікава, што дзецям з міяпіяй нельга забараняць фізічную нагрузку, як рабілі раней, калі вызвалялі ад фізкультуры ў школе. Апошнія даследаванні паказалі, што адсутнасць умеранай фізічнай нагрузкі нават спрыяе захворванню! Карыснымі пры анамаліях рэфракцыі будуць плаванне, хада, бег, лыжы, ролікі, бадмінтон, настольны тэніс — галоўнае, абысціся без акрабатыкі.


Адбярыце ў дзяцей дробныя гаджэты

— Выкарыстанне гаджэтаў з першых гадоў жыцця прыводзіць да парушэння рэфракцыі. Ужо ў 1,5—2 гады мы выяўляем такую праблему ў дзяцей, чые бацькі вельмі радуюцца, калі тыя выдатна спраўляюцца з некаторымі функцыямі мабільнага тэлефона, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА. — Праблема ўжо нават не ў тым, што неабходна дазіраваць сам паток інфармацыі, бо лішак шкодзіць несфарміраванай псіхіцы, а ў тым, што ў дзіцячым узросце вочы яшчэ абсалютна не прыстасаваныя да работы на блізкай адлегласці! Усе цацкі да 3 гадоў павінны быць аб'ёмнымі, мяккімі, яркімі. Нельга дазваляць дзіцяці разглядваць дробны шрыфт. У раннім школьным узросце дзеці павінны карыстацца планшэтамі, прычым у 6—12 гадоў гэта павінна быць у агульнай складанасці каля гадзіны ў дзень, з абавязковымі перапынкамі. 5—15 хвілін прагляду мультфільмаў — таксама толькі на вялікім экране. Ідэальна прапанаваць дзіцяці аўдыякнігі. У процілеглым выпадку малое можа стаць і касавокім за лічаныя месяцы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.