Вы тут

Што новага з'явіцца ў Наваполацкай гарадской бальніцы?


Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца ўжо сёлета будзе мець усё, што неабходна для аказання медыцынскай дапамогі на сучасным узроўні. Застаецца атрымаць камп'ютарны тамограф і ангіёграф. Памяшканні для ўстаноўкі новай тэхнікі гатовыя, спецыялісты падрыхтаваныя. Пацыенты — у чаканні, бо, вядома, у справе атрымання лячэбнай дапамогі адлегласць мае значэнне. Адна справа ехаць па высокія тэхналогіі ў Віцебск ці нават Мінск, і другая — мець усё, што называецца, пад рукой.


Новы палачанін нарадзіўся!

Паслугамі бальніцы з 2013 года карыстаюцца не толькі жыхары самога Наваполацка, але і дзевяці навакольных раёнаў — многія з іх заўважаюць, што цяпер няма неабходнасці рвацца на абследаванне і лячэнне ў Віцебск ці сталіцу.

Мы з фотакарэспандэнтам вырашылі паглядзець у першую чаргу тое, у чым наваполацкая ўстанова аховы здароўя не саступае гарадскім бальніцам Мінска. Пачалі з асобнага корпуса радзільнага дома, які ў 2013-м быў перааснашчаны. Тут чыста, прыгожа, па-сучаснаму, і без бахілаў ды халата не пройдзеш.

— Раней існавалі два аддзяленні на 60 ложкаў у Наваполацку і Полацку, а затым быў створаны адзіны перынатальны цэнтр, — тлумачыць загадчыца радзільнага дома Маргарыта РАЗІНА. — У Полацку засталася кансультацыйная дапамога, а ўсіх парадзіх з двух гарадоў — каля 2,6—2,8 тысячы ў год — прымаем тут. Акрамя таго, усе складаныя выпадкі з дзевяці тэрытарыяльна блізкіх раёнаў таксама накіроўваюцца да нас. Практыка паказвае, што якасць аказання дапамогі стала ў выніку лепшай. За 30—40 хвілін, максімум за адну гадзіну, можа даехаць любая парадзіха. І гэта норма для родаў. Даязджаюць нават тыя, каму патрабуецца экстранная дапамога. Урачы на прыёме ўсё тлумачаць жанчынам — калі трэба ехаць, чаму не варта ні ў якім разе нараджаць дома, каб не рызыкаваць жыццём і здароўем ні сваім, ні дзіцяці.

У акушэрскім корпусе бальніцы — пяць паверхаў, тут размяшчаюцца ўласна акушэрскія і гінекалагічнае аддзяленні, рэанімацыя на шэсць ложкаў. Раней спецыяльнай рэанімацыі для парадзіх не было, а цяпер урачы-рэаніматолагі праводзяць абязбольванне ў родах — па паказаннях і па жаданні, анестэзію падчас аператыўных умяшанняў.

Да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх «падключаны» некалькі дзетак, спыняемся каля аднаго. «Немаўляты з экстрэмальна нізкай вагой, меншай за 1 кг, у нас рэдкасць — за пяць гадоў нарадзілася ўсяго чацвёра, — кажа загадчыца аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі нованароджаных Алена КУР'ЯН. — Як правіла, тут знаходзяцца такія, як вось гэта немаўля, чыя вага пры нараджэнні была 1820 г, а цяпер 1710, што абсалютна нармальна. Усе дзеці скідваюць вагу ў першыя дні пасля з'яўлення на свет. Праз некалькі дзён малы адправіцца на другі этап выходжвання ў Віцебск».

Су­час­ны рэнт­ген.

Дэмаграфічныя паказчыкі ў горадзе — адны з найлепшых па вобласці. Звычайна ў дзень нараджаецца 10—16 немаўлят, а ўсяго летась нарадзілася 1160 навапалачан. На матуль у абноўленых палатах, на 4-5 месцаў або для дзвюх, прыемна паглядзець. У індывідуальнай — платнай (усяго 3,6 рубля за суткі) — застаём 28-гадовую Кацярыну з Полацка. «Я прыехала па накіраванні крышку раней, таму ніякіх праблем з тым, як дабірацца, не было, — кажа яна. — Два гады таму нарадзіла тут дзяўчынку, а цяпер і хлопчыка вагой 3 530 кг. Цяпер наладжваю грудное кармленне».

У структуры захваральнасці на першым месцы хваробы органаў дыхання, затым сістэмы кровазвароту і скуры.

— Мы спадзяёмся, што знізіць сардэчна-сасудзістую захваральнасць дапаможа стварэнне цэнтра камп'ютарнай нейравізуалізацыі пасля ўвядзення ў эксплуатацыю камп'ютарнага тамографа, а таксама цэнтра рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі пасля завяршэння рэканструкцыі памяшкання і ўстаноўкі ангіёграфа, — расказвае галоўны ўрач Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы Сяргей НЯКРАСАЎ. — Важнай задачай застаецца зніжэнне анкалагічнай паталогіі. Летась колькасць памерлых ад раку вырасла амаль на 20 працэнтаў.

З аднаго боку, мы маем пасталенне насельніцтва, а з другога, для прамыслова-тэхнічнага горада заканамерны рост алергічных і анкалагічных захворванняў.

Да таго ж горад — гэта стрэсы, на вёсцы ў людзей зусім іншы расклад жыцця. Рост анкалагічнай паталогіі мы цяпер выяўляем і ў тых, хто выязджаў на заробкі ў Расію, не атрымліваў належнага лячэння, працаваў на шкоднай вытворчасці. А у цэлым праблема нашых мужчын сярэдняга ўзросту ў тым, што яны не бачаць неабходнасці рэгулярна наведваць урача, і, як высвятляецца, вельмі дарэмна. Праблемы з даступнасцю сёння няма — пазвані і прыедзь на прыём у любы зручны для цябе час.

Не­маў­ля на апа­ра­це штуч­най вен­ты­ля­цыі лёг­кіх.

Летась бальніца набыла сучасны рэнтгеналагічны комплекс «Космас 535», які можа захоўваць вынікі ўсіх абследаваных пацыентаў. «Сёння рэнтгеналагічнае даследаванне — гэта не плёнка, а вось такі камп'ютар, падключаны да лакальнай сеткі бальніцы, дзякуючы чаму здымкі даступныя не толькі нам падчас дыягностыкі, але і любому ўрачу, якому неабходна такая інфармацыя аб пацыенце, у тым ліку архіўная. Пры самых розных траўмах пацыент адразу дастаўляецца сюды, як, напрыклад, вось гэты хворы з пераломам таза, — кажа загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Аляксандр СУВОРАЎ.

Хірургічнае аддзяленне поўнасцю абнавілася дзесяць гадоў таму, але ў гэта цяжка паверыць — настолькі ўсё тут дагледжана і акуратна. Разлічана яно на 18 ложкаў, 12 з якіх хірургічнага профілю і 6 — кардыялагічнага. Трапляе сюды і той, хто ўпаў з вышыні, і той, хто перанёс інфаркт.

У аддзяленні анестэзіі і рэанімацыі бачым апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх, мульціфільтрат для правядзення замяшчальнай ныркавай тэрапіі, абсталяванне для плазмаферэзу, ультрафіялетавага апраменьвання крыві, лазернага лячэння.

Пад­час агля­ду ў аф­таль­мо­ла­га.

У афтальмалагічным кабінеце стандартнае абсталяванне, якое можна сустрэць у кабінеце любога сучаснага ўрача гэтага профілю. Шчылінная лямпа з добрай оптыкай, апарат ультрагукавога даследавання, рэфрактометр. «Гадоў дзесяць таму мы пралечвалі каля 700—800 чалавек у год, а цяпер каля 2,5—3 тысяч, — удакладняе ўрач-афтальмолаг Людміла РУДАВА. — Расце і захваральнасць вачэй, і колькасць цяжкіх выпадкаў, у тым ліку запаленчых станаў. Наогул вочы — люстэрка ўсіх нашых праблем са здароўем. Тая ж праблема з сасудамі, станам імуннай сістэмы абавязкова адбіваецца і на стане вачэй». Сёлета на базе афтальмалагічнага аддзялення гарадской бальніцы плануецца стварыць міжраённы цэнтр мікрахірургіі вока, для чаго будзе набыты камбінаваны афтальмалагічны лазер.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Не толькі для горада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.