Вы тут

Хто павінен аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву?


У Беларусі сёння аказваюць шырокі спектр сацыяльных паслуг, аднак у большасці выпадкаў гэтым займаюцца дзяржаўныя структуры. Прыватнікі таксама выходзяць на сацыяльны рынак, але пакуль ён не надта развіты. Мы задалі нашым экспертам пытанне: хто павінен аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву — дзяржава ці прыватныя кампаніі?


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Алег ЛЕЎШУНОЎ лічыць, што працаваць трэба разам:

— Справа ў тым, што цяпер дзяржава мае сур'ёзныя бюджэтныя выдаткі на выкананне сваіх сацыяльных абавязацельстваў, якія прадугледжвае Канстытуцыя. І наша краіна добрасумленна выконвае гэтыя функцыі. Але я лічу, пры сённяшняй сітуацыі, калі не хапае фінансаў, мы павінны вельмі шчыльна развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства, выкарыстоўваць капітал камерцыйных структур для агульнай карысці. І такі вопыт ужо ёсць: адкрываюцца прыватныя дамы для састарэлых людзей, дзе аказваецца ўсялякая дапамога. Інакш кажучы, можна зніжаць нагрузку на бюджэт за кошт развіцця бізнесу ў гэтым кірунку.

Падтрымлівае такі пункт гледжання і першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта грамадскага аб'яднання «БРСМ» Сяргей КЛІШЭВІЧ:

— Раз у нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава, то я думаю, што гэта прэрагатыва краіны разам з грамадскасцю, у якой нямала канструктыўных ідэй і праектаў. Сацыяльныя паслугі павінны аказвацца выключна ў цесным узаемадзеянні грамадскіх аб'яднанняў і дзяржавы. А прыватнікі — гэта важны складальнік, але ён павінен падключацца да нейкіх канкрэтных праектаў, прапанаваных дзяржавай, бо кіраўніцтву нашай краіны лепш відаць, у якіх кірунках трэба развіваць сацыяльную актыўнасць і дапамогу тым ці іншым грамадзянам. Я лічу, што дзяржава ў гэтай сітуацыі павінна быць органам, які курыруе і накіроўвае, а работа павінна выконвацца грамадскасцю і ў нейкай меры прыватнымі арганізацыямі. Але працаваць тут павінны ўсе, бо ў нашага народа ў крыві — дапамагаць адно аднаму і разам вырашаць тыя ці іншыя пытанні. Дзейнасць БРСМ можна ў прынцыпе назваць сацыяльна карыснай. Бо людзям, якім патрэбна дапамога, мы заўсёды яе аказваем.

Старшыня дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Свет без межаў» Таццяна ПАЕЎСКАЯ ў вырашэнні гэтага пытання прапануе абапірацца на замежны вопыт:

— Маё меркаванне такое: сацыяльныя паслугі павінны рэалізоўвацца па дзяржаўным заказе, але прыватнымі кампаніямі. Чаму? Таму што я бачу, як гэта працуе ў іншых краінах. Напрыклад, у Польшчы і Латвіі ёсць такая форма ўзаемадзеяння, і яна вельмі добра дзейнічае. Дапусцім, на чалавека з інваліднасцю вылучаецца пэўная сума. І гэтыя грошы ідуць за прыватным кліентам, а не за работнікамі. Але трэба, каб увесь працэс перадачы сацыяльнага заказу прыватным або грамадскім арганізацыям быў прадуманы. Перавага такога рашэння заключаецца ў тым, што прыватнікі зацікаўлены выконваць работу вельмі якасна для развіцця пастаяннай кліентуры. У такіх арганізацыях работа залежыць не ад гадзін выпрацоўкі, а менавіта ад якасці — гэта вельмі важная дэталь. Сацыяльны заказ ужо ёсць у Беларусі, проста яго неабходна дапрацоўваць. Наша арганізацыя не працуе ў такім фармаце, але мы хацелі б да гэтага прыйсці.

Дырэктар прыватнага Войганаўскага дома-інтэрната «Сямейны прычал» Алена ДУБОВІК падкрэслівае, што кожны з бакоў можа аказваць паслугі розным слаям насельніцтва:

— Я лічу, што аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву павінны і прыватныя арганізацыі, і дзяржава. Растлумачу: прыватную кампанію краіна не фінансуе, таму мы можам прыняць да сябе людзей, якія ў стане сябе забяспечыць матэрыяльна, гэта значыць на платнай аснове. А ёсць вельмі шмат людзей, у якіх мінімальная пенсія, адпаведна, ні адзін прыватнік не будзе іх браць, таму што гэта праца ў страту, нават у нуль не атрымаецца выйсці. Мы, як прыватная арганізацыя, знаходзімся на самазабеспячэнні, у нас свае прадукты, мы працуем самі на сябе. Дарэчы, акрамя звычайных «платнікаў», у нас знаходзяцца дзесяць «сацыяльнікаў». Такім чынам сёння мы і ўзаемадзейнічаем з дзяржавай у сферы сацыяльных паслуг.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто павінен за гэта адказваць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.