Вы тут

«Звязда» міні-ківі пасадзіла, а вы?


Калі беларусы выязджаюць на адпачынак, звяртаюць увагу ў гіпермаркетах на ўпакоўкі з міні-ківі. Гэта актынідыя — культура, якая паспяхова пакарае еўрапейскія сады. Сёння яе можна вырошчваць і ў Беларусі як альтэрнатыву ківі, па смаку яны падобныя.

Днямі ў садзе Інстытута пладаводства ў Самахвалавічах былі высаджаны новыя кусты актынідыі. У межах праграмы «Генафонд» яны былі прывезены з маскоўскага аддзялення Усерасійскага інстытута раслінаводства. Дарэчы, тутэйшыя калекцыі прызнаны набыткам Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.


Так мы садзілі міні-ківі.

«Звязда» адгукнулася на заманлівую прапанову вучоных паўдзельнічаць у пасадцы рэдкіх экзэмпляраў, якія далей будуць вывучацца і выкарыстоўвацца ў селекцыйнай рабоце. Хто ведае, можа, «нашчадкі» пасаджанай у юбілейным для газеты годзе расліны з цягам часу заквітнеюць у садах і нашых чытачоў.

— У жніўні на ёй пачынаюць выспяваць доўгія плады з вялікай колькасцю вітаміну С, актынідам, які дапамагае вырашаць праблемы са страваваннем. Яны будуць карыснымі для ляжачых бальных, цяжарных жанчын. Ягады можна перацерці з цукрам, замарозіць, зрабіць фруктовы лёд, начынку для бліноў, пончыкаў. А яшчэ гэта культура дэкаратыўная. Яе можна садзіць уздоўж участка, на мяжы ў якасці жывой агароджы. Калі яна ў чэрвені пачынае квітнець, палова ліста становіцца бела-ружовай, гэта так прыгожа! — знаёміць з «беларускімі ківі» загадчык лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур Людміла Фралова.

Дарэчы, калі надумаеце пасяліць у сябе на ўчастку гэтую прыгажуню, а можа, і якія іншыя, пакуль рэдкія расліны, можаце смела звяртацца па кансультацыі да вучоных на сайт bеlsаd.bу альбо ў наш праект «Руплівым гаспадарам».

Хочам перамен!

Ці часта ў нашым рацыёне з'яўляюцца ягады? На жаль, не, хоць у Беларусі ёсць усе ўмовы для таго, каб запусціць «ягадны канвеер». Сёння ў садах можна атрымліваць прадукцыю не горшую, а самае галоўнае, таннейшую за заморскую садавіну.

— Мы можам вырошчваць не толькі культуры ўмеранага пояса, а нават некаторыя трапічныя. Напрыклад, дзякуючы дастаткова прыдатным кліматычным умовам паспяхова ўваходзяць у вытворчасць кізіл, актынідыя, з'яўляюцца ў садах азіміна, унабі (ці кітайскі фінік), годжы і многія іншыя паўднёвыя рэчы, — заўважае Людміла Уладзіміраўна. — Сярод культур, якія варта ўводзіць у вытворчасць, — бружмель, ён дае ўраджай адным з першых — ужо ў пачатку чэрвеня (а ў паўднёвых зонах і ў канцы мая) можна збіраць смачныя ягады. Нават ажыны мала хто заводзіць. І гэта пры тым, што з'явіліся новыя сарты, безшыпныя, з буйнымі ягадамі — у некаторых яна дасягае 8 грамаў. І гэта не нейкі трук, фальсіфікацыя ці ўзмоцненая апрацоўка ўгнаеннямі, а вынік мэтанакіраванай шматгадовай селекцыі, дасягнуты і замацаваны на генетычным узроўні.

Часам, людзі спадзяюцца запасціся ягадамі ў лесе, многіх нават не спыняе, што не заўсёды там добрая экалагічная абстаноўка, ёсць зоны і з радыеактыўным забруджваннем. Акрамя таго, сучасныя культуры, выведзеныя селекцыянерамі, адрозніваюцца большай колькасцю біялагічна актыўных рэчываў, яны буйнейшыя, ураджайнейшыя, адаптаваны да новых прыродна-кліматычных умоў. Можа высветліцца, што вырошчваць ягады на сваім участку выгадней, чым штогод траціцца на бензін, каб выбрацца па лясныя дары.

На кізіле ўжо завязаліся плады.

Знаёмыя і не вельмі

Калі мы выпраўляемся на кароткую экскурсію па ягадніках Інстытута, Людміла Уладзіміраўна знаёміць з калекцыямі розных раслін, плады якіх маглі б прыйсціся даспадобы нашым гаспадынькам:

— Вы б бачылі, як прыгожа квітнеў кізіл! Толькі сышоў снег, а ён ужо пакрыўся жоўтай шапкай. Тут глогавы гай, плануем вывесці новы буйнаплодны сорт. Шаўкавіца наша любіць выспацца, часам адпачывае да канца мая, дае ў канцы жніўня выдатны ўраджай, плады багатыя на жалеза. У нас цікавая калекцыя шыпшыны: ёсць круглыя, выцягнутыя, з шыпамі і без. Прыгожа квітнеюць ірга і чаромха. У канцы жніўня прыязджайце да нас па ягады чаромхі, між іншым, на Урале іх нават у пірагі кладуць, сушаць і дадаюць у муку. Рабіна, ёсць павер'е, абараняе ад пажараў, даўней яе садзілі каля ўвахода ў дом, каб спыняць агонь. Ёсць дэкаратыўныя віды рабіны, напрыклад, «ніцай» формы, з пладамі розных колераў (напрыклад, пунсовага, чырвонага), буйнымі пладамі. Есць гранатавая — гібрыд паміж ароніяй і рабінай садовай. Яшчэ Мічурын займаўся скрыжаваннем і атрымаў такую форму, яна вельмі смачная, з яе цудоўнае варэнне. А яшчэ такія ягады чысцяць сасуды ад халестэрынавых бляшак.

Загадчык лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур Людміла Фралова.

— Дзіўна, сёння людзі імкнуцца ўпрыгожыць свой участак, але мала хто для гэтага выкарыстоўвае ягаднікі...

— Нават звычайныя культуры могуць быць дэкаратыўнымі. Напрыклад, ажыны. На некаторых сартах лісты становяцца барвянымі. Прыгожа квітнее хенамелес, спачатку ён уражвае чырвонымі як ліхтарыкі кветкамі, а пасля вырастаюць плады-яблычкі, іх перацерці з цукрам — смаката! Можна скрылікамі ў чай замест лімона класці, спалучаць з іншымі пладамі ў пюрэ ці варэнні. Ёсць ружакветныя сарты суніц, бузіна з залацістымі лістамі. Варты ўвагі бузіна чорная і чаромха. Аронія, дарэчы, культура, з якой наогул няма ніякіх турбот, у верасні становіцца барвянай, прыгожыя і чорныя ягадкі. Тут і дэкаратыўнасць, і карысць. Ягадныя культуры — гэта не толькі кусты, але і дрэвы (кізіл, глог, шаўкавіца), ліяны і травяністыя расліны, напрыклад суніцы.

— Што трэба ўлічваць пры падборы культур?

— Раю пры выбары культур абапірацца на рэестр. Часам людзі гэта ігнаруюць, кажуць: «Вы нам адсталыя сарты прапануеце, яны даўно вядомыя». Затое надзейныя, правераныя не адзін год, выпрабаваныя па ўсіх абласцях, а навінкі могуць даць 1-2 ураджаі і вымерзці.

— Гэта вясна паўплывае на ўраджай...

— Не такія вялікія маразы былі, мінус 5 для раслін не крытычна, але для фарміравання завязі гэта дрэнна. Тое, што рана зацвіло, пашкодзілася. Дзякуючы ранняй дружнай вясне шчодра квітнелі кізіл, чорныя парэчкі, агрэст, баюся, не збяром такога ўраджаю, як планавалі. Былі рэзкія скачкі тэмпературы, але дзякуючы ападкам расліны ўмацаваліся. Палівы садзейнічаюць аднаўленню пашкоджаных тканак за кошт таго, што вада мае цеплаправодную функцыю. Садаводы вясной часта выкарыстоўваюць супрацьзамаразкавыя палівы ў час цвіцення.

Хенамелес часта можна сустрэць на клумбах.

— Ёсць нейкая ўніверсальная парада, што зрабіць, каб закласці сад з новых культур?

— Ягадныя культуры — даўгавечныя, могуць на адным месцы расці 20—30 гадоў. Вы не атрымаеце ўраджаяў, калі проста пасадзіце расліну, дзе давядзецца, да закладкі саду трэба папрацаваць з зямлёй. Галоўнае, з чаго трэба пачынаць: падрыхтаваць глебу. Пазбавіцца ад пустазелля, шкоднікаў, хвароб. Калі на ўчастку былі нейкія праблемы, трэба некалькі гадоў з пасадкай ягадных культур пачакаць. Затое на тым месцы выдатна сябе могуць адчуваць тагетэсы, хрызантэмы, ачышчае глебу часнок, рапс, гарчыца. Апошнія трэба некалькі разоў за сезон сеяць і закопваць — гэта і зялёнае ўгнаенне, і барацьба з хваробамі ды шкоднікамі. Асабліва патрэбны сідэраты для бедных лёгкіх, пясчаных глеб. Сёння гной знайсці цяжка. Многія фермы падмываюць скот, і ён у вадкай форме. А ў садзе патрэбны цвёрды, перапрэлы. Таму, калі яго няма, дапамогуць сідэраты і розныя ўгнаенні, якіх зараз багата ў магазінах, аксідат торфу, гумінавыя дабаўкі, прэпараты на аснове мікраарганізмаў. Пакуль глеба будзе рыхтавацца, трэба прадумаць, што садзіць, вызначыцца з размяшчэннем радоў, раслін. Можна прыехаць да нас у госці. У межах Года навукі сёлета ладзіцца багата разнастайных праграм, гэта і семінары, і ягадныя фестывалі — можна прайсціся па садзе, паглядзець, як усё расце, прадэгуставаць. Калі ў нас набываюць пасадачны матэрыял, таксама даём багата парад, расказваем пра малавядомыя расліны людзям, рэкамендуем іх. Веру, што і кізіл, і актынідыя з цягам часу ўвойдуць у наша жыццё, бружмель зараз упэўнена крочыць па Польшчы. У нас фермеры яшчэ часам баяцца ім заняцца, бо пералік сродкаў абароны для ягадных культур вельмі абмежаваны. Вытворцы і пастаўшчыкі хіміі для ягад лічаць, што такі кірунак ім у Беларусі не выгадны, бо тут няма вялікіх насаджэнняў. Але ёсць альтэрнатыва: мульча замест гербіцыдаў, папярэдняя падрыхтоўка глебы і розныя сістэмы абрэзкі, фармоўкі — прафілактыка супраць хвароб. Трэба сказаць, што малараспаўсюджаныя ягадныя культуры практычна не пашкоджваюцца шкоднікамі і хваробамі. Напрыклад, на кізіле, шаўкавіцы, глогу няма шкоднікаў. Вось яны — культуры для арганічнага земляробства.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіаdzіulа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вітамінны канвеер

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.