Вы тут

Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць акцыю «Увага — дзеці!»


Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства, галоўная мэта якога — папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, будзе праходзіць па ўсёй краіне да пятага чэрвеня.


Пра­фі­лак­тыч­ная гуль­ня  «Го­рад бяс­печ­на­га дзя­цін­ства».

Аналіз становішча ў сферы дарожнага руху сведчыць аб тым, што менавіта ў маі—чэрвені магчыма абвастрэнне праблемы дзіцячага траўматызму. Бо, дачакаўшыся летніх канікулаў, школьнікі на тры месяцы маментальна выкідваюць з галавы не толькі старанна завучаныя нормы правапісу і табліцу множання, але нярэдка і правілы бяспечных паводзін.

Каб нагадаць дзецям і падлеткам, як належыць сябе паводзіць на дарозе, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з педагогамі правядуць тэматычныя мерапрыемствы, прафілактычныя гутаркі, акцыі і круглыя сталы. Акцэнт будзе зроблены на найбольш актуальных для школьнікаў розных узростаў Правілах дарожнага руху, звязаных з пераходам дарогі, катаннем на веласіпедзе, допускам да кіравання аўтамабілем і матацыклам. Падчас школьных сходаў прадстаўнікі ДАІ правядуць тлумачальную працу і з бацькамі, у прыватнасці, яна будзе датычыцца пытанняў кантролю за непаўналетнімі, пакінутых без нагляду, і правільнай перавозкі дзяцей у аўтамабілі. Па традыцыі міліцыянеры прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных святу «Апошняга званка».

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае ўсім кіроўцам аб неабходнасці перамяшчэння ў светлы час сутак з уключанымі на транспартным сродку блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі (пры іх наяўнасці) у перыяд правядзення спецыяльнага комплекснага мерапрыемства (п. 166.9 Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь). Дарожна-патрульныя службы будуць дзяжурыць паблізу месцаў масавага збору дзяцей.

26 мая пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Увага, кіроўцы! У школьнікаў канікулы!». У ходзе спецмерапрыемстваў супрацоўнікі ДАІ правядуць як прафілактычныя акцыі для дзяцей і бацькоў, так і рэйдавыя мерапрыемствы па спыненні парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца выкананню кіроўцамі хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей. Кіроўцам варта быць максімальна засяроджанымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе нерэгуляваных пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і ў дварах.

З пачатку гэтага года на дарогах краіны загінулі 3 дзіцяці, яшчэ 72 непаўналетнія атрымалі траўмы. У Мінску за 4 месяцы гэтага года з удзелам дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў — 6 дарожна-транспартных здарэнняў (-45,5% да 2016 г.), гібель дзяцей не дапушчана. 6 дзяцей-пешаходаў атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.

Аналіз аварыйнасці мінулых гадоў паказвае, што дзіцячы траўматызм мае ярка выражаны сезонны характар. У сярэднім 70% атрымліваюць траўмы на дарогах у шэсць цёплых месяцаў года (з мая па кастрычнік), вялікая іх частка — улетку, калі дзеці застаюцца без нагляду педагогаў і бацькоў. У чэрвені—жніўні 2016 года ў ДТЗ загінула 7 дзяцей (у 2015 г. — 5, у 2014 г. — 11), а гэта 40% ад усіх загінулых за год.

Прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў запланаваны і на летні перыяд. Сярод іх творчыя конкурсы, велаэстафеты, віктарыны, алімпіяды і многае іншае. Актыўна будуць задзейнічаныя і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, у тым ліку прышкольныя.

Аднак галоўная роля ў выхаванні дзяцей усё роўна адводзіцца бацькам. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае дарослых стаць прыкладам безумоўнага выканання Правілаў дарожнага руху, штодзённа напамінаць дзецям аб бяспечых паводзінах на дарозе, кантраляваць іх вольны час і выключыць магчымасць доступу да ключоў ад аўтамабіляў і матацыклаў.

Штодзённая статыстыка правапарушэнняў за суткі на прыкладзе 23 мая

За адзін дзень у краіне адбылося 290 ДТЗ з матэрыяльным уронам. Здзейснена 8 ДТЗ, у якіх 8 чалавек атрымалі траўмы. За кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення затрымана 47 кіроўцаў. За перавышэнне хуткасных рэжымаў руху аштрафавана 649 кіроўцаў. Выяўлены 131 факт кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць права кіравання. Выяўлена 359 кіроўцаў і пасажыраў, што праігнаравалі абавязковае патрабаванне аб прышпільванні рамянямі бяспекі. За парушэнне правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнуты 425 пешаходаў, з іх 76 за адсутнасць святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак. 60 пешаходаў знаходзіліся ў стане ап'янення.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Доўгачаканыя канікулы без шкоды для здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.