Вы тут

Беларусь можа стаць пляцоўкай для ІТ-супрацоўніцтва членаў ЦЕІ


Аб гэтым учора заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ на пасяджэнні Парламенцкага камітэта парламенцкага вымярэння Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Галоўнай тэмай сустрэчы стала інтэлектуалізацыя эканомікі ў рэгіёне ЦЕІ, а таксама інавацыйная вытворчасць, кіраванне і развіццё чалавечага капіталу.


— Не магу не закрануць актуальную сёння ў свеце тэму лічбавай трансфармацыі. Беларусь можа выступіць пляцоўкай, інтэлектуальным палігонам для супрацоўніцтва партнёраў ЦЕІ ў ІТ-індустрыі, — адзначыў беларускі сенатар. — У нас ёсць для гэтага вопыт, ёсць для гэтага веды.

Міхаіл Мясніковіч таксама дадаў, што Беларусь шмат чакае ад навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з краінамі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. «Пакуль вынікі больш чым сціплыя, хоць яшчэ ў 2009 годзе мы адкрылі ў Акадэміі навук Навуковы цэнтр другаснай сеткі ЦЕІ. Выконваліся хай эпізадычныя, але актуальныя сумесныя навуковыя даследаванні, — падкрэсліў спікер верхняй палаты. — На жаль, з 2014 года гэтая работа спынілася наогул у сувязі з праблемамі Міжнароднага цэнтра тэарэтычнай фізікі ў Італіі».

Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў арганізаваць серыю сустрэч паміж парламенцкімі групамі ЦЕІ. Падобная мера неабходная для «мазгавога штурму» і ўключэння ў трохгадовы план дзеянняў новых мер, накіраваных на паскарэнне супрацоўніцтва ў прыярытэтных сферах, адказу на глабальныя і рэгіянальныя выклікі і пагрозы. Сярод пытанняў для абмеркавання — інвестыцыйны клімат, прамысловая кааперацыя, інавацыі, тэхналогіі, лічбавая эканоміка і кібербяспека.

— Я лічу, ужо сёння мы з гонарам можам сказаць, што старшынства Беларусі ў ЦЕІ мае вялікі поспех, — адзначыў намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Эрык ЧЭРНАВІЦ. — Мы спадзяёмся, што Беларусь у найбліжэйшай будучыні зноў зойме гэтую пасаду.

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва — гэта арганізацыя, створаная ў 1989 годзе для садзейнічання развіццю ўстойлівых сувязяў паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама для недапушчэння з'яўлення новых раздзяляльных ліній у еўрапейскім рэгіёне. Сёння ў ЦЕІ налічваецца 18 краін-удзельніц. Беларусь стала членам арганізацыі ў чэрвені 1996 года, а ў 2017-м упершыню прыняла на сябе місію старшынства ў форуме.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Будучыня — за тэхналогіямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.