Вы тут

47 краін зарэгістраваліся для ўдзелу ў мінскай сесіі АБСЕ


47 краін ужо зарэгістраваліся, каб удзельнічаць у сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску, якая пройдзе з 5 па 9 ліпеня. Пра гэта паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёнай ГІБ.


Уладзімір Андрэйчанка расказаў, што Беларусь для сесіі ПА АБСЕ рыхтуе рэзалюцыю на тэму «Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў». Ён прапанаваў, каб парламентарыі Вялікабрытаніі таксама падключаліся для абмеркавання такой сур'ёзнай праблемы, як барацьба з наркатрафікам. Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў: «Нягледзячы на тое, што ў нас крыху адрозніваюцца прыярытэты ў знешняй палітыцы, калі казаць пра двухбаковыя адносіны, я не бачу на сёння вялікіх праблемных пытанняў». Да таго ж Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў сумесна абмяркоўваць і такія сур'ёзныя міжнародныя пытанні, як тэрарызм, арганізаваная злачыннасць, гандаль людзьмі і нелегальная міграцыя.

У сваю чаргу Фіёна Гіб адзначыла плённую працу з Сяргеем Алейнікам, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Кантакты спрыяюць і развіццю гандлёвых адносін. «На жаль, у мяне, як у пасла, няма магчымасці паскорыць прыход інвестыцый: гэта прыватныя рашэнні бізнесменаў, — тлумачыць спадарыня Гіб. — Але я збіраюся ўсяляк садзейнічаць зацікаўленасці бізнесменаў. Таму што ёсць вялікія магчымасці ў Беларусі. Нашы бізнесмены не вельмі добра разумеюць іх. Мая справа — прыцягнуць іх сюды разам з дапамогай спадара Алейніка».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Агульныя праблемы лягчэй вырашыць разам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.