23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Мясціны Якуба Коласа напоўненыя жыццём і сёння


Мясціны Якуба Коласа напоўненыя жыццём і сёння. Яны ззяюць хараством летняй, квітнеючай прыроды. Яны захоўваюць традыцыі народнай культуры. Яны самой сваёй атмасферай заспакойваюць, натхняюць на роздум — і дзесьці ўнутры абуджаецца прага да родных песень, да добрых беларускіх вершаў... 8-га чэрвеня споўнілася 50 гадоў з дня адкрыцця філіяла музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына», што ў Стаўбцоўскім раёне. Шаноўная дэлегацыя дзеячаў культуры, кіраўнікоў музеяў, іншых неабыякавых людзей, шчыра ўлюбёных у паэтычнае слова Якуба Коласа, наведала радзіму песняра, каб дакрануцца да яго вытокаў і аддаць належную даніну памяці.


Школьнікі Мікалаеўшчыны сустракаюць дырэктара музея Якуба Коласа Зінаіду КАМАРОЎСКУЮ.

Дзякуючы клопату старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Міцкевіча, першага дырэктара музея паэта ў Мінску, і яго наступнікаў Георгія Ткацэвіча і Зінаіды Камароўскай, былі адноўлены і музеефікаваны сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток. У свой час яны былі аб'яднаны ў Коласаўскі мемарыяльны заказнік, што сёння прадстаўляе мясціны Стаўбцоўскага краю, звязаныя з імем паэта.

— Хтосьці сказаў, што жыццё пражыць — гэта як прайсці ад хаты да хлява. Таму 50 гадоў — гэта зусім нямнога, — заўважыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ. — Час бяжыць вельмі хутка. Але застаецца памяць пра людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак ва ўшанаванне і захаванне сваіх мясцін, якія прывівалі любоў наступным пакаленням да свайго, роднага. Такую вялікую справу зрабіў Якуб Колас... Калі б не яго шчырасць, адданасць, мы б не наведвалі сёння яго сядзібы. Але я вельмі ўдзячна і ўсім рупліўцам спадчыны Коласа — гэта Марыя Міцкевіч, Яўгенія Міцкевіч, Алена Зернічэнка, Георгій Міцкевіч і многія іншыя, дзякуючы каму памяць пра паэта ашчадна захоўваецца.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір ПРАКАПЦОЎ (злева) прапануе ўнесці драўляныя скульптуры ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Разам з ім разьбяр Сяргей КЛЯШЧУК.

Варта адзначыць, што сядзібы звязаны паміж сабой мастацкім комплексам драўляных скульптур «Шлях Коласа», створаным па ініцыятыве Стаўбцоўскага райвыканкама і музея Якуба Коласа ў 1990—1992 гадах. Сёння іх аднаўленнем і рэстаўрацыяй займаецца разьбяр Сяргей Кляшчук.

— Я з вялікай радасцю адкінуў усе клопаты і прыехаў на святкаванне юбілею Коласавых мясцін, бо мне тут надзвычай хораша, — адзначыў старшыня Саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці. — Самы галоўны Коласаў скарб, які ён нам пакінуў, — гэта наша мова. Трэба задумацца, ці належным чынам мы абыходзімся з гэтым скарбам? Мы павінны памятаць, што ў апошні дзень жыцця пясняр занёс у ЦК КПБ ліст, у якім выклаў свае хваляванні пра стан роднай мовы. Але гэта было ў той час — а ці палепшылі мы нешта сёння, пасля Коласавага адыходу?.. Таму асноўная задача — каб нашы нашчадкі прыходзілі сюды, на Стаўбцоўшчыну, каб ведалі волата Бацькаўшчыны. Кожны з нас мусіць прыцягнуць да справы яшчэ некалькі чалавек, і тады будзе бачны вынік. Віншую ўсіх рупліўцаў, што шчыруюць над паэтавай спадчынай. Ад імя мастакоў гарантую падтрымку ўсім праектам, звязаным з Якубам Коласам і яго творчай спадчынай.

Падаецца, Стаўбцоўшчыну сапраўды варта наведаць, нават не ў юбілейны час. Каб лепш зразумець песняра. Каб па-новаму адкрыць для сябе хараство Беларусі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Стаўбцоўскі раён

Загаловак у газеце: Коласаў скарб

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.