Асноўныя задачы, якія стаялі перад бюджэтам на 2016 год выкананы. Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч падчас пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.
«Падчас складання бюджэту ўлічваліся кансерватыўныя ацэнкі пры планаванні даходнай і расходнай яго частак. Рэальная сітуацыя аказалася некалькі горшай, чым чакалася. Прыйшлося адаптавацца да неспрыяльных фактараў макраэканамічнага асяроддзя, арыентавацца на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы і стан спраў гандлёвых партнёраў нашай краіны. Гэта прывяло да змены ўмоў паставак тавараў і выканання даходнай часткі бюджэту. На нас паўплывала і падзенне сусветных цэн на калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты, якія з'яўляюцца асноўным індыкатарам фінансавай плацежаздольнасці нашых партнёраў», — адзначыў Максім Ермаловіч. Ён падкрэсліў, што для змякчэння ўздзеяння неспрыяльнай кан'юнктуры ў эканоміцы павышалася эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў. Напрыклад, дырэктыўнае крэдытаванне замяшчаецца новымі часовымі крыніцамі фінансавання.
У 2016 годзе падзенне даходаў бюджэту было звязана са знешнеэканамічнай дзейнасцю: з-за вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, прасяданне калійнай галіны бюджэт недаатрымаў 1,3 млрд рублёў.
«У мэтах забяспечанасці збалансаванасці бюджэту былі выпрацаваны ўрадам і зацверджаны кіраўніком дзяржавы меры ў рамках Указа Прэзідэнта ад 23 лютага 2016 г. №78. Іх рэалізацыя дазволіла перафармаціраваць бюджэт з улікам умоў функцыянавання эканомікі», — нагадаў намеснік міністра. У сукупнасці гэта дало магчымасць прыцягнуць у бюджэт 380 млн рублёў дадатковых даходаў і скараціць страты ад недапаступлення асобных крыніц даходаў да 300 млн рублёў.
Па словах Максіма Ермаловіча, з пачатку года праводзілася актывізацыя бюджэтных выдаткаў: былі скарочаны выдаткі бюджэтных арганізацый і іншыя выдаткі, звязаныя з рэалізацыяй бюджэтнай палітыкі, на агульную суму 1,6 мільярда рублёў. У выніку такіх скаардынаваных мер бюджэт у 2016 годзе быў выкананы з прафіцытам у 1 млрд рублёў або 1,1% ад ВУП. Указаны прафіцыт накіраваны на пагашэнне часткі дзярждоўгу.
«Дзяржаўны доўг на пачатак года склаў 39,2 мільярда рублёў, гэта 41,7% ВУП (пры парогавым значэнні 50%). Такім узроўнем доўгу магчыма кіраваць, але далейшы яго рост можа прывесці да дадатковых рызык», — заявіў Максім Ермаловіч . Ён падкрэсліў, што Мінфін і ўрад прыкладаюць усе намаганні, каб абмежаваць рост дзяржаўнага доўгу і паменшыць пазыковую нагрузку на бюджэт. Першы намеснік міністра паведаміў, што ў 2016 годзе Беларусь своечасова і ў поўным аб'ёме ажыццявіла плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Усяго на абслугоўванне і выкананне дзярждоўгу было накіравана больш як 7 млрд рублёў. Асноўная доля — гэта абслугоўванне знешняга доўгу,
на пагашэнне якога ў 2016 годзе было накіравана 3,2 млрд долараў. «Акрамя сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця былі прыцягнуты сродкі на ўнутраным фінансавым рынку, каб разлічыцца па гэтых даўгах», — паведаміў Максім Ермаловіч.
«Мы рыхтуемся да таго, што будзем пагашаць 800 млн долараў у пачатку наступнага года. Акрамя таго, што ў нас ёсць крыніца для гэтага пагашэння ў выглядзе рэшткаў сродкаў бюджэту на рахунках урада ў Нацыянальным банку, каб не зніжаць ЗВР, будзем праводзіць мерапрыемствы па прыцягненні гэтых сродкаў з міжнароднага рынку капіталу. Пакуль трэба прайсці ўсе стадыі падрыхтоўчай работы, каб зразумець, у якой форме гэта прыцягненне будзе адбывацца. Але магу гарантаваць, што ў наступным годзе па абавязацельствах перад знешнімі крэдыторамі мы разлічымся, як рабілі гэта апошнія як мінімум 10 гадоў», — рэзюмаваў Максім Ермаловіч.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Што за таемнымі дзвярыма?