21 студзеня, нядзеля

Вы тут

Падведзены вынікі міжнароднай антынаркатычнай аперацыі


Органы ўнутраных спраў і спецыялізаваныя падраздзяленні дзяржаў — членаў АДКБ на базе УУС Брэсцкага аблвыканкама правялі аперацыю «Канал — Заходні заслон». З 2003 года прайшло ўжо 24 этапы аперацыі «Канал», падчас якіх было канфіскавана больш за 335 тон наркатычных сродкаў.


Гэтым разам праваахоўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана дзейнічалі пры падтрымцы калег з Афганістана, Ірана, Літвы, Польшчы, а таксама прадстаўнікоў Інтэрполу, ЦАРІКЦ, АБСЕ і фінансавых разведак дзяржаў — членаў Еўразійскай групы па супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму. Асноўная ўвага была ўдзелена пастаўкам у Еўразійскі рэгіён новых відаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, так званых дызайнерскіх наркотыкаў.

У выніку аперацыі з незаконнага абароту выключана больш за 16,7 тоны наркотыкаў, з іх каля 15,5 т опію, больш за 600 кг гашышу, 55,4 кг марыхуаны, звыш 39,5 кг гераіну, каля 212 кг наркатычных сродкаў сінтэтычнага шэрагу. Дарэчы, падчас першай аперацыі «Канал» было канфіскавана менш за дзве тоны наркотыкаў.

Апошнім разам выяўлена 808 нарказлачынстваў, распачата больш за 10,6 тысячы крымінальных спраў, у тым ліку 538 — за супрацьпраўныя дзеянні, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. У правапарушальнікаў канфіскавана 242 адзінкі агнястрэльнай зброі і каля 5 тысяч боепрыпасаў, матэрыяльных каштоўнасцяў на суму больш за 107 тысяч долараў. Пры падрыхтоўцы да правядзення аперацыі была выяўлена арганізаваная злачынная група ў складзе 19 чалавек. Усе яны маюць дачыненне да паставак на тэрыторыю Беларусі забароненых прэпаратаў і распаўсюджвання іх праз сетку Інтэрнэт.

Вынікі аперацыі «Канал — Заходні заслон» былі падведзены ў Мінску падчас пасяджэння Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў (КСОСН). Савет быў створаны ў 2005 годзе як дапаможны орган Арганізацыі Дагавора калектыўнай бяспекі. На форуме размова таксама ішла аб наркасітуацыі ў дзяржавах — членах АДКБ, праблемах у барацьбе з незаконным наркатрафікам, перспектыўных кірунках сумеснай дзейнасці. Удзельнікі пазнаёміліся з вопытам МУС Беларусі ў супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў праз інтэрнэт.

— Да 90% наркотыкаў рэалізуецца з дапамогай спецыяльных інтэрнэт-крамаў, спецыялізаваных сайтаў. Склалася цэлая незаконная індустрыя, якую трэба выяўляць і выкарчоўваць толькі сумеснымі намаганнямі. Беларусь прадставіла вельмі цікавыя напрацоўкі на гэты конт, метадычныя матэрыялы, якія распаўсюджаны паміж членамі дэлегацый, — расказаў прадстаўнік Расійскай Федэрацыі, старшыня КСОСН Ігар Зубаў.

Намеснік генеральнага сакратара АДКБ Ара Бадалян адзначыў, што лічыць станоўчым вопыт Беларусі ў пытанні ўзмацнення адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў.

Ігар Зубаў дадаў, што цяпер неабходна рухацца па шляху ўзмацнення жорсткасці адказнасці за арганізаваныя формы наркабізнесу. Лідары згаданых злачынных фарміраванняў, актыўныя члены павінны несці адказнасць, адпаведную ўзроўню грамадскай небяспекі гэтай дзеі. Таксама старшыня Савета акцэнтаваў увагу на тым, што сумеснымі намаганнямі ўдалося знізіць паступленне наркотыкаў на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц АДКБ з Афганістана, нягледзячы на тое, што на яго тэрыторыі пастаянна нарошчваецца іх вытворчасць.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Амаль 17 тон «дурману»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?

Грамадства

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Не так даўно навукоўцы выявілі, што стрэс ад страты або змены месца працы ўваходзіць у топ-3 самых моцных негатыўных перажыванняў сучасных людзей. 

Грамадства

Як беларускія дзяўчаты частавалі ліванцаў стравамі з бульбы

Як беларускія дзяўчаты частавалі ліванцаў стравамі з бульбы

Ваенныя медыкі Вера Паўлянковіч і Вольга Яхнавец  былі ў Ліване з міратворчай місіяй.