Вы тут

«Вясёлка»: методыка літаратурнай адукацыі


Апошнім часам стала заўважна, што дзіцячая літаратура існуе сама па сабе, а методыкі яе выкладання — самі па сабе. Гэта датычыцца ў першую чаргу сучаснай літаратуры. У выпадку з публікацыямі часопіса для юных чытачоў і прадстаўленымі на яго старонках творамі, здаецца, усё якраз наадварот.


Пра гэта сведчыць і вялікая выдавецкая дзейнасць, распачатая калектывам «Вясёлкі» сумесна з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне», і руплівасць сяброў «Вясёлкі» — бібліятэкараў, настаўнікаў, метадыстаў… Яны шмат робяць для прапаганды часопіса, а значыць, для прапаганды беларускай дзіцячай літаратуры ўвогуле.

Як прыклад — і кніга Ірыны Буторынай «Урокі “Вясёлкі”». Справай свайго жыцця зрабіла яна метадычную работу па прапагандзе дзіцячай літаратуры і дзіцячага чытання. Чым жа цікавая кніга «Урокі “Вясёлкі”»?.. Па-першае, дапаможнік для настаўнікаў дазволіць на працягу навучальнага года правесці нямала адметных урокаў, забяспечыць іх метадычную аснову, дапаможа настаўнікам у пачатковай школе развіваць цікавасць да чытання ў самых малодшых школьнікаў. Ва ўступным слове «Ад аўтара» Ірына Буторына такім чынам характарызуе напрамак сваёй працы, адпаведна і напрамак работы чытача з яе кнігай: «Вопыт педагагічнай дзейнасці дазволіць кожнаму настаўніку ўбачыць разнастайныя магчымасці выкарыстання матэрыялаў часопіса “Вясёлка” ў адукацыйным працэсе. Творы мастацкай літаратуры розных жанраў, пазнавальны краязнаўчы матэрыял, займальныя заданні розных відаў, змешчаныя на старонках часопіса “Вясёлка”, пашыраюць кола чытання вучняў, спрыяюць назапашванню чытацкага вопыту, развіццю чытацкай самастойнасці, развіваюць інтэлектуальную, эмацыянальна-каштоўнасную сферы асобы дзіцяці». І далей сцвярджае Ірына Буторына вартасці выбару «разам з “Вясёлкай”»: «Дазволім сабе засяродзіць увагу педагогаў на важных момантах, улік якіх дапаможа вызначыць напрамкі працы з часопісам:

— Заняткі пазакласнага чытання даюць настаўніку магчымасць пазнаёміць дзяцей з народнымі і аўтарскімі мастацкімі творамі розных жанраў, удасканальваць чытацкія ўменні вучняў. Кожны нумар часопіса “Вясёлка” можна лічыць невялікім маляўніча аформленым зборнікам твораў розных жанраў і розных аўтараў. Сістэматычная праца з часопісам розных гадоў выдання дазволіць стварыць уласную бібліятэку разнастайных мастацкіх твораў дзіцячай літаратуры.

— Праца з часопісам на ўроках і ў пазавучэбнай дзейнасці дазваляе паспяхова выкарыстоўваць патэнцыял медыяадукацыі — аднаго з сучасных напрамкаў педагогікі, мэтай якога з’яўляецца навучанне і выхаванне вучняў на матэрыялах сродкаў масавай інфармацыі (у тым ліку перыядычнага друку для дзяцей).

— Часопіс “Вясёлка” мае багатую гісторыю, выдаецца на літаратурнай беларускай мове, звяртае ўвагу вучняў на прыгажосць роднага слова.

— Змест часопіса дае настаўніку шырокія магчымасці рэалізацыі міжпрадметных сувязей, развіцця пазнавальнага інтарэсу, пашырэння агульнага кругагляду вучняў…»

Гісторыя публікацый у «Вясёлцы» — гэта гісторыя беларускай дзіцячай літаратуры за некалькі дзесяцігоддзяў. За гэты час выпрацаваўся набор вызначэнняў, якія характарызуюць і часопіс як такі, і выданне ў стасунках з чытачом… Толькі пра колеры вясёлкі часопіс у розныя гады справакаваў велізарную колькасць вершаў, загадак. А герой выдання — Вася Вясёлкін... Можна рабіць сапраўднае кіно, узяўшы за аснову вось гэтыя сімвалы, вобразы, архетыпы.

 Метадычныя парады, комплекс урокаў і рознага характару заданняў для іх Ірына Буторына выбудоўвае шляхам знаёмства з публікацыямі «Вясёлкі» розных гадоў. Выразна, рэльефна выкарыстоўвае творы класікаў — Максіма Танка, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна, Васіля Віткі... Выдатна, што метадыст робіць акцэнт на знаёмстве з творамі, якія здольныя выклікаць інтарэс у юных чытачоў, захапіць іх, увесці ў гульню. Напрыклад, Ірына Буторына падкрэслівае, што з прыказкамі, скорагаворкамі, прымаўкамі школьнікі сістэматычна працуюць на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання. Падкрэслівае, што змест часопіса «Вясёлка» дазваляе сабраць і маляўніча аформіць багатую калекцыю скорагаворак, прыказак і прымавак. І называе гэты клопат сапраўднай метадычнай скарбонкай. Нагадвае, што ў яе могуць патрапіць творы Уладзіміра Мацвеенкі, Міхася Пазнякова, Міколы Чарняўскага, Анатоля Зэкава, Анатоля Клышкі. Даследчыца прыводзіць словы Васіля Віткі: «Чаму скорагаворкі так называюцца? Вы скажаце, таму, што павінны гаварыцца скора. Што праўда, то праўда. На тое яны і скорагаворкі. А вось дзеля чаго яны нам? Поўны адказ дасць той, хто скажа: скорагаворкі дапамагаюць нам вучыцца. Вучыцца радасна, весела, у ахвоту. Галоўнае ў скорагаворцы не ў тым, каб яе скора сказаць, а ў тым, каб правільна, выразна і прыгожа вымавіць кожнае слова. Скорагаворкі вучаць нас гаварыць, узбагачаюць нашу мову».

Літаральна кожная старонка работы Ірыны Буторынай — выдатная падказка для пашырэння прасторы цікаўнасці дзяцей у чытанні, у знаёмстве з беларускай кнігай. На мой погляд, паўсюль, дзе выкладаюць беларускую мову, беларускую літаратуру, дзе ідзе адукацыя на роднай мове, павінны мець кнігу «Урокі “Вясёлкі”».

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.