26 Верасень, серада

Вы тут

Едзем у вёску Лішкі


З усіх бакоў ідэальная вандроўка. Калі існуе ў свеце нешта, што ўвасабляе сумяшчэнне жадання і рэальнасці, дык гэтае нешта (прынамсі, у сённяшнім маім разуменні) знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне, у вёсцы Лішкі, каля тонкай, як слёзная вена, Свіслачы.


Ар­хі­тэк­тар быў, трэ­ба ду­маць, з вы­дум­кай: но­вы дом «да­та­чыў» да ста­рой афі­цы­ны. А ў ве­жы раз­ме­шча­на він­та­вая лес­ві­ца.

Там стаіць абсалютна свабодны двухпавярховы каменны палацык. Збудаваны ён на манер італьянскай вілы, з трохяруснай вежай, якая мае па два акенцы на кожным з чатырох сваіх бакоў — высокія, вузкія, з паўкруглым верхам. Палацык гэты адным сваім бокам прыточаны да маляўнічага драўлянага аднапавярховіка, відавочна больш старога, але больш-менш годнага, з ганкам, паабапал якога стаяць калоны, звернутым, што важна, на саменькі поўдзень. Убачыўшы такое хараство адзін толькі раз (і тое на здымку), я не магу адмовіць сабе ў жаданні ўбачыць яго ў рэальнасці. Вось і сумяшчаю — жаданне з рэальнасцю.

Даўно, ведаеце, хацелася паехаць туды-невядома-куды, каб толькі выконваліся дзве ўмовы. Першая з іх — магчымасць спыніцца каля вадаёма — каб, па-першае, мець на сняданак свежазлоўленага ляшча ці хоць бы акунькоў, па-другое, чуць хор жабак, пад які — ужо праверана — сняцца найлепшыя летнія сны. Другая ўмова — наяўнасць паблізу «стаянкі» нічыйнага сядзібнага дома, з цэлымі дахам і сценамі, не сапсаванымі нядаўнім мінулым, і з гісторыяй, не абцяжаранай ніякімі прывідамі, — каб найлепшыя летнія сны не спалохаць. Марылася, ведаеце, з аднаго боку, пажыць на ўлонні прыроды, удасканаленай толькі намётам, а з другога — адчуць сябе гаспадарамі сядзібы, няхай сабе толькі на некалькі дзён.

Асобы рэальных, некалішніх гаспадароў мелі пры гэтым значэнне, і немалое. Бо адна справа бавіць свой каштоўны вольны час у сценах, якімі валодалі тыповыя паны Пампалінскія, і зусім іншая — калі сцены гэтыя гістарычна належаць тым, хто, ігнаруючы ўласныя выгоды, накіроўваў пагляды да «зор вялікіх ідэй». Ну і вось. Такая сядзіба знайшлася.

Бываюць жа выпадкі, калі напаўстрачанай гістарычнай спадчыне радуешся больш, чым гэтай стратай абураешся. Бывае нават так, што жаданне перавыконваецца — рэальнасць яго перасягае. Трэба ж было такому здарыцца, каб пошук нічыйнай сядзібы выпадкова, праз сімпатыю да фотаздымка, прывёў да колішняга ўладання дэ Вірыёнаў — сямейства з больш чым вартай гісторыяй кожнай сваёй асобы. Што найбольш прывабна — сярод гэтых асоб сустракаюцца калегі па адукацыі і захапленні. Асаблівае замілаванне ў аднаго з іх, прыродазнаўца Станіслава дэ Вірыёна, выклікалі, бадай, найбольш брутальныя істоты жывога надземнага свету — насякомыя атрада цвердакрылых, папросту — жукі. Ён меў іх вялікую колькасць — і з нашай фаўны, і замежных — у выглядзе ўпарадкаванай калекцыі. З мэтай сістэматызацыі экспанатаў і паглыблення ведаў пра іх пан Станіслаў вёў перапіску з прафесарамі розных нямецкіх універсітэтаў. Лісты ад іх прыходзілі сюды, у Лішкі, значыць, гэтая геаграфічная назва магла выводзіцца і рукой якога-небудзь Вейсмана або Лейдзіга — мужоў, якія, як прынята казаць, пакінулі ў навуцы значны след. Хто ведае, ён мог напісаць нават самому Дарвіну або, скажам, Гекелю, бо тыя былі яго сучаснікамі. Станіслаў дэ Вірыён жыў да 1909 года, значыць, мог быць знаёмым і з нашымі слаўнымі землякамі-натуралістамі братамі Дыбоўскімі — Бенедыктам, які адкрыў самага вялікага жука беларускай фаўны, рагача, ці жука-аленя Lucanus maculіfemoratus, або Уладзіславам, магіла якога знаходзіцца ў Навагрудскім раёне.

Яшчэ ў 1930-я са­лон до­ма Ві­ры­ё­наў у Ліш­ках вы­гля­даў так.

Менавіта энтамолаг Станіслаў дэ Вірыён і пабудаваў гэты дом на манер італьянскай вілы. Два ранейшыя, будаваныя папярэднімі ўладальнікамі, згарэлі — кожны па сваёй прычыне, і мы не ведаем, як яны выглядалі. А Станіславаў архітэктар быў, трэба думаць, з вялікім густам і выдумкай. Не спланаваў нешта новае, а «сплясаў», як ад печкі, ад старой афіцыны. І гэтая драўляная частка так удала спалучылася з новай, каменнай, што... Для ідэальнага падарожжа «стаянка» атрымалася самая што ні ёсць прывабная. Значыцца, мы збіраемся. Я ўжо мару, як увайду ў гэты дом.

Парадным уваходам у яго трэба лічыць ганак драўлянай часткі (так і было), за ім павінны ісці доўгія вузкія сенцы, якія, як пісаў Афтаназы (якога трэба чытаць і перачытваць кожнаму сапраўднаму вандроўніку па Беларусі), упоперак перасякаюць будынак аж да паўночнай сцяны і маюць паабапал сябе на адзін бок два вялікія пакоі, на другі бок — яшчэ два, з якіх адзін — сталовая, другі — канцылярыя. Нават калі ўсё ўжо не так, то ўяўленне — вялікая сіла!

Мне цікава, дзе размяшчалася калекцыя цвердакрылых. Спытаць няма ў каго, але можна ўявіць, што менавіта тут, у канцылярыі. Калекцыя знікла падчас Першай сусветнай, хоць пасля смерці гаспадара нашчадкам яго, пляменнікам Адамам (Станіслаў дэ Вірыён быў бяздзетным), яшчэ зберагалася.

У маіх планах — прывезці з ваколіц сядзібнага дома дэ Вірыёнаў трошкі нашчадкаў тых цвердакрылых, якія былі тут злоўлены паўтара стагоддзя таму. Ці не для гэтай мэты здабыла некалі сачок на бамбукавай ножцы? Застанецца толькі ўспомніць, як «касіла» насякомых у студэнцкія гады ў ваколіцах Шчомысліцы — каб назбіраць абавязковыя паўсотні экзэмпляраў для заліку па заалогіі беспазваночных. Настальгія!

У каменнай частцы дома размяшчаліся салон, спальня, зімовы сад... Сцены былі гладкія, фарбаваныя ў белы колер. Мой любімы! І белы ж колер мелі печы, абкладзеныя кафляй. Кажуць, печы яшчэ стаяць. Кажуць таксама, што мясцовыя жыхаркі за домам прыглядваюць. Значыць, чакаюць нас!

А вежа, якая ўзносіцца над паўночна-заходняй часткай дома? Яна мае вінтавую лесвіцу. Рамантыка!

Галоўная прыкмета ідэальнага падарожжа — тое, што яно яшчэ будзе. Як усё складзецца — хто ведае... Рэчка, прынамсі, не вельмі блізка і не зусім для рыбнай лоўлі. Але мы збіраемся: шэры навігатар Арчы і вясёлая сямейка ў шэрым «шатле», загружаным, як заўсёды, пад самы дах. Палатка, лодка, рыдлёўка, турыстычная плітка... Стол, зэдлікі, кацялок, халадзільнік, талеркі... Хоць, як пішуць гістарычныя даведнікі, у маёнтку дэ Вірыёнаў налічвалася некалі тры шынкі і чатыры карчмы.

Пажадай нам, чытач, удалага падарожжа. А калі вырашыш рушыць услед — там сустрэнемся!


Рамантыкам

Ка­раль Юзаф дэ Ві­ры­ён — пер­шы дэ Ві­ры­ён на бе­ла­рус­кай зям­лі.

Дзед Станіслава дэ Вірыёна, дом якога ў Лішках мы вырашылі наведаць, меў імя Караль Юзаф. Нарадзіўся ў Францыі, у Нансі, і прыехаў на нашу зямлю, каб застацца тут урачом — спачатку лекарам нясвіжскіх Радзівілаў, пасля доктарам Гродзенскай каралеўскай эканоміі і выкладчыкам хірургіі і анатоміі ў тамтэйшай медакадэміі, заснаванай па загадзе Тызенгаўза Жанам Эмануэлем Жыліберам, з якім, як з земляком-французам, запрыязніўся. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Караль Юзаф захацеў застацца на нашай зямлі. А ў 1812-м рушыў на Маскву з польскім пяхотным корпусам арміі Напалеона ў якасці галавы ваеннага шпіталя. Напалеон уласнаручна ўручаў яму за гэта ордэн Ганаровага Легіёна. А пасля доктара дэ Вірыёна расійскія ўлады павінны былі рэпрэсіраваць, але памілавалі. Памёр ён праз пяць гадоў пасля таго, і не ў Лішках, а на Случчыне, дзе таксама меў нейкае жытло. Пахавалі яго ў Нясвіжы, куды ён першапачаткова са сваёй Францыі і прыехаў, — на манастырскіх могілках. І, кажуць, у гонар аб напалеонаўскай старонцы яго жыцця існаваў пасля ў доме ў Лішках «пакой Напалеона». Так было тады модна — кумірам прысвячаць пакоі ў доме.

Пра тое, што Караль Юзаф дэ Вірыён быў масонам, захавальнікам пячаткі ложы «Шчаслівае вызваленне», можна і не пісаць: хто з нашых, беларускіх французаў таго часу, ды яшчэ сяброў Жылібера, не быў масонам?

Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: Ідэальная вандроўка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.