Вы тут

Знос Асмалоўкі не зацвердзілі


Праект дэталёвага планавання забудовы ў межах сталічных вуліц Старавіленская—Кісялёва—Куйбышава—Камуністычная, які прадугледжваў знос Асмалоўкі, не прыняты да зацвярджэння. Рашэнне прыняў архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктару Мінска.


Праект плана забудовы прадугледжваў ажыццяўленне работ у два этапы. На першым — да 2020 года — пабудаваць жылы дом у раёне вуліцы Старавіленскай, а на другім — пасля 2020-га — знесці пасляваенныя двухпавярховыя дамы, якія сёння з'яўляюцца візітоўкай Асмалоўкі, і пабудаваць на іх месцы новыя жылыя комплексы з гандлёва-адміністрацыйнымі аб'ектамі. Праект выклікаў гучны грамадскі рэзананс, яго абмеркаванне з удзелам жыхароў Асмалоўкі, грамадскіх актывістаў, гісторыкаў і проста нераўнадушных грамадзян на розных узроўнях доўжылася амаль месяц. У ходзе абмеркавання ўладам паступіла больш як 60 зваротаў, у тым ліку калектыўных, а свае подпісы пад петыцыяй супраць зносу двухпавярховікаў пакінулі больш як 7 тысяч чалавек (пры гэтым насельніцтва самой Асмалоўкі, па падліках спецыялістаў, каля 2 тысяч).

— Мы ўважліва сачылі за правядзеннем грамадскага абмеркавання, і для нас вельмі важным было меркаванне грамадскасці, — цытуе БЕЛТА галоўнага архітэктара Мінска Паўла ЛУЧЫНОВІЧА. — Думаем, што дачасна рэалізоўваць праектныя рашэнні дэталёвага плана.

Так, па словах галоўнага архітэктара, у план забудовы будуць унесеныя змены. Паводле рашэння архітэктурна-горадабудаўнічага савета плануецца разгледзець дадатковыя матэрыялы, правесці аналіз фізічнага стану жылых будынкаў. Таксама члены савета падтрымалі ідэю аб правядзенні адкрытага міжнароднага конкурсу на эскіз рэканструкцыі гэтай важнай тэрыторыі. Прапанова пераможцы і ляжа ў аснову будучага дэталёвага плана. Таксама застаецца актуальнай тэма вызначэння ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

— Натуральна, Асмалоўка будзе развівацца. І зараз важна наладзіць дыялог паміж уладай, архітэктурнай грамадскасцю і жыхарамі Асмалоўкі, вызначыць, якім будзе раён. Гэта важная частка сталіцы, дзе ёсць свая аўра, атмасфера, але яна знаходзіцца ў ядры горада і патрабуе пераасэнсавання, — лічыць Павел Лучыновіч.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Знішчыць нельга кансерваваць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.