Вы тут

Знойдзена пячатка Ефрасінні Полацкай ХІІ стагоддзя


Падчас пашукова-археалагічных работ каля паўднёвай сцяны Спаса-Праабражэнскага храма Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра была знойдзена пячатка Ефрасінні Полацкай ХІІ стагоддзя.


Гэту знаходку зрабіў Аляксандр Салаўёў, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага музея-запаведніка. Навуковае кіраўніцтва раскопкамі ажыццяўляюць навукоўцы з Беларусі і Расіі, яны і далі першыя каментарыі.

— Гэта віслая пячатка, такія звычайна да дакументаў таго часу прымацоўвалі, каб іх ніхто не прачытаў. Унутры прапускаўся шпагат, — расказаў Аляксандр Салаўёў. — Яе адшукалі ў знойдзенай гэтым летам грабніцы-араксоліі.

Старшы навуковы супрацоўнік Эрмітажа (Санкт-Пецярбург) Яўген Торшын адзначыў:

— Слой разбурэнняў, які складаўся з рэшткаў цэглы, друзу, пакрываў увогуле ўвесь раскоп. Сама грабніца з пячаткай ніяк не звязана. У 2015 годзе ў непасрэднай блізкасці ад гэтай пячаткі была знойдзена і іншая — яе адшукалі на ўчастку, дзе праходзіла калісьці сцяна ХІІ стагоддзя. Сцяна была рассечана і знішчана пры дэмантажы галерэй. Верагодна, тады нейкія слаі, што знаходзіліся пад падлогай, папалі ў засыпку.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Іна Калечыц удакладніла:

— Знойдзеная цяпер пячатка вельмі адрозніваецца ад першай па якасці выканання, па тэхніцы. Вельмі тонкая работа. Гэта пячатка двухбаковая. З аднаго боку мы бачым выяву прападобнай Ефрасінні Александрыйскай — патранэсы, заступніцы Ефрасінні Полацкай. Мы бачым востры куколь у яе на галаве. У адной руцэ яна трымае крыж, другой дабраслаўляе. І надпіс з абодвух бакоў выявы «Іефрасіння». Калі пішацца пра саму прападобную Ефрасінню Полацкую — пішацца «Афрасіння», верагодна, каб адрозніваць. Афрасіння — так хутчэй за ўсё яе называлі. Па крузе ішоў надпіс, які павінны быў чытацца як «Госпадзі, дапамажы рабе тваёй Афрасінні на многія леты». Застаўся толькі невялікі кавалачак «на многія леты». Астатні надпіс і лік былі наўмысна сапсаваны нейкім спецыяльным інструментам. Магчыма, атрымаўся не вельмі добры адбітак пячаткі. З другога боку змяшчаецца выява Хрыста Збавіцеля «Пантакратар», якая амаль цалкам супадае з выявай, што знаходзіцца ў Спаса-Праабражэнскім храме Полацкай абіцелі на фрэсцы. Такім чынам, гэта і пячатка прападобнай, і пячатка манастыра.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пячатка Ефрасінні

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.