Вы тут

Прэзідэнт даручыў стварыць мадэль электрамабіля, параўнальную з Tеslа


Прэзідэнт даручыў стварыць мадэль электрамабіля, параўнальную з Tеslа

Учора ў двары Палаца Незалежнасці тэсціравалі... гэты сусветна вядомы аўтамабіль. Абсалютна бязгучны рухавік і невялікі дадатковы багажнік пад капотам, а яшчэ — магчымасць літаральна імгненна разганяцца да 200 кіламетраў у гадзіну! Tеslа сёння — легендарнае аўто, але пройдзе не так шмат часу — і айчынны аўтапром зможа скласці ёй канкурэнцыю. Гэта сцверджанне — не фантастыка.


З дакладам да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі завіталі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, міністр прамысловасці Віталь Воўк і распрацоўшчыкі айчыннай мадэлі электракара.

— Гутарка пойдзе пра дастаткова актуальны і перспектыўны кірунак нашай эканомікі, без перабольшвання можна сказаць — і нашай дзяржавы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку размовы і ўдакладніў: — Калі, натуральна, мы не будзем спаць у шапку і не адстанем. Мы рэалізуем шэраг буйных нацыянальных праектаў, кантроль за імі здзяйсняе спецыяльны памочнік. Адзін з такіх праектаў — будаўніцтва ўласнага завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў — за кошт крэдытаў Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Другі нацыянальны праект — атамная электрастанцыя, якая дазволіць дзяржаве замясціць пяць мільярдаў кубоў прыроднага газу і стварыць прафіцыт электрычнай энергіі.

— На шчасце, мы папалі ў плынь, — канстатаваў кіраўнік краіны. — Сённяшні трэнд у свеце — гэта чыстыя тэхналогіі. Гэта чыстыя аўтамабілі, чыстыя рухомыя саставы... Гэта замена вуглевадародаў на чыстае паліва. Электрычнасць якраз з'яўляецца падобным палівам, не мне вам тлумачыць.

У сувязі з гэтым некалькі гадоў таму назад Прэзідэнтам была пастаўлена задача, каб у краіне пачалі прыстасоўвацца да гэтых дабротаў. А іх Беларусь атрымае літаральна праз два гады — з уводам у дзейнасць БелАЭС.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ва ўсім свеце аўтамабілебудаўнікі актыўна займаюцца распрацоўкай электракараў. Ён прывёў у прыклад Вялікабрытанію, якая прыняла рашэнне да 2030 года адмовіцца на сваёй тэрыторыі ад аўто з рухавіком унутранага згарання.

А канцлер Германіі нядаўна заявіла, што ў краіне будуць выпускаць толькі гібрыдныя аўтамабілі з двума рухавікамі: унутранага згарання і электрарухавіком.

— Амерыканцы нічога нікому не кажучы стварылі супераўтамабіль, — канстатаваў Прэзідэнт. — Я яго так і называю. Малайцы. Tеslа стварыла цудоўны электрамабіль.

Прэзідэнт расказаў, што Tеslа — гэта трэці аўтамабіль, які яму давялося тэсціраваць.

— Я вам раскрываю ўсе карты: гэта маё хобі з даўніх даўніх часоў, — прызнаўся Прэзідэнт. — Я сачу за развіццём гэтай галіны. І калі мы ўжо стварылі свой аўтамабіль — а Gееlу будзе добрым аўтамабілем з рухавіком унутранага згарання, вельмі добрым: і па цане, і па якасці. Гэта наш аўтамабіль. Тут будзе сэрвіс, тут будуць запасныя часткі. Мы стварылі і народны, і vір-аўтамабіль. І для багатых, і для бедных. Але гэта першая ступень. Можна сказаць ужо ўчарашняга дня.

Цяпер жа, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, нам патрэбен айчынны электрамабіль.

— Можа быць, на тым заводзе, можа быць, асобна. Будзеце вы з амерыканцамі, з немцамі яго ствараць, з англічанамі — ваша справа. Вы павінны мне ў найбліжэйшы час унесці прапановы. Вы стварылі свой фактычна доследны ўзор — я не скажу, што гэта электрамабіль — доследны ўзор электрамабіля. Я з ім уважліва азнаёміўся. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень гэтага рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае знешне прыстойна. Узровень нашага ўзору ў параўнанні з Tеslа — безумоўна, пра гэта яшчэ складана казаць, таму што шмат чаго вам трэба яшчэ дапрацоўваць, перапрацоўваць. Але вашы абяцанні мяне натхняюць і, з іншага боку, насцярожваюць.

Так, калі мы можам стварыць і батарэю-назапашвальнік электраэнергіі, якая зараджаецца, а потым аддае гэтую электрычнасць, то чаму мы яе не ствараем?

— Што для гэтага патрэбна? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Людзі, грошы, кампетэнцыя? Не марудзячы трэба гэта рэалізоўваць. Ніхто ў найбліжэйшай будучыні не будзе купляць масава, як гэта было раней, аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання.

Звярнуў увагу кіраўнік краіны і на іншыя распрацоўкі айчынных канструктараў:

— Наступны кірунак — электравеласіпеды, электраматацыклы. У нас гэта прадпрыемства ёсць. Вы можаце гэта ўжо рабіць. Трэба хутчэй запускаць — правільна вы кажаце, для вёскі адзін варыянт, для горада — другі варыянт...

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам усе яе ўдзельнікі змаглі азнаёміцца з той самай Tеslа, якую тэсціраваў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, падчас знаёмства з тэсціруемай мадэллю Tеslа на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, расказаў, што айчынны ўзор электрамабіля трэба яшчэ ўдасканальваць «у плане зарадкі акумулятара, магутнасці, праходнасці». Пакуль наша мадэль можа ехаць на хуткасці 100—120, стаіць задача дабіцца хуткасці ў 150 і вышэй кіламетраў у гадзіну.

На­дзея ЮШ­КЕ­ВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пераходзім на электрычнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.