Вы тут

Прыватнікі на палях. Рэнтабельна?


Якое месца яны займаюць у сельскай гаспадарцы краіны.

Хочаш зразумець, якое ўражанне твая краіна сапраўды робіць на гасцей — паразмаўляй з замежнікамі. Як правіла, часцей за ўсё нас асацыююць з машынабудаўнічым цэхам, таннымі (па еўрапейскіх мерках) і ў той жа час даволі якаснымі праграмістамі і высакаякаснай сельскагаспадарчай прадукцыяй. Кажучы аб апошнім кірунку, варта адзначыць, што гэта сёння найбольш папулярная асацыяцыя. За мяжой добра ведаюць «на смак» тое, над чым працуюць перадавыя беларускія прадпрыемствы. Аднак не ўвесь сектар належыць дзяржаве. Як і ў многіх цывілізаваных краінах, у нас ствараюцца ўмовы і для прыватнай ініцыятывы ў сельскай гаспадарцы. Больш падрабязна пра гэта расказала начальнік аддзела рэфармавання прадпрымальніцтва і малых формаў гаспадарання Мінсельгасхарча Наталля Занько.


Пакуль што толькі два працэнты

Малыя і сярэднія формы гаспадарання ў аграрным сектары краіны прадстаўлены двума відамі: прыватныя фермерскія гаспадаркі і ўласныя падсобныя гаспадаркі грамадзян. Першыя сёння — найбольш масавыя прадстаўнікі малога прадпрымальніцтва ў аграрным сектары. Сёлета на першае студзеня ў краіне зарэгістравана 3066 фермерскіх гаспадарак, з якіх сельскагаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць 84%.

Наталля Занько адзначае, што фермерскі сектар з'яўляецца адным з тых, што найбольш дынамічна развіваюцца. «Агульная плошча зямель, якія аддалі для апрацоўкі прыватным прадпрымальнікам з 1995 па 2016 год, пашырылася ў тры разы і на 1 студзеня склала 194,5 тысячы гектараў. Зараз на адну фермерскую гаспадарку прыходзіцца ў сярэднім каля 70 гектараў зямлі», — расказала эксперт.

У вытворчай дзейнасці фермерскіх гаспадарак назіраецца ўстойлівы рост прадукцыі раслінаводства. Аднак пры гэтым у 2016 годзе фермерскімі гаспадаркамі выраблена толькі крыху больш за два працэнты сельгаспрадукцыі. «Вырашчана больш за 150 тысяч тон збожжа, каля 350 тысяч тон бульбы і столькі ж гародніны. Пладоў і ягад — амаль 44 тысячы тон. Сёлета на першае студзеня ў фермерскіх гаспадарках змяшчалася 14,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 30,7 тысячы свіней, 17,7 тысячы галоў авечак, 119 тысяч птушак усіх відаў. Летась вытворчасць малака ў параўнанні з папярэднім перыядам узрасла на 9%, жывёлы і птушкі ў жывой вазе на 2,8%», — растлумачыла Наталля Занько.

Гатовы падтрымаць

Фермерам даводзіцца сутыкацца з вялікай колькасцю праблем у вырошчванні ўраджаю. Для іх сёння вельмі актуальная дзяржаўная падтрымка. «На дзяржаўным узроўні летась выдзяляліся льготныя крэдыты на суму 176,1 тысячы рублёў. У ходзе рэалізацыі Указа Прэзідэнта №146 «Аб фінансаванні і закупцы сучаснай тэхнікі і абсталявання» з фермерскімі гаспадаркамі заключана на ільготных умовах 63 дагаворы лізінгу», — праінфармавала спецыяліст.

Па яе словах, у гэтай пяцігодцы развіццё фермерскага сектара вызначана прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу. Асноўным мэтавым паказчыкам гэтай праграмы вызначаны індэкс вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, які да 2020 года павінен скласці 282,5% да 2011 года. Акрамя таго, прадугледжваецца стварыць у фермерскім сектары дадаткова не менш за 3,5 тысячы працоўных месцаў і павялічыць колькасць работнікаў прыватных гаспадарак да 12,5 тысячы чалавек. Сёлета ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў па фінансаванні фермерскіх гаспадарак з рэспубліканскага бюджэту прадугледжана выдзеліць 635 тысяч рублёў. «Таксама фермерскія гаспадаркі ў нас удзельнічаюць не толькі ў праграме падтрымкі малых формаў гаспадарання, але і ў іншых. Напрыклад, у дзяржпраграме развіцця аграрнага бізнесу», — нагадала Наталля Занько.

Акрамя таго, для фермерскіх гаспадарак дзяржавай прадугледжаны ўскосныя меры падтрымкі. На працягу трох гадоў з дня іх рэгістрацыі яны вызваляюцца ад выплаты падаткаў, збораў пошлін у частцы дзейнасці па прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. За фермерскімі гаспадаркамі таксама захавана права на выплату адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Навошта весці гаспадарку, калі ёсць крама?

Колькасць прыватных падсобных гаспадарак, на жаль, памяншаецца. У пачатку гэтага года іх налічвалася 997 тысяч, але аб'ём пасяўных плошчаў пад іх летась у параўнанні з 2015 годам скараціўся на 2,1%. «Скарачэнне ідзе і па буйной рагатай жывёле, свінням і птушцы. Гэта можна звязаць з даступнасцю прадуктаў харчавання для сельскага насельніцтва ў крамах і адсутнасцю неабходнасці з-за гэтага займацца ўласнай падсобнай гаспадаркай», — растлумачыла спецыяліст. У Мінсельгасхарчы за гэтай тэндэнцыяй назіраюць і імкнуцца стварыць умовы, якія б падштурхнулі грамадзян займацца гаспадаркай. Так, у рамках дзяржпраграмы ім аказваецца падтрымка ў выглядзе выплаты надбавак на вырабленую прадукцыю.

Пры гэтым сёння для фізічных і юрыдычных асоб захоўваюцца нішы, якімі не займаюцца буйныя дзяржаўныя гаспадаркі. Сюды можна аднесці вырошчванне ягад, іх збор. Не менш цікавым кірункам застаецца развіццё страусавых фермаў.

Дзяржава гатова і выдзеліць неабходную зямлю. «Для вядзення фермерскай гаспадаркі грамадзянам выдзяляецца зямля з фонду запасу. Калі гэты фонд адсутнічае, то фермерам могуць адмовіць, але гэтага практычна не бывае. Можа быць і такая сітуацыя, што фонд запасу мае землі, якія нязручныя па размяшчэнні для фермера. Аднак зямлю гатовыя даць практычна ўсім і заўсёды. Было б жаданне працаваць», — рэзюмавала Наталля Занько.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?