Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду з сілавікамі


На якой быў разгледжаны шырокі спектр пытанняў.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўчора сустрэўся з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, праваахоўных органаў і ведамстваў сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі.


Арыфметыка ўраджаю

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што месяц таму на рабочай нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржсакратарыята ён ставіў канкрэтныя задачы перад сілавымі ведамствамі, — забяспечыць жорсткі кантроль за ходам уборачнай кампаніі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: ніякага вяртання да савецкай сістэмы тут няма.

— Гэта нядбайнасць нам потым дорага абыходзіцца, — канстатаваў ён. — Можаце палічыць: калі б мы згубілі, як у нас заўсёды плануюць вяскоўцы і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, 10% ураджаю — гэта, маўляў, натуральная страта... Ну і з 10 мільёнаў сабранага — колькі б мы згубілі? Мільён тон. Памножце на 200 долараў прыкладна — сусветная цана...

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў праваахоўнікаў, пракуратуры, што іх турбавала падчас уборкі, на што трэба будзе звярнуць увагу.

За свае грошы трэба змагацца

Эканамічная бяспека — не менш важная. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на «неабходнасць пастаяннага і актыўнага ўдзелу дзяржорганаў у сістэме гарантавання нацыянальнай бяспекі ў развіцці эканомікі».

— Прычым справа, зноў жа, не ў закручванні гаек, — дадаў кіраўнік краіны. — Ніякіх гаек мы закручваць не збіраемся. У сувязі з гэтым яшчэ раз трэба звярнуць увагу на прапрацоўку крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Усё лішняе прыбраць. Гэты працэс ідзе.

Як адзначыў Прэзідэнт, устарэлыя нормы нам у заканадаўстве не патрэбны. У сваю чаргу, новыя нормы павінны садзейнічаць развіццю эканомікі.

Наша дзяржава праводзіць актыўную экспартную палітыку. Але, на жаль, не заўсёды за прададзеную прадукцыю нашы прадпрыемствы атрымліваюць грошы своечасова.

— Генеральнаму пракурору былі даручэнні па дэбіторскай запазычанасці, па выплаце заработнай платы — узяць на кантроль, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Спытаў кіраўнік краіны і пра зарплаты. Так, на кожным прадпрыемстве яны павінны выплачвацца своечасова — без варыянтаў.

Нападаць ні на кога не збіраемся

14 верасня пачнуцца сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017». Якая сітуацыя ў гэтым плане?

— Ёсць армія, ёсць сумесная групоўка, узброеная на заходнім кірунку Беларусі і Расіі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А раз яна існуе — мы ні ад кога гэтага не ўтойвалі, мы яе будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак. Нападаць яны ні на кога не збіраюцца.

Прэзідэнт нагадаў, што паназіраць за вучэннямі ў Беларусь запрасілі ўсіх ахвотных.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што на нарадзе ён таксама хацеў бы абмеркаваць такія тэмы, як правы непаўналетніх, папярэджанне выпадкаў гвалту ў сем'ях, злоўжыванне алкаголем.

У тэму

Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, расказаў пра працу сілавікоў падчас уборачнай кампаніі:

— Праведзены немалыя работы па многіх гаспадарках. Мэта была адна — прадухіліць безгаспадарлівасць, выпадкі крадзяжоў, забяспечыць захаванасць і ўраджаю, і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, кантроль за эксплуатацыяй тэхнікі... Можна адзначыць, што першы этап уборачнай кампаніі ў краіне прайшоў дастаткова арганізавана. Тая работа, якую праводзілі праваахоўныя органы, дала свой рэзультат: у гэты перыяд мы пазбеглі сур'ёзных здарэнняў, істотных страт ураджаю.

Па эксплуатацыі машын у нас адзначана дзевяць выпадкаў узгарання тэхнікі ў палях. Па кожным выпадку ідзе разбор. Акрамя гэтага, былі выпадкі ўзгарання і сховішчаў, і сушылак.

Аляксандр Канюк, генеральны пракурор, адзначыў, што такая з'ява, як пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць мае месца быць з-за некарэктнай працы замежных тавараправодных сетак. Гэтая запазычанасць перад айчыннымі прадпрыемствамі сёння складае больш за 500 мільёнаў долараў!

— Гэта праблема, відаць, усё-такі кампетэнцыі кіраўнікоў тавараправодных сетак, іх добрасумленнасці, — лічыць генеральны пракурор. — Прэзідэнт даручыў пад эгідай Дзяржсакратарыята Генеральнай пракуратуры і Савета Міністраў гэтае пытанне прааналізаваць і прадставіць сваё бачанне. Шмат праблем у дзейнасці тавараправоднай сеткі, у тым ліку крымінальнага характару.

Андрэй Раўкоў, міністр абароны, гаворачы пра блізкія беларуска-расійскія вучэнні, заявіў:

— Падрыхтоўка вучэнняў увайшла ў сваю завяршальную фазу. Таму мы кажам пра тое, што органы кіравання і войскі да выканання задач гатовы. Для гэтага створаны неабходныя групоўкі ў раёнах выканання вучэбна-баявых задач. Гэтымі раёнамі будуць з'яўляцца шэсць палігонаў Узброеных Сіл і два ўчасткі мясцовасці.

Што да трывогі, якую выказваюць суседнія дзяржавы з-за мерапрыемства, то міністр запэўніў: гэта часова.

— Калі мы праводзім у Мінску парад, таксама вельмі шмат пішуць, расказваюць розныя жахі і іншае. Парад заканчваецца — і пісаць перастаюць. Тое ж будзе і пасля вучэнняў, — упэўнены Андрэй Раўкоў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ад жніва да вучэнняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.