Вы тут

Постаць Максіма Танка за лініяй небасхілу


Мой бацька, паэт Леанід Дранько-Майсюк, вельмі любіць дакументальна-праўдзівы фільм пра апошнія дні Гітлера «Бункер» і заўсёды знаходзіць час яго перагледзець. Захапляецца стужкамі Джэкі Чана, бо ў гэтых кунфу феерыях усю небяспечную акрабатыку (часам з сапраўдным ламаннем рук і ног) робіць без падману сам выканаўца галоўнай ролі.


«Нашае жыццё напоўненае маной, але цяжка даць пэўны адказ добра гэта ці кепска. Вядома толькі адно: падман недапушчальны ў мастацтве. Таму і ёсць сэнс складаць вершы, пісаць прозу, здымаць фільмы, бо толькі ў гэтай умоўнай прасторы можна жыць без падману», — любіць паўтараць ён словы Максіма Танка. У пачатку 1990-х тата быў рэдактарам яго апошняй кнігі «Errata», бываў у паэта дома. Шмат гутарыў з ім, увечары пераказваў мне пачутае. Гэта былі сапраўдныя авантурна-прыгодніцкія апавяданні пра маладога аўтара паэмы «Нарач», які хаваўся ад шпікоў, падманваў польскі суд, дурыў паліцыю, не прапускаў ніводнай кінапрэм’еры, захапляўся Чурлёнісам і Кандзінскім.

Калі па тэлевізары паказвалі стужку Джэймса Уэйла «Нявеста Франкенштэйна», мы абавязкова глядзелі, бо гэта «любімы фільм Максіма Танка». Калі па радыё гучала опера Манюшкі «Страшны двор», слухалі менавіта арыю Ганны, якая «натхняла паэта». Аднойчы каля пад’езда нас абступілі некалькі мордаваротаў, адзін з іх дастаў кастэт. Бацька, не крануўшыся з месца, марудна надзеў скураныя пальчаткі, затым гэтак жа няспешна паклаў руку ў кішэню. Яго спакойна-суровы выгляд астудзіў хуліганаў: «Чё, боксер, что ли?.. Ладно, братан, лады…». Калі яны разышліся, тата падміргнуў мне: «Метад Максіма Танка! Бачыш, спрацаваў! Тое ж самае здарылася з ім на адной з начных віленскіх вулачак, калі паэт ішоў на спатканне да будучай жонкі. Як маеш пры сабе скураныя пальчаткі і ўмееш захоўваць спакой — пераможаш, так ён мяне вучыў, сынку, і, як бачыш, не зманіў».

Уплываў Максім Танк і творча. Верш «Марк Шагал» (1977 г.) праз пяць гадоў натхніў бацьку на стварэнне паэмы «Віцебск. 1922», у якой Шагал раіць п’янаму матросу-рэвалюцыянеру ісці заваёўваць Еўропу… гуляючы па небе.

Любоў Максіма Танка да прадметнавыразнай паэзіі, у якой звычайным рэчам надаецца гратэскна-нечаканае, метафарычна-парадаксальнае значэнне, — блізкая і ранняму ДранькоМайсюку.

Максім Танк у адным са сваіх вершаў гэтак экспрэсіўна апісвае... вітрыны магазінаў:

 Як флейты бутэлькі з віном,

Як бандуры вэнджаныя кумпякі,

Як бубны паджарыя булкі,

Як барабаны бочкі з селядцамі,

Як смыкі скрыпак салямі..."

У маладога Дранько-Майсюка: «...дубальтоўкі на плячы, / Як сцёгны знішчанай жывёлы...»; «Шэрая торба падобна / На забітага зайца»; «...сад падобны да сабакі...»; «Лімонныя, як пальцы негра, / Струмені малака цякуць...».

А перачытайце паэму ДранькоМайсюка «Кола», якой так захапляўся Міхась Стральцоў. Шалёная дынаміка, дзе людзі, прадметы, сама прырода разам з «цяжкім трамвайным колам» рухаюцца, круцяцца з усё большай і большай хуткасцю, іранічныя партрэты паліцыянтаў, якія бароняць ад кола «крыж і Варшаву», — усе гэта настраёва і эстэтычна еднасна ранняй паэзіі Максіма Танка, якая па сваёй імклівасці нагадвае полечку.

Дарэчы, полька — любімы танец абодвух паэтаў. Нездарма Максім Танк з усіх танцаў аддаваў перавагу ёй. Нездарма менавіта Дранько-Майсюк напісаў тэкст да песні «Полька беларуская». Імкненне гэтых творцаў насычаць свае раннія вершы і паэмы несупынным рухам мае, аднак, і пэўныя адрозненні. У Максіма Танка ўсё ж такі дзейнічае закон прыцягнення — шагалаўскай бязважкасці тут мы не знойдзем: цыганскі конь «цяжка брыдзе», у Рыа-дэ-Жанейра менавіта па моры «прыйшоў» параход, «ашалелыя, з грывай агню цягнікі павязлі восень з вёсак у горад» строга па рэйках, ніяк іначай. Ну, а ў Дранько-Майсюка «...над пляцам кружыліся дошкі...», «да бруку ляцелі крыжы і цвікі, сцягі караблёў і ўчарнелыя ванты», з лёгкасцю пушынкі «гранітная качка ляцела».

2.

Калі Максіма Танка не стала, мой бацька пачаў ездзіць у Вільню. Ён хадзіў па тых жа мясцінах, дзе бываў яго любімы паэт, знаходзіў у архівах не чытаныя іншымі даследчыкамі дакументы, так ці іначай звязаныя з асобай Максіма Танка, знаёміўся са старымі віленчукамі, якія памяталі «часы Пілсудскага». Па вечарах адпачываў у кавярні, піў піва (Максім Танк, дарэчы, не любіў гэты напой) і слухаў гурт «AC/DC», чыя музыка сугучная рытму ды экспрэсіі віленскіх зборнікаў «На этапах», «Журавінавы цвет», «Пад мачтай».

Дранько-Майсюк пісаў, што «…бачыў Максіма Танка ў старасці, але заўсёды хацеў убачыць яго маладым, дваццацігадовым, якім ён быў у першую сваю турэмную палову 1930-х».

У выніку гэтых паездак нарадзілася ўнікальная кніга «…Натуральны, як лінія небасхілу», якую аўтар вызначыў жанрава «архіўнай прозай». Кніга выйшла па часе вельмі ўдала — на пачатку верасня, за некалькі тыдняў да 105-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка і амаль за месяц да 60-годдзя яе аўтара. У аснову леглі паліцэйскія допыты, пратаколы, турэмныя рахункі, пракурорскія запіскі, паказанні зняволеных. Нягледзячы на гэты акіян дакументаў, кніга не ўспрымаецца цяжкаважным гістарычным опусам.

Перад намі — дакладны па фактах, займальны па змесце, унікальны па форме твор пра адзіночку, які са здзіўляльнай смеласцю і артыстызмам змагаецца з судовай сістэмай Пілсудскага і… перамагае! Амаль галівудскі сюжэт!

Праз усе 27 раздзелаў кнігі (серыял!) мы сочым, як падступны пракурор Пятроўскі і яго армія памагатых (ад недалёкіх паліцыянтаў да ўедлівых графолагаў) хочуць схапіць і заняволіць юнага паэта. Абставіны ўскладняюцца і тым, што ў рукі паліцыі трапляе запісная кніжка Браніслава Тарашкевіча, дзе згадваецца сапраўднае прозвішча Максіма Танка — Скурко…

Пісьменнік, як сапраўдны рэжысёр, з такой выразнасцю і напорам манціруе свой матэрыял, што ўзнікае ўражанне, быццам гартаеш не кнігу, а глядзіш кіно, якому пазайздросціў бы і Олівер Хіршбігель, стваральнік ужо згаданага намі «Бункера».

3.

Я чытаў гэтую аповесць, захапляўся непрыдуманым жыццяпісам галоўнага героя і ўспамінаў, як бацька смяяўся з прыхільнікаў бяздумнай апалагетыкі ўсёй без разбору беларускай літаратуры і засмучаўся агрэсіўным выпадам супраць «савецкіх» твораў Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, таго ж Максіма Танка.

Разважаючы ў сваёй кнізе пра апалагетыкаў, Дранько-Майсюк цытуе Максіма Танка: «…Наш засцянковы патрыятызм узвёў у сан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі…».

Тым, хто не прымае ўсё савецкае, прысвечаны наступныя радкі: «Я ўжо неаднойчы заўважаў, як сапраўдны мастак ператвараецца ў аб’ект злой крытыкі толькі за тое, што ў нядаўнім мінулым быў аблашчаны ўладай; “савецкая” біяграфія такога мастака няўпынна прамацваецца, лепшыя творы не прымаюцца пад увагу».

Аўтар зайздросціць высокаму ўзроўню ўсходніх і заходніх калег, якія выдаюць шыкоўныя, пазбаўленыя інтэлектуальнай беднасці кнігі пра сваіх творцаў. І сумуе, што з часоў Міхася Зарэцкага ў Беларусі мала што змянілася.

Прымаць паэта такім, які ён ёсць, ствараць на аснове яго твораў і жыццяпісу сваю адметную архіўную прозу — вось чаго не хапае Леаніду Дранько-Майсюку як чытачу ў нашай сённяшняй літаратуры. Вось пра што яго кніга «...Натуральны, як лінія небасхілу». Ён марыць (хаця гэтыя мары ўсё больш і больш працінае ягоны ж скепсіс), каб сённяшні беларускі інтэлігент быў такім жа, як і малады, смелы, дзівосны Максім Танк, каб наш сучаснік стаў нарэшце «...натуральным, як лінія небасхілу».

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК, малюнак аўтара

 

Каментары

Напісана бліскуча! Цікава, нечакана, арыгінальна, з любоўю! Віншую "ЛіМ" з такім выдатным аўтарам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.